Пагрозамі не змусіш любіць айчыны

Масавыя ўцёкі беларусаў на Захад не спыняцца, пакуль у краіне не адбудуцца сапраўдныя дэмакратычныя ды эканамічныя рэформы.

Неделя белорусской культуры, фестиваль «Гучна-фэст», беларусы, Варшава, Польша, Беларусь
Наведнікі фестывалю «Гучна-фэст». Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2022 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Абмежаванні і забароны. Гэта галоўны інструмент палітыкі дыктатараў. Гэтым разам Лукашэнка пастанавіў, што «трэба разабрацца» з уладальнікамі карты паляка. Маўляў, «ці яны аблудныя, ці ўзялі гэтую карту памылкова, ці ў іх іншая арыентацыя». Гаворка пра мінімум 150 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія не толькі пацвердзілі сваё паходжанне, але і ў прысутнасці польскага консула дэкларавалі сваю польскую нацыянальнасць. Пра якую ж памылковасць кажа дыктатар? Для польскай меншасці ў Беларусі карта паляка – гэта не толькі сімвалічны, але і вельмі практычны дакумент. Гадавая польская віза, магчымасць легальна працаваць і падарожнічаць па ўсёй Еўропе. Таксама карта адкрывае вельмі хуткую сцежку да легалізацыі ды атрымання польскага грамадзянства. А ў варунках дыктатуры гэта яшчэ і шанец вырвацца з лагеру. Людзей, якія шукаюць польскія карані і ідуць на курсы польскай мовы, робіцца ўсё больш. І бліжэйшым часам не паменшыцца.

З Беларусі ўцякаюць не толькі палякі. Варта звярнуць увагу на тое, з якою шчыраю радасцю алімпійская бягуха Крысціна Ціманоўская, якая яшчэ нядаўна выступала пад чырвона-зялёным сцягам, паведаміла пра атрыманне польскага грамадзянства. Пра што гэта сведчыць? Найперш пра тое, што яна больш не звязвае сваёй будучыні з Беларуссю Лукашэнкі. А колькі такіх? Тысячы? Сотні тысячаў? Падобна, як і дзясяткі тысяч IT-адмыслоўцаў, якія пераехалі ў «Poland Business Harbour». Сёння толькі ў Польшчы ВНЖ маюць 55 тысяч грамадзянаў Беларусі. Прыблізна 3700 чалавек пасля 2020 года атрымалі міжнародную ахову. І гэта не ўлічваючы тысяч грамадзянаў РБ, якія застаюцца ў Польшчы паводле візы і прабуюць атрымаць карту побыту. А колькі беларускіх грамадзянаў пераехала ў Чэхію, краіны Балтыі, Скандынавію, Нямеччыну, Францыю? Кіраўнік МУС прапануе, каб грамадзяне інфармавалі пра карту паляка і ВНЖ кампетэнтныя органы. Толькі вось большасць гэтых людзей, хутчэй за ўсё, не прыедзе ў Беларусь пры Лукашэнку, калі да гэтага не змусяць нейкія складаныя жыццёвыя абставіны. І напэўна, ведаючы пра больш як 1300 палітычных вязняў, не будуць звяртацца ў кампетэнтныя органы. Бо там у найлепшым выпадку іх паставяць на ўлік як «людзей з іншай арыентацыяй». А пазней могуць прыплесці і шпіянаж.

Аналітыка
Як генпракурор запярэчыў Лукашэнку. Або што хаваецца за абяцанай амністыяй і каго яна закране
2022.09.06 17:35

Палявання на карту паляка і замежны ВНЖ грамадзянаў – звычайная дэмагогія. Не трэба Лукашэнку «з’ехалыя»: свядома ж выпусціў пасля 2020 года сотні тысячаў маладых, здольных, таленавітых і, што самае галоўнае, беларусаў, якія мысляць крытычна. Заціснуў яшчэ мацней правы чалавека і пашырыў рэпрэсіі, каб і не думалі вяртацца. Няхай выязджаюць: галоўнае, каб тут не бунтавалі. У іншым выпадку рэжым не распачынаў бы крымінальных справаў і не пагражаў пазбаўленнем грамадзянства дэмакратычным палітыкам, якія вымушаныя былі пакінуць краіну.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў