Дзявятая група абвінавачваных у «карагоднай справе» рыхтуецца да суда


Акцыя пратэсту 13 верасня ў Берасці, пасля якой распачалася «карагодная справа». Скрыншот з відэа МУСа

У Берасці плануюць судзіць чарговую, дзявяту, групу абвінавачваных у «карагоднай справе». Матэрыялы адносна дзесяці палітвязняў ўжо ў судзе, але пакуль не прызначаныя даты і суддзі.

Паводле нашай інфармацыі, з лета гэтага года новых фігурантаў «карагоднай справы» шукаў ГУБАЗіК, метады працы гэтай структуры сумна вядомыя. Яны развязалі сапраўды тэрор і хапалі людзей цэлымі сем’ямі.

Напрыклад, Уладзіміра Ганчарова тры супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі разам з жонкай і дзецьмі пяці ды васьмі гадоў. Падчас допыту аператыўнікі з УУС Маскоўскага раёну чатыры гадзіны трымалі дзяцей у калідоры. Пасля ўсіх перавезлі ў Следчы камітэт і там таксама дапытвалі чатыры гадзіны. Затым сям’ю адпусцілі, а Уладзіміра перавялі ў ІЧУ Кобрына, а адтуль – у Берасцейскі СІЗА, дзе ён застаецца з 14 ліпеня.

Цяпер будуць судзіць Уладзіміра ды ягоную жонку Кацярыну.

Як і шматдзетную сямʼю Гачынскіх, Вольгу і Руслана. Таксама ў спісе Аляксандр і Таццяна Паўлючыкі, Ганна Баран, Сяргей Ярошкін, Цімур Ломпік, Павел Краўчук.

Сярод гэтых людзей маглі быць і нашыя журналісты Алесь Ляўчук ды Мілана Харытонава: у месца, дзе яны жылі, ГУБАЗіК уварваўся 16 ліпеня і, зразумеўшы, што журналістаў няма ў Беларусі, жытло проста разнеслі. Пазней дзяржаўныя прапагандысты знялі фільм, у якім назвалі Леўчука і Харытонаву каардынатарамі пратэсту. Журналісты так і не здолелі вярнуцца дадому.

АЛ/МГ belsat.eu

Стужка навінаў