МЗС Польшчы: Лукашэнка ўтрымліваецца ва ўладзе толькі дзякуючы Пуціну і Расеі


Марцін Пшыдач, віцэ-міністр замежных справаў Польшчы.
Фота: Белсат

Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Марцін Пшыдач у каментары «Белсату» выказаў спадзеў на тое, што Расея зменіць сваю палітыку адносна Беларусі.

«Аляксандр Лукашэнка ўтрымліваецца ва ўладзе толькі і выключна дзякуючы падтрыманню Уладзіміра Пуціна і Расейскай Федэрацыі. Палітычнаму падтрыманню, вайсковаму, фінансаваму, эканамічнаму, у галіне спецслужб, медыяў. Але гэтая дапамога скіраваная не на звычайных беларусаў. Звычайным беларусам у гэтай рэпрэсіўнай палітыцы робіцца ўсё горш. Эканамічная сітуацыя пагаршаецца. І віну за гэта нясе перадусім Аляксандр Лукашэнка, але таксама і тыя, хто яго падтрымлівае. А яго падтрымлівае Расейская Федэрацыя», – падкрэсліў віцэ-міністр.

Артыкулы
«Спадзевы рэжыму не здзейсніліся». Міхаіл Кірылюк пра рэзалюцыю Еўрапарламенту і тое, чаго ў ёй не хапае
2021.10.07 19:58

Паводле яго, у ЕЗ і НАТО цяпер ідзе дыскусія, як знеахвоціць Уладзіміра Пуціна ад падтрымання Аляксандра Лукашэнкі.

На думку Марціна Пшыдача, калі Расея хоча захаваць сімпатыі беларусаў да сябе як да дзяржавы, яна павінна прыслухацца да звычайных грамадзянаў Беларусі, якія зрабілі свой выбар падчас леташніх выбараў і шматтысячных маніфестацыяў.

«Мы сваю палітыку не зменім»

Кажучы пра сітуацыю ў Беларусі, віцэ-кіраўнік польскага МЗС заявіў, што санкцыі Еўразвязу «не маюць мэту самі ў сабе, а павінны быць інструментам, які прыводзіць да ўнутранага аналізу ў Беларусі, ці каштуе таго, каб трымаць людзей у вязніцах, іх біць і падвяргаць рэпрэсіям». На жаль, адзначыў Марцін Пшыдач, Менск ідзе на далейшую эскалацыю.

Hавiны
У Польшчы заявілі, што беларускія сілавікі давалі мігрантам наркотыкі для лягчэйшага пераходу мяжы
2021.09.27 18:38

Паводле яго, улады Беларусі павінны пайсці на ўнутраны дыялог з апазіцыяй. А замест гэтага адбываецца гібрыдныя атака на Еўразвяз з дапамогай мігрантаў.

«Пытанне, што з імі далей будзе? Ужо бачым у гарадах Беларусі групы качуючых мігрантаў. Іх не Польшча прывяла. Іх прывёў Аляксандр Лукашэнка, які стварае чарговыя праблемы ў Беларусі для ўласнай палітычнай задаволенасці. Магчыма, для ўласнай эканамічнай карысці прыводзіць групы, адзіным жаданнем якіх з’яўляецца патрапіць на Захад. Імаверна, фрустрацыя ў іх падчас побыту ў Беларусі будзе расці. Але мы – Польшча і Еўрапейскі Звяз – сваю палітыку не зменім, будзем бараніць свае межы», – заявіў віцэ-міністр.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што адказнасць за ўсе магчымыя наступствы гэтага нясе Лукашэнка.

Разам з тым Марцін Пшыдач не выключае, што ў Менску ўжо маглі пачаць разумець, што мігранты могуць застацца каля мяжы. Таксама ёсць сігналы, што мігранты пачалі скіроўвацца ў бок Расеі, ад чаго «Расея таксама не задаволеная». Магчыма, гэтая сітуацыя прывяла ўлады ў Менску да разумення неабходнасці абмежаваць колькасць мігрантаў, заключыў віцэ-кіраўнік МЗС Польшчы.

Фота
Беларускія службы абмундзіравалі мігрантаў у вайсковы камуфляж. Фота
2021.09.29 19:41

МГ belsat.eu

Стужка навінаў