Жорсткая размова і дарожная мапа. Што чакаюць ад канферэнцыі «Новая Беларусь»


8 і 9 жніўня ў Вільні з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай адбудзецца канферэнцыя «Новая Беларусь», якая, як заяўляюць, збярэ на адной пляцоўцы розных прадстаўнікоў дэмакратычнага руху.

Святлана Ціханоўская і Павел Латушка размаўляюць з журналістамі ў Беларускім доме ў Варшаве. 5 ліпеня 2022 года. Фото: Жора Ройтбард / Белсат

Арганізатары адзначаюць, што ўдзельнікі беларускага дэмакратычнага руху аб’яднаныя адзіным разуменнем мэтаў, але «спосабы дасягнення гэтых мэтаў выклікаюць рознагалоссе ў дэмакратычным руху, таму мэты канферэнцыі – прааналізаваць вынікі працы за два гады, а таксама разам абмеркаваць канкрэтныя прапановы, як вывесці Беларусь з крызісу».

«Відавочна, нам усім патрэбная сумленная размова. Калі адсунуць эмоцыі, стомленасць, фрустрацыю, то атрымліваецца, мы ўсе па-ранейшаму марым аб адным. Так, ніхто з нас не канчаў універсітэты па звяржэнні дыктатур, мы многія рэчы робім упершыню, таму, вядома, рабілі памылкі, у тым ліку ў адносінах адзін да аднаго. Але няма нічога больш важнага, чым наша агульная мэта, і дзеля яе мы ўсе павінны знайсці шляхі ўзаемапаразумення. Сакрэт дэмакратыі не ў тым, каб адно аднаму падабацца, а каб умець дамовіцца. Таму, я чакаю ад канферэнцыі, каб мы ўсе дамовіліся», – распавёў «Белсату» Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

Рыхтуючы матэрыял пра вынікі дзейнасці дэмакратычных сілаў за мінулыя два гады, нашыя карэспандэнты распыталі суразмоўцаў і пра будучую канферэнцыю. Вось што яны адказалі (нагадаем, што зрабілі гэта не ўсе ініцыятывы, да якіх мы звярталіся).

Хто не будзе браць удзелу?

Сярод структураў, якія не плануюць браць удзелу ў віленскай канферэнцыі, – і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).

«Па-першае, мы дзейнічаем у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам (нават нягледзячы на цяперашні прававы калапс) і статутам партыі, дзе вызначана, што тэрыторыяй, на якой мы здзяйсняем сваю дзейнасць, з’яўляецца Рэспубліка Беларусь. Па-другое, няма гарантыі бяспекі сябрам партыі, якія жывуць у Беларусі і маглі б стаць удзельнікамі гэтага мерапрыемства», – распавёў старшыня партыі Ігар Барысаў.

Ганна Канапацкая ідзе на сустрэчу ў ЦВК.
Фота: Белсат

Няма планаў на ўдзел і кандыдатаў на прэзідэнцтва на выбарах 2020 года Сяргея Чэрачня і Ганны Канапацкай. Паводле Чэрачня, «усе вонкавыя структуры адарваліся ад рэальнасці і не дзеюць у інтарэсах грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

«Нашыя прапановы ў справе каардынацыі не былі пачутыя раней, а цяпер ужо не бачу ў гэтым і сэнсу. Вельмі розныя пазіцыі», – сказаў палітык.

Канапацкая ж увогуле заявіла, што не бярэ «ўдзелу ў імпрэзах, зарганізаваных пракрамлёўскімі самазванцамі, якія спрабуюць ствараць з сябе прадстаўнікоў беларускага народу».

«Чакаю ад гэтага толькі аднаго: чарговага масавага і лютага батгэрту праз скрадзеныя асяроддзем Ціханоўскай грошы, вылучаныя донарамі на падтрыманне дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі», – заявіла экс-кандыдатка.

«Дамовіцца пра фармат працы і стратэгію»

Не здолее ўзяць удзелу ў канферэнцыі і старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, бо мае «запланаваныя справы на тыя даты». Аднак, сказаў ён, пэўная колькасць сябраў руху з розных узроўняў арганізацыйнай структуры плануе ўдзел.

Будуць там і партнёры РЗС з Правацэнтрысцкай кааліцыі – Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. У АГП чакаюць ад падзеі «згуртаванасці, пазітыўнасці, канструктыўных абмеркаванняў сітуацыі і планаў на будучыню», каб «зноў убачыць тое святло, адчуць тую цеплыню і салідарнасць, якія нарадзіліся ў 2020-м і далі нам усім падставы ганарыцца, што мы – беларусы».

У БХД ж прызнаюць, што цяжка казаць пра чаканні «ва ўмовах, калі дэмакратычны рух перажывае пэўны крызіс і колькасць канфліктаў ды сварак узрастае». Тым не менш саму падзею хрысціянскія дэмакраты ацэньваюць «як найбольш рэальную магчымасць для большасці адказных за свае дзеянні дэмакратычных арганізацыяў ды рухаў сабрацца і дамовіцца пра фармат працы і стратэгію дзейнасці».

Вераніка Цапкала, Марыя Калеснікава і Святлана Ціханоўская ў аўтамабілі пасля заканчэння сустрэчы з выбарнікамі. Салігорск, Беларусь. 4 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Як не забыцца пра галоўнае?

Міхаіл Рубін, адзін з каардынатараў Народных амбасадаў, бачыць у будучай канферэнцыі «вельмі важны складнік для каардынацыі».

«Працуючы на карысць Вольнай Беларусі, розныя ўдзельнікі працэсу дэмакратызацыі нашага грамадства, на жаль, не маюць шмат магчымасцяў сустракацца адно з адным, абменьвацца думкамі, дзяліцца дасягненнямі і абмяркоўваць магчымыя шляхі вырашэння супольных праблем. Думаецца, кожнаму з актараў ёсць што сказаць», – сказалі ў Беларускай радзе культуры.

Удзельнікі ініцыятывы плануюць распавесці пра сваю дзейнасць і планы «яднання намаганняў беларусаў у адбудове жыццяздольнай інфраструктуры новай, вольнай беларускай культуры».

«Спадзяемся, кангрэс будзе мець свой плён, прывядзе да пазітыўных вынікаў, а не ператворыцца ў вялікую сварку. Бо, займаючыся адно абвінавачваннямі і нараканнямі, можна забыцца пра галоўнае – Беларусь, куды мы ўсе вельмі хочам вярнуцца», – заявілі ў Радзе культуры.

Размовы не пра мінулае, а пра будучыню

Лідарка суполкі «Сумленныя людзі» Лена Жываглод падкрэсліла важнасць таго, каб на канферэнцыі абмяркоўваліся прапановы палітыкаў, а не «подзвігі 2020-га і складанасці ў 2022-м»:

«Важна, каб гэта былі не прапановы для кагосьці, а прапановы, якія самі палітыкі, арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія агучваюць гэтыя прапановы, і былі гатовыя рэалізоўваць разам. Не хацелася б, каб мы пачулі парады палітыкаў, як павінна працаваць Святлана Ціханоўская, а не прапановы супольных дзеянняў. Таксама не стае разумення таго, у якую менавіта ідэю, стратэгію верыць Святлана Ціханоўская, Павел Латушка ды іншыя лідары, нягледзячы на тое, што я з імі ў кантакце».

На погляд Жываглод, падчас канферэнцыі неабходна сінхранізавацца ў далейшых дзеяннях. Яна адзначыла, што ў выніку грамадству трэба прапанаваць ідэі, «а ў ідэале – стратэгію або план дзеянняў: што ж мы будуем далей, вакол чаго абʼядноўваемся, вакол якіх каштоўнасцяў». Важна распрацаваць і дарожную мапу.

Пры гэтым, заявіла лідарка «Сумленных людзей», трэба зафіксаваць, хто будзе рэалізоўваць прапанаваны план, «дамаўляцца дзеля супольных дзеянняў, а не працягваць абвінавачванні ў адрас адно аднаго».

«Мы чакаем, што імплементарам станецца кааліцыя з прадстаўнікоў розных структураў дэмакратычных сілаў», – заявіла яна.

Ад жорсткага абмеркавання да пераходнага кабінету

Свае ідэі агучылі і прадстаўнікі сілавога блоку. Гэтак, Кіберпартызаны падкрэсліваюць, «што толькі сістэмным і праактыўным падыходам можна знішчыць рэжым Лукашэнкі і вярнуць Беларусь у еўрапейскую сямʼю».

«Мы спадзяемся, што на гэтай канферэнцыі нам удасца абмеркаваць і прапрацаваць супольную стратэгію для выхаду з палітычнага крызісу. Мы бачым, што існуюць праблемы камунікацыі паміж асноўнымі палітычнымі актарамі, і думаем, гэтая канферэнцыя дапаможа нам гэтую праблему развязаць. Мы таксама плануем выпрацаваць механізмы, якія б дазвалялі звычайным беларусам браць удзел у прыняцці стратэгічных рашэнняў і мець магчымасць атрымліваць зваротную сувязь ад палітычных лідараў», – заявілі ў ініцыятыве.

Фота: ЛП / Белсат

Між тым прадстаўнікі BYPOL паспрабуюць «пераканаць дэмакратычныя сілы ў неабходнасці фармавання за мяжой альтэрнатыўнага рэжыму паўнамоцнага органу кіравання Беларусі – пераходнага кабінету, які быў бы прызнаны сусветнаю супольнасцю, легітымізаваў бы дзеянні ўдзельнікаў плану «Перамога» пры знішчэнні рэжыму ды аператыўна мог прыняць кіраванне краінаю пасля рэалізацыі плану».

А памочнік камандзіра палка «Пагоня» Вадзім Пракопʼеў увогуле плануе «змяніць фармат гэтай рытуальнай падзеі і ператварыць яе ў пляцоўку для прадметнага, жорсткага абмеркавання памылак дэмакратычнага руху, прычынаў невыканання ім пастаўленых задачаў і яго рэфармавання».

«Я лічу, што ўсе мы, актывісты і палітыкі за мяжою, даўным-даўно вінныя беларусам праўдзівы адказ, на што былі патрачаныя гэтыя два гады. Больш за тое, час ставіць пытанне пра тое, як нам ператварыць дзейную дзіцячую НДА-структуру Офісу Святланы Ціханоўскай у інструмент рэальных зменаў у Беларусі», – кажа палітык.

У сваю чаргу фонд салідарнасці BYSOL лічыць, што «нашае прадстаўніцтва за мяжой у асобе Святланы Ціханоўскай – гэта адзін з самых галоўных актываў беларусаў».

«Таму няма ніякіх супярэчанняў таму, што падтрыманне яе павіннае быць, бо гэта адзіны чалавек, які на сёння можа наўпрост стасавацца з сусветнымі лідарамі. Я вельмі сумняюся, што ў кагосьці з лідараў беларускай дэмакратычнай апазіцыі калісьці былі такія ж магчымасці. І гэтым трэба карыстацца. Гэта шанец, які ў нас ёсць», – распавёў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак.

Канферэнцыя стартуе 8 жніўня а 12:00. «Белсат» будзе сачыць за яе падзеямі і абмеркаваннямі.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў