Часовую павераную ў справах ЕЗ у Беларусі трымалі ў РУУС дзве гадзіны. Яе затрымалі пасля суда 6 верасня 


Часовую павераную ў справах Еўрапейскага Звязу ў Беларусі Эвэліну Шульц затрымалі пасля суда над палітвязнямі ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» 6 верасня і трымалі ў аддзяленні міліцыі каля дзвюх гадзінаў. Пра гэта паведаміла радыё «Свабода», спасылаючыся на дыпламатычныя колы ў ЕЗ.

Невядома пакуль, ці склалі ў міліцыі на дыпламатку пратакол.

Пра затрыманне Эвэліны Шульц былі апавешчаныя кіраўнік прадстаўніцтва ЕЗ у Менску Дырк Шубэль і кіраўніцтва ЕЗ у Бруселі. Іншых дыпламатаў, якія прысутнічалі 6 верасня на агучванні прысудаў у Менскім гарадскім судзе, не затрымалі.

Афіцыйнай рэакцыі ЕЗ на тое, што здарылася, пакуль няма. «Белсат» спрабуе атрымаць афіцыйнае пацверджанне здарэння ў прадстаўніцтве ЕЗ у Менску.

Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламатычных адносінах, дыпламаты маюць імунітэт.

Праваабаронцы паведамлялі 6 верасня, што пасля вынясення прысуду каля будынку суда былі затрыманыя і дастаўленыя ў Фрунзенскае РУУС некалькі сваякоў асуджаных, праваабаронца Анастасія Лойка і іншыя – не менш за 13 чалавек. Дваіх – Насту Лойку і Данііла Крашэўскага – будуць судзіць, астатніх адпусцілі.

6 верасня суддзя Сяргей Хрыпач агучыў вырак у справе Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ васьмі палітвязняў. Агулам палітвязні атрымалі 94 гады пазбаўлення волі:

  • Марфа Рабкова – 15 гадоў калоніі;
  • Андрэй Чапюк – 6 гадоў;
  • Аляксандр Францкевіч – 17 гадоў;
  • Акіхіра Гаеўскі-Ханада – 16 гадоў;
  • Аляксей Галаўко – 12 гадоў;
  • Павел Шпетны, Мікіта Дранец, Аляксандр Казлянка – 6 гадоў;
  • Андрэй Марач, Даніла Чуль – 5 гадоў.
Абноўлена
Пасля суда над Рабковай затрымалі праваабаронцу Насту Лойку, дыпламатаў цягнулі па зямлі
2022.09.06 17:33

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў