Крыніца: Нелегальныя мігранты з Іраку ляцяць у Беларусь праз Дубай


Ілюстрацыйны здымак.
Фота: DAVID RYDER / Reuters / Forum

З 15 верасня авіякампанія «Flydubai» (Дубай, ААЭ) павялічыла колькасць рэйсаў у Менск. Як паведаміла «Белсату» ананімная крыніца з авіякампаніі, цяпер самалёты з Дубаю ў Менск лятаюць штодзень: «Кожны рэйс – гэта 168 пасажыраў, улічваючы турыстаў у РБ, але 70–80 % пасажыраў – іракцы».

«У асноўным ляцяць курды. Большасць з іх не ведае ні англійскай, ні нават арабскай моваў. Некаторыя ў размове шчыра кажуць, што ляцяць у Беларусь, каб потым апынуцца ў Польшчы, а далей – у Нямеччыне. Некаторыя жартуюць, што ляцяць адзначаць свой дзень народзінаў. Выглядаюць збольшага як людзі з грашыма», – заўважае наш суразмоўца.

Паводле крыніцы, у асноўным гэта мужчыны 25–40 гадоў: «Некаторыя ляцяць з валізамі, напакаванымі золатам».

Наш інфарматар сцвярджае, што попыт на кірунак Дубай – Менск вялікі.

Авіякампанія «Flydubai» абслугоўвае на сёння 93 кірункі, у тым ліку 5 іракскіх гарадоў: Багдад, Басру, Наджаф, Сылеймані, Арбіль. Напрыклад, квіток эканом-класу з Багдаду ў Менск са стыкоўкай у Дубаі каштуе $ 1649,50 (бізнес-класу – $ 3156). Пералёт з Багдаду ў Дубай займае прыблізна 2,5 гадзіны, з Дубаю ў Менск – 6 гадзінаў. Але большасць часу пасажыры з Іраку марнуюць у чаканні ў Міжнародным аэрапорце Дубаю (20,5 гадзіны). Такім чынам, шлях з Багдаду ў Менск праз Дубай трывае агулам 29 гадзінаў.

Паводле інфармацыі ад нашай крыніцы, каб дабрацца ў Беларусь, іракцы выдаткоўваюць $ 10 000. Прынамсі такую суму яны называюць у размовах. Відаць, да кошту квіткоў дадаецца кошт за візу і паслугі турыстычных аператараў. Апроч таго, іракцы, якія ляцяць у Беларусь, мусяць мець пры сабе адмоўны вынік ПЛР-тэсту на COVID-19. Кампанія таксама папярэджвае пра неабходную 7-дзённую самаізаляцыю па прылёце ў Беларусь.

Ці ведаюць пасажыры-іракцы, на што ідуць і што іх чакае на польска-беларускай ці літоўска-беларускай мяжы, застаецца пытаннем.

Узор замовы квітка праз Дубай у Менск. Крыніца: Белсат

Як мяркуе крыніца, у тым, што «Flydubai» павялічыла колькасць рэйсаў у Беларусь і зрабіла іх штодзённымі, няма ніякай палітыкі, толькі бізнес.

«Вікіпедыя» сцвярджае: паводле апублікаваных сёлета 2 траўня справаздачаў, «Flydubai» у 2020 годзе зазнаў страты на $ 194 мільёны. Даходы кампаніі ўпалі больш як на 50 %. У чэрвені 2020-га авіякампанія звольніла шмат працаўнікоў, зменшыла заробкі астатнім, а некаторых адправіла ў вымушаныя адпачынкі.

Нескладана падлічыць, што гэтая авіякампанія з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў можа за тыдзень перакідваць у Беларусь больш за 1000 патэнцыйных нерэгулярных мігрантаў з Іраку. Але рэйсы з Дубаю ў Менск выконвае і «Белавія», прычым квіток эканом-класу каштуе там усяго $ 290. У суме абедзве авіякампаніі выконваюць за тыдзень 12 рэйсаў з Дубаю ў Менск.

Расследaванні
Як працуе беларускі калідор нерэгулярнай міграцыі
2021.07.23 20:32

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў