«У Балакліі – пекла». Што вядома пра нечаканае контрнаступленне ЗСУ на Харкаўшчыне


Раніцаю 6 верасня Збройныя сілы Украіны атакавалі расейскія пазіцыі ў раёне Балакліі на Харкаўшчыне. Кіеў захоўвае рэжым інфармацыйнай цішыні і ніяк не каментуе контрнаступлення. Але з паведамленняў прарасейскіх тэлеграм-каналаў вынікае, што расейцы каля Балакліі апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы, некаторыя падраздзяленні маглі трапіць у кацёл.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія салдаты страляюць з гаўбіцы M777 амерыканскай вытворчасці на перадавой у Харкаўскай вобласці, Украіна.
Фота: Sergey Bobok / AFP / East News

29 жніўня ўкраінская армія перайшла ў контрнаступленне ў Херсонскай вобласці і цягам тыдня, паводле назіральнікаў, здолела дасягнуць «вельмі істотнага прагрэсу», вызваліць шэраг мясцовасцяў. Разам з тым увесь гэты час не спыняліся размовы пра тое, што аперацыя ЗСУ ў Херсонскай вобласці можа быць толькі прыкрыццём, а асноўны ўдар нанясуць зусім на іншым кірунку. Сярод расейскіх ваенных блогераў і карэспандэнтаў актыўна абмяркоўвалася версія, паводле якой насамрэч галоўны ўдар рыхтуецца на ізюмскім кірунку ў Харкаўскай вобласці. Таксама паведамлялі пра перакідванне на Харкаўшчыну значных украінскіх рэзерваў.

Аналітыка
Адчувальны прагрэс, але яшчэ не перамога. Што трэба ведаць пра контрнаступленне ЗСУ
2022.09.06 08:30

Нягледзячы на гэта, расейскае камандаванне, імаверна, у сур’ёзнасць пагрозы на Харкаўшчыне не паверыла. Відаць, удар ЗСУ раніцаю 6 верасня стаўся для расейцаў поўнаю нечаканасцю.

Ужо каля 15:00 прапагандысцкія Z-каналы паведамлялі, што ЗСУ ўзялі пад кантроль буйное сяло Вербаўку і цяпер баі вядуцца ў прадмесці Балакліі.

«Такім чынам, ЗСУ пайшлі ў наступ на харкаўскім кірунку», – канстатаваў расейскі прапагандыст і дэпутат Маскоўскай гарадской думы Андрэй Мядзведзеў.

Тэлеграм-канал «Старше Эдды» паведамляў, што ўкраінскі бок сцягнуў «дастаткова сілаў», у тым ліку танкі ды артылерыю. Паводле гэтай крыніцы, ЗСУ зачапіліся за ўскраіны гораду, але асноўны напрамак удару – траса Балаклія – Куп’янск.

Прапагандысцкія рэсурсы ў адзін голас паўтаралі, што «аніякай панікі няма», у Балакліі стаялі ў асноўным мабілізаваныя жыхары Данбасу, і цяпер да іх ідуць рэзервы. Але такія паведамленні ўсё роўна мелі выразна трывожную танальнасць: лаялі камандаванне за некампетэнтнасць і прызнавалі, што сітуацыя каля Балакліі больш небяспечная, чымся на Херсоншчыне. «Нейкая новая вайна», – абураўся блогер Уладлен Татарскі. «Каля Балакліі цяжкія баі», – падкрэсліваў WarGonzo. «У Балакліі – пекла», – эмацыйна заключыў канал «Сводки ополчения Новороссии».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец рыхтуецца страляць з гаўбіцы М777, пастаўленай ЗША, у Харкаўскай вобласці, Украіна.
Фота: AP Photo / Evgeniy Maloletka / East News

На дапамогу мабілізаваным у Балакліі, імаверна, кінулі падраздзяленні самарскага і башкірскага спецыяльных атрадаў хуткага рэагавання (СОБР). Пра іх удзел у баях увечары распавялі «Известия». Але неўзабаве расейскія інфармацыйныя рэсурсы сталі паведамляць, што СОБР аказаўся ў акружэнні. А 22:10 Telegram-канал «Рубеж» напісаў, што башкірскі СОБР збіраецца біцца да апошняга, але яны ўжо развіталіся. Сувязі з падраздзяленнямі цяпер няма.

«На гэты момант Балаклія застаецца ў аператыўным акружэнні ў зоне агнявога паражэння ўкраінскай артылерыі. Усе пад’езды перарэзаны агнём», – сцвярджаў тэлеграм-канал «Рыбарь» па выніках першага дня баёў.

«Балаклія – у аператыўным акружэнні, ЗСУ будуць працягваць развіваць поспех, і цалкам верагодна, што яны паспрабуюць выйсці да Куп’янску, адрэзаўшы і Балаклію, і Ізюм», – паведамлялі «Старше Эдды» раніцаю 7 верасня. Таксама там не выключалі, што расейцы ўжо страцілі Волхаў Яр, важны транспартавы вузел.

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) таксама пацвердзіў аператыўнае акружэнне Балакліі ды адзначыў «выбітную дзёрзкасць» наступлення ўкраінцаў, якія «з брані і колаў» на вялікай хуткасці захоплівалі расейскія пазіцыі.

Адцягвальны ўдар спрацаваў

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны раніцаю 7 верасня канстатаваў, што атака ўкраінцаў на Балаклію стала магчымая дзякуючы іхнаму ж наступу ў Херсонскай вобласці, бо расейцы перакінулі туды некаторыя часткі з Харкаўскай вобласці. Аналітыкі ISW пацвердзілі вызваленне Вербаўкі, а таксама дадалі, што расейцы ўсюды ў гэтым раёне адышлі на левы бераг Сівэрскага Данца і за раку Балаклійку ў самім горадзе, узарваўшы пры гэтым масты. Але звестак пра заход ЗСУ ў горад няма.

Вайсковы эксперт і галоўны рэдактар украінскага выдання «Думская» Алег Канстантынаў ахарактарызаваў удар ЗСУ каля Балакліі як «вельмі магутны», роўнага якому не было з пачатку вайны. Прарыў адбыўся на фронце, 13 кіламетраў, і ўкраінскія вайскоўцы, імаверна, прасунуліся на глыбіню каля 15 кіламетраў у напрамку Куп’янску, прарваўшы ўсю лінію абароны.

Мапа раёну баявых дзеянняў.
Фота: uniannet / Telegram

У сеціве з’явіліся ролікі з украінскімі вайскоўцамі ў Вербаўцы, каля Волахава Яру, а таксама відэа з палонным расейцамі, сярод якіх быў падпалкоўнік Узброеных сілаў РФ.

Каля поўдня 7 верасня ўкраінскія тэлеграм-каналы пачалі распаўсюджваць здымак байца ЗСУ са сцягам на ўездзе ў Балаклію (сапраўднасць здымку не пацверджаная).

Пры гэтым украінскае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва сітуацыі на Харкаўшчыне не каментуе. Украінскі бок адразу абраў тактыку поўнай інфармацыйнай цішы. У зводках Генеральнага штабу няма нават намёку на наступленне ў раёне Балакліі. «Усё ідзе паводле плану. Паводле нашага плану. Дапамагаем Збройным сілам інфармацыйнаю стрыманасцю», – напісала ў Facebook намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр.

Балаклійская гарадская рада таксама заклікала мясцовых жыхароў не распаўсюджваць інфармацыі пра аперацыю ЗСУ.

«Ёсць інфармацыя пра вызваленне некаторых паселішчаў балаклійскай грамады. Чакаем афіцыйнага пацверджання. Разумеем эмоцыі кожнага, аднак стараемся выконваць рэжым інфармацыйнай цішы», – гаворыцца ў звароце гарадской рады.

Гарадская рада Куп’янску ў ноч на 7 верасня заклікала мясцовых жыхароў «рыхтаваць сховішчы і стратэгічны запас ежы», папярэдзіўшы, што «ЗСУ ўжо блізка».

Якое значэнне маюць баі на Харкаўшчыне

Горад Балаклія (да вайны там жылі больш за 27 тысячаў чалавек) мае важнае стратэгічнае значэнне. З Балакліі расейская армія пагражала Харкаву, гэты раён мог выкарыстоўвацца як плацдарм для будучага наступлення на абласны цэнтр. На гэта раней ужо ўказвалі як аналітыкі ISW, так і прарасейскія тэлеграм-каналы.

Адначасова Балаклія забяспечвае бяспеку паўднёва-заходняму флангу ізюмскай групоўкі РФ, якая ў сваю чаргу пагражала Славянску і Краматорску. Цяпер, калі наступленне ЗСУ будзе паспяхова працягвацца і асноўныя шляхі забеспячэння ў гэтым раёне будуць узятыя пад кантроль, ізюмская групоўка апынецца ў вельмі цяжкім становішчы. Менавіта шляхі забеспячэння, а не Балаклія сама па сабе, імаверна, ёсць галоўнаю цэллю аперацыі.

Вядомы прапагандыст, вайсковы карэспандэнт Аляксандр Коц адзначае, што ў выпадку выхаду ЗСУ на Куп’янск (асноўны чыгуначны вузел, праз які ідзе забеспячэнне), ізюмская групоўка расейскай арміі фактычна будзе «адрэзаная ад вялікай зямлі».  Рэч у тым, што ў тыле расейскай арміі, на ўсход ад Ізюму, цячэ даволі шырокая рака Аскол. Таму, хутчэй за ўсё, расейцы будуць вымушаныя адступаць.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў