Крыніца: У Воршы за выходныя – больш за 20 памерлых у шпіталі, бальшыня – ад COVID-19


Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Белсат

За мінулыя выходныя ў шпіталі № 1 Воршы памерлі 20 чалавек, 3/4 – ад каронавіруснай інфекцыі. Падобную сітуацыю назіралі і тыдзень таму.

Крыніца Belsat.eu у Больніцы №1 імя Сямашкі ў Воршы паведаміла, што за мінулыя выходныя там памерлі 20 чалавек, 15 з якіх – ад каронавіруса.

«Безумоўна, не ўсе ад каронавіруса, але большасць, 15–17 чалавек. Інфармацыя дакладная, бо яе агучваюць у больніцы на пяціхвілінках у панядзелкі. Прыблізна такая ж колькасць была тыдзень таму. Да гэтага да 20 ніколі не падымалася. Падкрэслю, што 20 памерлых – гэта за суботу і нядзелю, а не за содні».

Паводле ж афіцыйнай статыстыкі ад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, за мінулыя выходныя ўва ўсёй краіне ад каронавіруса памерлі 29 асобаў: 15 чалавек – 2 кастрычніка, што стала афіцыйным рэкордам для Беларусі, і 14 чалавек – 3 кастрычніка.

Паводле крыніцы, смяротнасць у аршанскім шпіталі вырасла за апошнія 2-3 тыдні, але памерлыя ад каронавіруса ў афіцыйную статыстыку амаль не трапляюць, бо прычынамі смерці пазначаюць хваробы сэрца ды іншыя хранічныя захворванні.

Гісторыі
Вялізныя чэргі, адсутнасць месцаў у шпіталях і змаганне за тэсты. Чытачы – пра сітуацыю з каронавірусам у Беларусі
2021.09.24 08:30

Паведамляюць, што праз павелічэнне хворых на каронавірус у больніцы асобныя корпусы былі пераведзеныя выключна на працу з імі.

«У гэты час ва ўстанове дзеюць чатыры корпусы: два з іх – пяці- і двухпавярховыя – цалкам аддадзеныя для хворых на ковід. Новы 10-павярховы будынак пакуль лічыцца чыстым, але ходзяць чуткі, што будуць і яго запаўняць хворымі. Планавую дапамогу ў больніцы адмянілі ўвогуле. У чыстым корпусе месцяцца некалькі аддзяленняў разам: 8-ы паверх – гнойная і чыстая хірургія, 7-ы – гінекалогія і афтальмалогія, 6-ы – уралогія і дзіцячая хірургія, 4-ы – отарыналарынгалогія і неўралогія. Раней гэтыя аддзяленні мелі ўласныя паверхі».

Паводле крыніцы Belsat.eu, у Воршы ёсць яшчэ адзін шпіталь, што мог бы прыняць пацыентаў з каронавірусам, але цяпер ён зачынены.

«У першую хвалю каронавіруса адкрылі больніцу № 2, зачыненую раней праз непатрэбнасць, бо пабудавалі новы корпус. Яе падрамантавалі, падвялі туды кісларод, і ў першую хвалю там ляжалі хворыя. Але потым яе зноў зачынілі, калі хваля каронавіруса пайшла на спад. Цяпер яе не адчыняюць, бо кажуць, што там ужо ўсё скрадзенае, аднаўляць ізноў не мае сэнсу».

Hавiны
САЗ афіцыйна вызначыла праявы постковіднага сіндрому
2021.10.07 14:04

ВК Belsat.eu

Стужка навінаў