ІП дазволілі пакуль не карыстацца касамі. Але не ўсім і нядоўга


Рынак ва Уруччы. Менск, Беларусь, 9 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Абавязак індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках, мець касавае абсталяванне ўступіць у моц з 1 лютага 2022 года, а не 10 кастрычніка 2021-га. Але гэта не датычыць усіх ІП.

Паводле пастановы Саўміна і Нацбанку № 203/4, з 10 кастрычніка ўсе, хто гандлюе нехарчовымі таварамі на рынках, кірмашах і гандлёвых месцах, рэпетытары і тыя, хто здае ў арэнду жытло, абавязаны мець касавае абсталяванне. На звычайную касу давядзецца выдаткаваць 400–450 рублёў, а на тую, што прымае банкаўскія карты, – 900–950 рублёў.

Але 7 кастрычніка Міністэрства падаткаў і збораў апублікавала ліст пра тое, што ІП змогуць прымаць наяўныя грошы без касавых апаратаў да 1 лютага 2022 года. Гэта датычыць тых, хто да 10 кастрычніка заключыў дамову з Інфармацыйна-выдавецкім цэнтрам падаткаў і збораў.

У ведамстве гэта тлумачаць значнай колькасцю суб’ектаў гаспадарання, дрэннай эпідэміялагічнай сітуацыяй і імкненнем выключыць напружанасць у прадпрымальніцкім асяродку, стварыць «камфортныя ўмовы» пераходу ІП на выкарыстанне касавага абсталявання, не дапусціць прыпыненне імі сваёй дзейнасці.

Але калі прадпрымальнікі ўжо заключылі дамову і паспелі падключыць касу, то з 10 кастрычніка яны абавязаныя выкарыстоўваць для разлікаў выключна касавы апарат.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў