За што апошнімі гадамі давалі Нобэлеўскую прэмію міру?

Святлана Ціханоўская, лідаркі беларускага пратэсту і беларускія пратэстоўцы – сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію міру 2021 года. «Белсат» згадвае, каму і за што давалі гэтую прэмію за мінулыя 12 гадоў.

Палітыкі, пісьменнікі і навукоўцы. У жылах каго з набэліятаў цячэ беларуская кроў

2020. Сусветная харчовая праграма (World Food Programme) – за высілкі ў змаганні з голадам, за ўнёсак у паляпшэнне ўмоваў для міру ў зонах канфліктаў ды за асноўную ролю ў намаганнях перадухіліць выкарыстанне голаду як зброі ў войнах і канфліктах. Гуманітарная арганізацыя дзеіць як орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў з 1961 года, каардынуе перадачу гуманітарнай дапамогі і пашырае інфармацыю пра людзей, якія пакутуюць ад голаду. Паводле арганізацыі, 1 з 9 чалавек у свеце ўсё яшчэ не мае ежы дастаткова.

2019. Абій Ахмэд Алі (Abiy Ahmed Ali) – за высілкі ў дасягненні міру і міжнароднай кааперацыі, у прыватнасці, за рашучую ініцыятыву ў развязанні памежнага канфлікту з суседняй Эрытрэяй. Палітык з Эфіопіі, дзейны прэм’ер-міністр, пры якім быў падпісаны канчатковы мір між Эфіопіяй і Эрытрэяй, што актыўна ваявалі ў 1998–2000 гадах, але па заканчэнні той вайны заставаліся незадаволенымі: дасюль захоўваецца пагроза аднаўлення баявых дзеянняў.

Над’я Мурад падчас візіту ў Санджар, Ірак. 14 снежня 2018 года. Фота: ARI JALAL / Reuters / Forum

2018. Над’я Мурад (Nadia Murad) і Дэні Муквэге (Denis Mukwege) – за намаганні спыніць выкарыстанне сексуальнага гвалту як зброі ў вайне і ўзброеных канфліктах. Мурад – праваабаронца з Іраку, якая даносіла да свету інфармацыю пра стан язідскіх жанчын на тэрыторыях, кантраляваных тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы». Муквэге – гінеколаг з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, які заснаваў шпіталь для дапамогі ахвярам групавых згвалтаванняў, што былі нярэдкімі ў час узброенага канфлікту ў рэгіёне Ківу. Сексуальны гвалт па-ранейшаму застаецца вялікаю праблемаю пры ўзброеных канфліктах, пра згвалтаванні сілавікамі заяўлялі ў тым ліку падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

2017. Міжнародная кампанія забароны ядравай зброі (International Campaign to Abolish Nuclear Weapons) – за працу ў прыцягненні ўвагі да катастрафічных гуманітарных наступстваў любога выкарыстання ядравай зброі і за прарыўныя высілкі ў дасягненні забароны такой зброі на падставе дамоваў. Арганізацыя была створаная ў 2007 годзе і запусціла шматлікія нацыянальныя кампаніі ў 106 краінах свету. На сёння не менш за 8 краінаў маюць ядравую зброю. Беларусь добраахвотна аддала савецкую ядравую зброю ў першай палове 1990-х. Аляксандр Лукашэнка называў гэта памылкай, а ў 2020 годзе заяўляў, што «Беларусь становіцца ядраваю дзяржавай».

Лукашэнка хоча стварыць ядзерную дзяржаву?

2016. Хуан Мануэль Сантас (Juan Manuel Santos) – за рашучыя намаганні ў спыненні грамадзянскай вайны, якая трывала больш за 50 гадоў і забрала прынамсі 220 тысяч жыццяў калумбійцаў, зрабіла ўцекачамі амаль 6 мільёнаў чалавек. Сантас – калумбійскі палітык, які быў прэзідэнтам краіны ў 2010–2018 гадах. Нягледзячы на заключаны пры ім мір з FARC (Рэвалюцыйныя збройныя сілы Калумбіі), у 2019-м наступны прэзідэнт краіны аднавіў баявыя дзеянні супраць групоўкі.

2015. Квартэт нацыянальнага дыялогу ў Тунісе (Tunisian National Dialogue Quartet) – за вызначальны ўнёсак у будаўніцтва плюралістычнай дэмакратыі ў Тунісе па выніках Язмінавай рэвалюцыі 2011 года. У квартэт уваходзілі Канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя прамысловасці, гандлю і рамесніцтва, Ліга абароны правоў чалавека і Ордэн адвакатаў. Рэвалюцыя ў Тунісе дала старт Арабскай вясне, а наступныя рэформы зрабілі краіну, якую называлі менш дэмакратычнаю за Беларусь, больш дэмакратычнаю за Вугоршчыну. Ды цяпер у краіне трывае палітычны крызіс, які прывёў да прыпынення працы парламенту ды імавернага скочвання ў дыктатуру.

2014. Кайляш Сат’яртхі (Kailash Satyarthi) і Малала Юсафзай (Malala Yousafzai) – за барацьбу супраць прыгнёту дзяцей і моладзі ды за права на адукацыю для ўсіх дзяцей. Сат’яртхі – актывіст з Індыі, які змагаўся з дзіцячаю працаю, заснаваў шэраг арганізацыяў, што вызвалілі дзясяткі тысячаў дзяцей ад прымусовай працы і праз міжнародныя маршы дамагліся прыняцця Канвенцыі супраць найгоршых формаў дзіцячай працы. Юсафзай – пакістанская праваабаронца, якая ў 11 гадоў пачала весці блог на Бі-Бі-Сі пра жыццё пры рэжыме пакістанскіх талібаў. Як прымусовая дзіцячая праца, так і доступ да адукацыі застаюцца праблемамі ў шмат якіх краінах свету. Напрыклад, у Беларусі дзяцей нярэдка прыцягваюць да працы ў сельскай гаспадарцы і ў «лагерах працы і адпачынку», а адукацыя на беларускай мове мала даступная.

Людзі чакаюць генеральнага дырэктара Арганізацыі па забароне хімічнай зброі пасля атрымання прэміі міру. Осла, Нарвегія. 10 снежня 2013 года. Фота: Tobias Schwarz / Reuters / Forum

2013. Арганізацыя забароны хімічнай зброі (Organisation for the Prohibition of Chemical Weapons) – за вялікія намаганні ў ліквідацыі хімічнай зброі. Утвораная пры падтрыманні ААН у 1997 годзе, арганізацыя дамагаецца выканання забароны на хімічную зброю і ліквідацыі яе запасаў, ладзіць інспекцыі на абʼекты, звязаныя з хімічнаю зброяй (у тым ліку дзеяла ў Расеі, нягледзячы на супрацьдзеянне ўладаў і ўжыванне хімічнай зброі супраць апазіцыянераў).

2012. Еўрапейскі Звяз – за больш як шэсць дзесяцігоддзяў унёску ў прасоўванне міру, залагоджванне канфліктаў, дэмакратыі і правоў чалавека ў Еўропе. Між краінамі – сябрамі Еўразвязу бываюць спрэчкі, а адна краіна – Вялікая Брытанія – нават пакінула ЕЗ у 2020 годзе. Аднак войнаў між краінамі Еўразвязу сапраўды не было, а ў рэйтынгах дэмакратыі і правоў чалавека краіны Еўразвязу заўсёды на высокіх пазіцыях. Еўразвяз ладзіць ініцыятывы ў прасоўванні дэмакратыі і правоў чалавека кшталту «Усходняга партнёрства», якое Беларусь пакінула ў 2021 годзе.

2011. Элен Джонсан-Сэрліф (Ellen Johnson Sirleaf), Лейма Гбоўі (Leymah Gbowee) і Таўакуль Карман (Tawakkol Karman) – за негвалтоўнае змаганне за бяспеку жанчын і правы жанчын на поўны ўдзел у міратворчай працы. Джонсан-Сэрліф – палітык з Ліберыі, прэзідэнтка краіны ў 2006–2018 гадах, першая жанчына, якая стала кіраваць дзяржавай у Афрыцы. Гбоўі – актывістка з Ліберыі, лідарка негвалтоўнага жаночага руху за мір, які выканаў заўважную ролю ў спыненні грамадзянскай вайны 1999–2003 гадоў. Карман – журналістка і актывістка з Емену, якая стала тварам еменскай рэвалюцыі 2011 года. Ліберыя і Емен усё яшчэ на нізкіх пазіцыях у рэйтынгах правоў жанчын, прычым Емен называюць найгоршаю краінаю свету ў справе правоў жанчын на працоўным месцы.

Члены камітэту апладзіруюць побач з пустым крэслам, на якім павінен сядзець лаўрэат Лю Сяў Бо падчас цырымоніі. Осла, Нарвегія. 10 снежня 2010 года. Фота: Toby Melville / Reuters / Forum

2010. Лю Сяў Бо (Liu Xiaobo) – за працяглае негвалтоўнае змаганне за фундаментальныя правы чалавека ў Кітаі. Лю Сяў Бо – праваабаронца з Кітаю, які ў 2003–2007 гадах узначальваў Кітайскі ПЭН-цэнтр, у 2008-м быў арыштаваны за подпіс пад маніфестам інтэлектуалаў за дэмакратычныя рэформы («Хартыя-08») і быў вызвалены ў 2017-м праз стан здароўя – за тры тыдні да смерці. Кітай застаецца на дне рэйтынгаў, звязаных з правамі чалавека, але ў некаторых рэйтынгах ён вышэй за Беларусь.

2009. Барак Абама (Barack Obama) – за экстраардынарныя высілкі ва ўмацаванні міжнароднай дыпламатыі ды кааперацыі між людзьмі. Абама – амерыканскі палітык, прэзідэнт Злучаных Штатаў у 2009–2017 гадах. Прэмію яму шмат крытыкавалі, бо Абаму выбралі пераможцам усяго праз 9 месяцаў пасля таго, як ён стаў прэзідэнтам. Адны заяўлялі, што прэмія ўсё ж заслужаная, і пагаджаліся з Нобэлеўскім камітэтам у тым, што Абама ўжо зрабіў значныя высілкі ў ядравым раззбраенні ды залагоджванні канфліктаў дзякуючы дыпламатыі і дыялогу. Іншыя ж казалі, што прэмію яму далі «за тое, што ён не Джордж Буш».

На Нобэлеўскую прэмію міру наміноўвалі Бяляцкага, Шушкевіча і Ярмошыну. Як ім гэта ўдалося?

Лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру 2021 года маюць абвясціць 8 кастрычніка а 12:00 паводле менскага часу.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны