10 натхняльных цытатаў з лістоў палітвязняў


Нядаўна ў Беларусі з’явіўся онлайн-музей лістоў беларускіх палітычных зняволеных. «Белсат» пачытаў экспанаты і перадае радкі з некаторых лістоў.

У спісе палітвязняў ужо больш за восем сотняў чалавек, і спіс павялічваецца штотыдзень. І гэты спіс няпоўны: праваабаронцы, якія яго складаюць, правяраюць кожную справу на адпаведнасць азначэнню «палітвязень». Яны проста не паспяваюць за рэпрэсіўнай машынай. Ды многія зняволеныя не губляюць надзеі і веры ў беларусаў. Вось што яны пішуць.

Фота: ПБ / Белсат

Сяргей Бобашаў: «Ці могуць незнаёмыя людзі быць сябрамі? Могуць, калі яны Беларусы!»

Міа Міткевіч: «Я здолею ўсё перажыць, дзякуючы вам і веры! І я ўжо перамагла, бо побач са мной усе вы!»

Уладзімір Міхалко: «Можна пасадзіць чалавека ў турму, але веру і волю адабраць нельга».

Ігар Лосік: «Цешыць, што так шмат беларусаў пішуць і падтрымліваюць. Толькі такая згуртаванасць, мэтанакіраванасць і салідарнасць дапамогуць выйсці на волю і вярнуцца да сваіх семʼяў усім невінаватым. Справядлівасць пераможа. Так што таксама трымайцеся там».

Акіхіра Гаеўскі-Ханада: «За гэты час давялося сустрэць столькі выдатных людзей, з якімі на волі б наўрад ці і перасекся. Так што трэба знаходзіць тое карыснае, што прыносіць выпрабаванне».

Ірына Шчасная: «А яшчэ я дакладна ведаю, што недапушчальна даваць задавальненне тым, хто толькі і чакае нашых пакутаў. Таму трымаем нос па ветры і радуемся таму, якія мы ёсць адзін у аднаго: разумныя, моцныя, прыгожыя, добрыя, самыя-самыя выдатныя, адным словам – беларусы. Шлях можа быць цярністы, мардоўны і доўгі, але ўзнагарода ў фінале – яна таго вартая».

Гісторыі
«Марым вярнуцца дамоў». Муж палітзняволенай Ірыны Шчаснай – пра ўцёкі з сынам з Беларусі і жыццё ў Кіеве
2021.02.25 07:10

Эдуард Пальчыс: «Я часта ўяўляю тыя складаныя ўмовы, у якіх беларусы больш за 100 гадоў таму рабілі свае першыя крокі па шляху да нараджэння сваёй дзяржаўнасці. Першая Сусветная, крушэнне Імперыі, бальшавікі захопліваюць уладу, голад, разруха, іспанка, уцекачы, лінія фронту змяняецца туды-сюды… І ва ўсёй гэтай пякельнай завірусе нацыя знаходзіць сілы для барацьбы за сваю краіну, нягледзячы на ​​руіны і акупацыю. Такія даты [ліст напісаны перад 25 сакавіка. – Белсат] добра бадзёраць, калі нешта ў сучасным камфортным ХХІ стагоддзі здаецца табе цяжкім і складаным».

Марфа Рабкова: «Хоць на нашу зямлю і спусцілася смута, але я ўпэўненая, што наш світанак будзе не за гарамі. Не мы выбіраем часы, а часы нас. А нам застаецца прайсці годна праз усе нягоды і перашкоды. А галоўная мэта – застацца Чалавекам».

Павел Севярынец: «На вуліцы сёння марозна (-20 C), але відаць звонку сонца, так што, мабыць, вясна і праўда ня так далёка. Госпад Сваю справу робіць. Галоўнае, каб і мы зрабілі сваю. А там – усе будзе добра».

Арцём Ісакаў: «Усё, што мне цяпер трэба, гэта здароўе і шчасце родных, але шчаслівыя яны будуць у адным выпадку…»

Усе лісты можна пачытаць тут, а адрасы, на якія можна пісаць палітвязням, можна знайсці, напрыклад, тут.

АА belsat.eu

Стужка навінаў