Праз шматлікія праверкі ў некаторых прыватных школах дагэтуль не пачаліся заняткі


З пачатку навучальнага года ў некаторых прыватных школах заняткі так і не пачаліся – іх накрыла хваля праверак. Некаторым прыватным школам выдалі прадпісанне аб прыпыненні працы, зараз яны ў экстраным парадку выпраўляюць выяўленыя парушэнні. Тым часам бацькам пачалі паступаць званкі з прапановамі аддаць дзяцей у дзяржшколы, піша «Onliner».

Першакласнікі на лінейцы ў адной са школ у Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Бацька вучня прыватнай менскай школы распавёў, што па словах адміністрацыі праз праверкі шанцаў адкрыцца ў школы ў бліжэйшы час няма.

«Была праверка, і тыя патрабаванні па будынку, якія прад’яўляе камісія, выканаць нерэальна. Нам адкрытым тэкстам раяць забіраць дакументы і шукаць іншую школу», – перадае словы адміністрацыі бацька.

Ён пачаў абзвоньваць іншыя прыватныя школы ў Савецкім раёне Менску, аднак у іх заняткі ў класах таксама не пачаліся. Сітуацыя там аналагічная: ёсць пытанні з боку правяраючых органаў. У большасці сваёй парушэнні выяўлены некрытычныя – іх можна ліквідаваць за тыдзень-два, чым адміністрацыі школ і заняліся ў экстраным парадку.

Прадстаўнік іншай прыватнай школы, дзе дзеці таксама не змаглі своечасова пачаць вучобу, распавёў, што «ва ўсіх такая сітуацыя»:

«Наколькі я ведаю, у Менску адкрыліся адзінкавыя школы (ну, максімум 10). Нам увесь час тэлефануюць людзі, пытаюцца, ці ёсць месцы, просяць зрабіць броню. Канешне, я думаю, што бацькоўскі адток будзе, калі школа не адкрыецца ў бліжэйшы час. Пытанне толькі, куды ўсе гэтыя дзеці пойдуць. Не ўпэўненая, што яны змогуць размеркавацца па іншых прыватных школах».

Аб’ектыў
У большасці недзяржаўных установаў адукацыі і пасля першага верасня класы засталіся пустымі
2022.09.07 22:30

Заснавальнік Менскай мужчынскай гімназіі пацвярджае: з-за праверак дзеці не могуць пачаць вучобу, а ў школу сёлета набралі больш за 1000 чалавек. Заняткі мусілі пачацца 5 верасня, але пакуль і адміністрацыя, і бацькі знаходзяцца ў падвешаным стане.

Па словах адміністрацыі гімназіі, правяраючых вельмі шмат, знаходзяць самыя розныя парушэнні, напрыклад пажарная інструкцыя не ў тым фармаце раздрукаваная: павінна быць A3, а не A4. Ці няма палічкі ў кладоўках. І такіх дробных заўваг шмат. Таксама гімназіі прапанавалі перадаць спісы вучняў і іх бацькоў, каб дзяцей можна было размеркаваць па дзяржшколах, але там не сталі дзяліцца гэтымі дадзенымі.

На сайце Камітэту па адукацыі вывешаны спіс менскіх прыватных школ – паводле звестак на 31 жніўня, з двух дзясяткаў толькі чатыры атрымалі сертыфікаты гатоўнасці да пачатку навучальнага года.

«Нават калі сертыфікат не быў падпісаны, школам раней не забаранялі працаваць», – расказвае прадстаўнік прыватнай школы.

У гэтым годзе планавыя праверкі ў школах сталі перамяшчаць на канец жніўня, хоць раней яны заканчваліся да 20-га чысла. Дадаткова ў прыватныя школы прыходзілі з маніторынгамі з МНС і Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі.

Hавiны
Улады спрабуюць навязаць дзяржаўную ідэалогію і прапаганду пакаленню, якое выхоўваецца на інтэрнэце
2022.09.04 18:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў