Ці вучаць па-беларуску ў беларускамоўных школах?


У беларускамоўны клас няпроста аддаць дзіця, бо тых класаў усё меней. Але навучанне ў такім класе не гарантуе, што школьнік атрымае адукацыю па-беларуску.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: ІА /«Белсат»

Афіцыйна: усё меней дзяцей вучыцца па-беларуску

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2020/21 навучальным годзе ў Беларусі 107,6 тыс. школьнікаў вучыліся па-беларуску. Гэта 10,2 % вучняў, пры тым фармальна беларускамоўных школаў больш за 40 %.

Колькасць вучняў беларускамоўных класаў няспынна змяншаецца, хоць агульны лік школьнікаў толькі расце. У 2019/20 навучальным годзе беларускамоўную сярэднюю адукацыю атрымлівалі 112 тыс. вучняў, у 2018/19 – 111,1 тыс., у 2017/18 – 120,2 тыс., у 2016/17 – 128,9 тыс. То значыць, пяць гадоў таму па-беларуску вучыліся 13,13 %.

9 % дзяцей атрымліваюць дашкольную адукацыю па-беларуску. А сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі па-беларуску практычна няма. З больш як 100 тыс. навучэнцаў установаў сярэдняй спецыяльнай адукацыі па-беларуску вучацца каля 100 чалавек. З 254,4 тыс. студэнтаў ВНУ па-беларуску вучацца каля 200.

гімназія, менск, беларускамоўная
Менская гімназія № 4 з беларускай як асноўнай мовай навучання.
Фота: Белсат

У Менску, кажуць чыноўнікі, колькасць запытаў бацькоў на беларускамоўную адукацыю павялічваецца. Цяпер у сталіцы 171 беларускамоўны клас, у такіх навучаюцца каля 4 тыс. дзяцей. Таксама ў Менску планавалі адкрыць 190 беларускамоўных групаў у дзіцячых садках – год таму такіх было 187, два гады таму – 144. А ў Горадні на 204 расейскамоўныя першыя класы адкрылі 3 беларускамоўныя і 2 польскія.

Спраўдзіць гэтыя лічбы цяжка, недзяржаўныя арганізацыі цяпер не вядуць паўнавартаснага маніторынгу сітуацыі з беларускамоўнай адукацыяй.

За беларускія школы змагаюцца

Сайт Nastaunik.info збірае звесткі пра тое, дзе ёсць беларускамоўныя класы і групы ў дзіцячых садках. А ініцыятыва «Умовы для мовы» дапамагае пісаць звароты аб выкарыстанні беларускай мовы, у тым ліку ў адукацыі – з гэтым дапаможа Telegram-бот @sluchakbot. Часам звароты аб адкрыцці ці захаванні беларускамоўнай адукацыі даюць плён, а часам і не.

У школе ў Новай Баравой, што пад Менскам, бацькі дамагліся, каб ладзілі набор у першы клас з беларускай мовай навучання. Чытач «Белсату» жыве ў Копішчы. Ён расказвае, што пабачыў абвестку пра гэта і «загарэўся» ідэяй аддаць у такі клас 6-гадовую дачку. На другі дзень у беларускамоўны клас падалі заявы бацкі ўжо 14 дзяцей, а калі заяваў набралася 33, абвестку прыбралі з сайту школы. У выніку ў беларускамоўны 1 «Б» залічылі 34 школьнікі (у дзевяці расейскамоўных класах ад 30 да 35 дзяцей).

Hавiны
«Падарунак» да Дня ведаў: у Амельянцы знішчана адзіная ў Камянецкім раёне школа з беларускай мовай навучання
2021.09.01 21:24

У Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці сёлета закрылася апошняя школа з беларускай мовай навучання. За беларускую школу ў Амельянцы змагаліся два гады, расказвае «Белсату» чытач, сабралі больш за тысячу подпісаў, і чыноўнікі летась абяцалі не закрываць установы. Але 31 жніўня бацькоў паставілі перад фактам: школа, якая працавала больш за 40 гадоў, закрываецца, дзяцей перавядуць у вёску Пагранічную – а там адукацыя па-расейску.

Раней чытачка расказвала «Белсату», як у Менску ёй нават не далі бланку з выбарам мовы адукацыі: далі паперу, у якой безальтэрнатыўна напісана «Прошу зачислить моего ребёнка в 1 класс с русским языком обучения».

Hавiны
Расейская – безальтэрнатыўная мова адукацыі? Мянчанцы далі бланк, дзе мову навучання выбралі за яе
2021.07.02 15:18

У беларускамоўных класах не заўсёды размаўляюць па-беларуску

Чытачка «Белсату» з Менску расказвае, як шукала для 11-гадовай дачкі ўстанову з беларускамоўнай адукацыяй. Сям’я ў гэтым годзе перайшла на беларускую мову, дачка вясной размаўляла па-беларуску ў расейскамоным класе (маці кажа, дачцэ «падабаўся такі эпатаж»).

Жанчына кажа, што спачатку хацела перавесці дачку ў беларускамоўны клас у школе ў сваім раёне, але пасля размовы з дырэктаркай перадумала. Дырэктарка была рада, што хтосьці ідзе ў беларускамоўны клас, бо нібыта «ў беларускамоўныя класы ідуць тыя, хто не змог трапіць у расейскамоўныя». Таксама маці насцярожыў пачатак тэлефоннай размовы з дырэктаркай. Калі яна тэлефанавала, голас у слухаўцы адказаў ёй па-беларуску, і яна перапытала, ці з дырэктаркай размаўляе, а тая адказала: «Канечне, я, а хто ж з вамі яшчэ будзе размаўляць па-беларуску».

Ілюстрацыйная выява. Вучні менскай гімназіі № 14.
Фота: gymn14.minsk.edu.by

Тады маці вырашыла пашукаць «больш беларускамоўнае асяроддзе», паехала ў беларускамоўную гімназію ў цэнтры гораду. На ўваходзе яе сустрэла прынцыпова расейскамоўная вахцёрка, якая не перайшла на беларускую нават пасля пытання, ці тая ведае беларускую мову. Дырэктарка ж расказала, што ў клас з ангельскай мовай як замежнай ужо ёсць 30 чалавек – туды ўзяць не могуць. Пераконвала пайсці ў клас з кітайскай як замежнай, бо там толькі 26 вучняў, і запэўнівала, што ў іх ёсць спецыяльныя дадатковыя заняткі для тых, хто ніколі не вывучаў кітайскую.

Жанчына паехала ў яшчэ адну гімназію, куды былі гатовыя ўзяць: якраз адзін вучань з’ехаў з Беларусі з бацькамі, у класе 20 чалавек. Дырэктарка размаўляла з ёй па-беларуску, сакратарка – спачатку па-беларуску, але як дырэктарка пацвердзіла прыём, перайшла на расейскую. З іншымі людзьмі і паміж сабой дырэктарка і сакратарка размаўлялі па-расейску. А расейскамоўная вахцёрка гімназіі нават не ведала слова «прыбіральня».

Аб’ектыў
«Патрэбная школа, якая б магла сумяшчаць і літоўскую, і беларускую». У Вільні адкрылася беларуская школа
2021.09.06 23:00

Маці вучаніцы беларускамоўнай гімназіі Юлія Крылатка расказвае ў Facebook: дачку далучылі ў агульную Viber-суполку, дзе ўсе дзеці класу размаўляюць па-расейску, і настаўніца, якую дырэктарка рэпрэзентавала як беларускамоўную, таксама размаўляе з дзецьмі па-расейску. Адзін вучань спытаў, на якой мове піша ейная беларускамоўная дачка: «Это что, украинский?»

Юлія звярталася да класнай кіраўніцы з пытаннем адносна настаўніцы ангельскай мовы, якая не здолела адказаць ейнай дачцэ па-беларуску. Класная кіраўніца папрасіла «не ўмешвацца ў навучальны працэс» і спытала: калі гэтая настаўніца сыдзе, ці пойдзе маці працаваць за яе? Урэшце класная кіраўніца параіла «накіраваць сваю энергію куды-небудзь на другое».

Hавiны
Настаўніцу з Клімавічаў вызвалілі ад адміністрацыйнай адказнасці за абразу беларускай мовы
2020.04.08 12:46

АА belsat.eu

Стужка навінаў