Ахой, Кралавецкі край! Чэхі «востраць зубы» на Калінінградскую вобласць


Нязграбныя спробы Расеі анексаваць кавалак суседняй дзяржавы прывялі да таго, што «патроліць» Крэмль вырашылі таксама чэхі. Нацыя, якая кожны дзень вітаецца марскім воклічам «ахой», гадамі падсвядома марыла атрымаць нарэшце выхад да мора. У інтэрнэце зʼявілася петыцыя аб далучэнні да Чэхіі Калінінградскай вобласці, на якую, як высветлілася, яны маюць пэўныя гістарычныя правы.

Чэшскае мора ў Гамбургу і Шчэціне

Чэхі не ўпершыню спрабуюць ажыццявіць сваю вялікую марскую мару. Версальская дамова, падпісаная ў 1919 годзе, уключала палажэнні, якія гарантавалі доступ Чэхаславакіі да інфраструктуры двух нямецкіх партоў – Гамбурга і Шчэціна. У артыкуле 363 дамовы гаварылася:

«У партах Гамбурга і Шчэціна Нямеччына перадае ў арэнду Чэхаславацкай дзяржаве тэрмінам на 99 гадоў месцы, на якія распаўсюджваюцца правілы аб свабодных зонах, для непасрэднага транзіту тавараў, якія ідуць з гэтай дзяржавы або накіроўваюцца ў яе».

Калінінградскі порт, ілюстрацыйны здымак.
Фота: Vitaly Nevar / TASS / Forum

Пасля Другой сусветнай вайны, калі не было яшчэ ясна, павінен Шчэцін адысці да Польшчы ці да Нямеччыны, існавалі планы аддаць горад Чэхаславакіі ў абмен на тэрытарыяльныя саступкі Польшчы. У рэшце рэшт Іосіф Сталін асабіста вырашыў, што ён будзе прысуджаны Польшчы – і так чэшская мара пра мора на доўгія гады была пахаваная. Аднак неўзабаве пасля вайны на аснове двухбаковых пагадненняў паміж Польшчай і Чэхаславакіяй у Шчэцінскім порце была створаная свабодная чэхаславацкая зона – Чэхаславакія атрымала ва ўласнае карыстанне прыстань з прылеглай тэрыторыяй.

Для выкарыстання ракі Одра 12 мая 1948 года было створанае «Чэхаславацкае параходства на Одры» са штаб-кватэрай ва Уроцлаве і філіялам у Шчэціне. Кампанія, аднак, хутка збанкрутавала. Міждзяржаўныя пагадненні ліквідавалі чэхаславацкую ўласнасць у гэтым порце. Аднак да сённяшняга дня там захавалася мясцовасць, вядомая як Багемскае ўзбярэжжа. Яшчэ 4 гады Чэхія – спадкаемца Чэхаславакіі –фармальна арандавала партовы басейн Молдаўгафэн у Гамбургу, вядомы па-чэшску як Vltavský přístav. Але што далей?

Як наконт тунэлю?

У 1970-я гады практычна-рамантычныя чэхі заняліся арганізацыяй марской альтэрнатывы. У 1975 годзе чэшскі візіянер Карэл Жлабек (прафесар эканомікі з Прагі) разам з інжынерамі кампаніі Pragoprojekt прадставіў уладам праект злучэння Чэхаславакіі з Адрыятычным морам праз 400-кіламетровы чыгуначны тунэль пад Аўстрыяй і Славеніяй (якая тады была ў Югаславіі). З грунту, выкапанага пад будоўлю, меўся паўстаць штучны чэхаславацкі турыстычны востраў. Праект «Адрыапорт» так і не быў рэалізаваны. А чэшская мара пра мора знайшла выхад у мастацкім дакументальным фільме Адэлі Бабанавай пад назвай «Вяртанне ў Адрыяпорт», у якім, дзякуючы ўмелай зборцы архіўных матэрыялаў, чэхі змаглі перажыць яго будаўніцтва так, быццам яно адбылося насамрэч.

Калі не Шчэцін, дык, можа, Кралавец?

Амбіцыі па пераглядзе межаў у Еўропе, якія нядаўна спрабаваў рэалізаваць Уладзімір Пуцін, таксама заахвоцілі чэхаў і іх саюзнікаў да дзеяння – толькі ў духу абсурднага чэшскага гумару. Высветлілася, што сталіца расейскага эксклава на Балтыйскім моры – Калінінград, раней Кёнігсберг, была заснаваная ў гонар чэшскага караля. Правіцель Пржэмысл Отакар II з дынастыі Пржэмыславічаў удзельнічаў у крыжовым паходзе супраць Прусіі разам з Тэўтонскім ордэнам. Заваяваны ў 1255 годзе замак Тувангстэ быў перайменаваны ў Regiomontum – Каралеўская гара – па-нямецку – Koenigsberg, па-польску – Królewiec, па-чэшску – Královec. Не выпадковы той факт, што падчас звароту прусаў у хрысціянства ад іх рук загінуў святы Войцах, ураджэнец Багеміі.

Чэшская віза ў Калінінград?

І менавіта на чэшскасць бацькі-заснавальніка Кёнігсберга спасылаюцца аўтары петыцыі аб далучэнні Калінінградскай вобласці да Чэхіі, сцвярджаючы, што Расея ўжо дастаткова «нагулялася» з ёй, і прыйшоў час на змены.

За 9 дзён ідэю падтрымалі больш за 12 тысяч чалавек, і іх колькасць увесь час расце. Аднак сацыяльныя сеткі традыцыйна вырашылі апярэдзіць рэчаіснасць і не чакаць рэферэндуму.

Першым карыстальнікам Twitter, які падзяліўся планам падзелу расейскай вобласці паміж Польшчай і Чэхіяй, быў інтэрнэт-карыстальнік пад нікам «Papież internetu»: Прыйшоў час падзяліць Калінінград так, каб нашы браты-чэхі нарэшце мелі выхад да мора.

Твіт перапосціў чэшскі еўрадэпутат Томаш Здэхоўскі, а потым ужо панеслася: з’явіліся прапановы перадаць у чэшскія рукі ўсю правінцыю, а ў інтэрнэце – яе мапа пасля анексіі.

… і танкер «Malovaný džbán» (назва адной з песень вышэйзгаданай спявачкі), які перавозіць культавы чэшскі безалкагольны напой Kofola. Судна дастаўляе запас напою, перш чым распачнецца яго вытворчасць на нядаўна далучанай тэрыторыі.

Адабранне Калінінграда ў Расеі не абышлося без пераробкі вядомай сцэны з нямецкага фільму «Падзенне». «Гер Путлер», патрабуючы накіраваць у Данбас падмацаванне з Калінінграда, даведваецца, што ён захоплены чэшскай арміяй.

Так, дзякуючы Пуціну і інтэрнэту, зноў удалося даць волю марам чэхаў пра мора. Ахой, Кралавецкі край!

jb / belsat.eu

Стужка навінаў