«Плюе ў твар каталікам». Дзяржаўная газета апублікавала карыкатуру на каталікоў. У Касцёле адказалі


Карыкатура ў газеце «Мінская праўда».
Фота: Хрысціянская візія / Telegram

Газета «Мінская праўда», адзін з заснавальнікаў якога – Менскі аблвыканкам, выйшла 7 верасня з карыкатурай на каталіцкіх святароў на галоўнай старонцы. У Каталіцкім касцёле гумару не ацанілі.

Вокладку «Мінскай праўды» апублікаваў тэлеграм-канал групы «Хрысціянская візія», якая ўваходзіць у Каардынацыйную раду. На малюнку выяўленыя каталіцкія святары, сярод іх ёсць тыя, хто трымае ў руках бел-чырвона-белы сцяг і спявае гімн «Магутны Божа», а замест хрысціянскага крыжа маюць нацысцкую свастыку. У тэксце гімн называецца калабаранцкім.

«Што гэта? Правакацыя? Хайп? Сумна, але гэта наша рэчаіснасць! Не магу не нагадаць, што кожны тыдзень мы молімся і за ворагаў касцёлу!» – пракаментаваў у Facebook з’яўленне карыкатуры прэс-сакратар Каталіцкага касцёлу ў Беларусі Юрый Санько.

Паводле яго, такой карыкатурай і адпаведным артыкулам дзяржаўная газета «плюе ў твар некалькі мільёнам каталікоў, якія жывуць у нашай краіне, а калі ўважліва паглядзець на размешчаную на першай старонцы карыкатуру, дзе зневажаецца крыж, то лічу, што абражаюць усіх хрысціянаў. Прапаганда нацысцкай сімволікі».

Распальванне варажнечы

З заявай выступіла і група «Хрысціянская візія»:

«Карыкатурны малюнак каталіцкіх святароў з крыжамі ў выглядзе свастыкі мае прыкметы наўмысных дзеянняў, накіраваных на дыфамацыю Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі, на фармаванне негатыўнага вобразу каталіцкіх святароў як «нацыстаў», на распальванне рэлігійнай варожасці або розні супраць рыма-каталіцкіх святароў. Важнай акалічнасцю зʼяўляецца таксама і факт публікацыі карыкатуры на першай паласе ў афіцыйным выданні органу выканаўчай улады, што паказвае на падтрымку падобных антыкаталіцкіх выпадаў з боку дзяржавы, сее варожасць супраць усёй рыма-каталіцкай супольнасці ў Беларусі, якая ў краіне зʼяўляецца рэлігійнай меншасцю».

У заяве гаворыцца, што падобныя дзеянні могуць быць кваліфікаваныя ў адпаведнасці з ч. 1 і ч. 2 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы»).

«Хрысціянская візія» таксама заклікала Ватыкан звярнуць увагу на факты распальвання варожасці супраць Рыма-каталіцкага касцёлу ў Беларусі з боку дзяржаўных СМІ і «адэкватна на такія факты адрэагаваць дзеля абароны міжканфесійнага міру, рыма-каталіцкай супольнасці, а таксама правоў і свабодаў вернікаў».

Hавiны
Год без мітрапаліта. Як жыве Каталіцкі касцёл, з якога ўлады «спрабавалі зрабіць ворага»
2021.09.01 12:34

МГ belsat.eu

Стужка навінаў