Як дзеці перажываюць пераезд у іншую краіну? Гутарым з аўтаркаю праекту «Дзяцінства ў эміграцыі» і псіхолагам


24-гадовая жыхарка Століна Аксана Дабрыянец была вымушаная ўцякаць з Беларусі праз палітычны пераслед і пагрозы органаў апекі забраць дзіця. Беларуска з дачкою з’ехалі ў Кіеў, які праз год таксама былі вымушаныя тэрмінова пакінуць, бо пачалася вайна. Назіраючы за тым, як дачка перажывае расстанне з домам, Аксана пастанавіла стварыць праект «Дзяцінства ў эміграцыі», у межах якога збірае гісторыі дзяцей, вымушаных з’ехаць з радзімы. Мы пагутарылі пра ініцыятыву, гісторыю падвойнага ўцякацтва, а таксама папрасілі дзіцячага псіхолага распавесці, як дзеці перажываюць эміграцыю.

Даведка
Аксана Дабрыянец з дачкою Валерыяй на мітынгу ў 2020 годзе.
Фота: Аксана Дабрыянец / Facebook

«40 хвілінаў ператрасалі кватэру і чатыры гадзіны пагражалі забраць дзіця»

У 2020 годзе Аксана Дабрыянец зарганізавала збор подпісаў за Святлану Ціханоўскую ў сваім родным Століне. Потым была назіральніцаю на выбарах і каардынатаркаю назіральнікаў ад ініцыятывы «Сумленныя людзі». Праз два дні пасля выбараў жанчыну затрымалі ды асудзілі паводле двух адміністратыўных артыкулаў, а неўзабаве зноў прыйшлі з ператрусам.

«Ператрус цягнуўся пяць гадзінаў. Пры гэтым кватэру ператрэслі за 40 хвілінаў, а астатнія чатыры гадзіны мне пагражалі, – распавядае Аксана. – Я не хацела аддаваць свайго тэлефона, у адказ на гэта мне сказалі, што я зараз паеду на содні за супраціў супрацоўнікам міліцыі, а маю дачку са школы забяруць органы апекі. І яны сапраўды тэлефанавалі ў інспекцыю ў справах няпоўнагадовых і казалі, што маю дачку Дабрыянец Валерыю трэба забраць у лякарню, бо мяне затрымліваюць».

Аксана аддала тэлефон, і яе адпусцілі:

«Я пабегла ў школу па дзіця. Я вельмі баялася, што Леру насамрэч могуць забраць не сёння, дык заўтра. Так мы пражылі два дні. Потым мне патэлефанавалі і сказалі, што мяне шукае апека. Я за 15 хвілінаў сабрала валізку, і мы паехалі ў Менск, а адтуль у Кіеў. Гэта была зіма, і дарогаю мы трапілі ў ДТЗ, што стала дадатковым траўматычным перажываннем для дачкі».

«Дачка плакала, што не можа забраць з сабою сваіх цацак і ўпрыгожанняў»

Аксана Дабрыянец з дачкою падчас тэрміновага ад’езду з Украіны.
Фота: Kids_emigration_from_Belarus / Telegram

Ва Украіне маці з дачкою пражылі роўна год, а потым пачалася вайна.

«Мы жылі ў Абалоні, але выбухаў я не чула, бо спала пад снатворным. Толькі калі прачнулася будзіць дачку ў школу, зайшла ў інтэрнэт і ўбачыла, што пачалася вайна, – прыгадвае Аксана. – Я сказала дачцэ, што трэба збіраць рэчы, бо вайна. Мы раней з ёй абмяркоўвалі такі сцэнар, таму шокам гэта не сталася, хоць, вядома, цалкам падрыхтавацца нельга было. Лера пачала плакаць, што не можа ўзяць з сабой усіх сваіх цацак і ўпрыгожанняў. Мы з’ехалі зусім без рэчаў, з двума партфелямі з дакументамі і тэхнікаю. «Free Belarus Centre» знайшоў нам машыну, якая давезла нас да Роўна, адтуль мы адправіліся на памежны пераход. 15 кіламетраў ішлі пешшу. Ноч, халодна. Гэта нават згадваць цяжка. У дачкі носам ішла кроў ад стомы. Я вельмі баялася, што туды не даедзе хуткая. Дачка плакала, увесь час задавала пытанні: ці не даляціць сюды ракета, чаму гэта з намі адбываецца…»

Цяпер Аксана з дачкой у Варшаве. Сама жанчына лекуецца ад дэпрэсіі, п’е таблеткі. Маленькая Валерыя таксама толькі нядаўна скончыла курс працы з псіхолагам. Дзяўчынка рыхтуецца пайсці ў трэці клас польскай школы. Сям’я зноў адаптоўваецца ў новай краіне.

Аксана Дабрыянец з дачкою Валерыяй.
Фота: Kids_emigration_from_Belarus / Telegram

Аксана падкрэслівае, што ўвесь час бачыць, як цяжка перажывае эміграцыю дачка. Грамадства і медыі шмат кажуць пра ўцекачоў-дарослых, а дзеці пры гэтым часта застаюцца недзе ўбаку, у той час як ім увага і дапамога якраз патрэбныя больш:

«Я перакананая, што пра дзіцячую эміграцыю трэба казаць асобна, бо дзеці інакш яе перажываюць. Дарослыя, калі пратэставалі ў 2020 годзе, разумелі наступствы, што яны могуць быць затрыманыя, трапіць за краты. Што, магчыма, давядзецца пакідаць свой дом. А дзеці гэтага не разумелі. Яны прывязаныя да сваіх бацькоў, і гэта не быў іхны выбар, што мама пойдзе на плошчу, яе потым затрымаюць і давядзецца з’язджаць. У эміграцыі дзеці сутыкаюцца з культурніцкім разрывам, няведаннем мовы, адсутнасцю пачуцця стабільнасці. Дзіця вырываюць з дому, ад сям’і, ад сяброў, са школы, з дзіцячага садка. Для дзяцей гэта большы стрэс, чым для дарослых».

«Дачка заўсёды ў чаканні, што нешта здарыцца і зноў давядзецца ўцякаць»

Аксана распавядае, як адбіліся на дачцэ два тэрміновыя пераезды за год:

«Леры цяпер 9 гадоў. Мы з’язджалі з Беларусі, калі ёй было 7. Удома ў яе шмат родных – цёткі, дзядзькі, а ў эміграцыі толькі мы ўдзвюх без магчымасці сустрэцца з блізкімі. У Кіеве дачка пайшла ў школу. Яна разумела іншых дзяцей, якія размаўлялі па-ўкраінску, але сама не магла гаварыць, і адказвала па-расейску, што не асабліва віталася. Было няпроста знайсці новых сяброў. У Польшчы мы зноў сутыкнуліся з тымі ж праблемамі. Тут дачка ўвогуле не разумела мовы, было вельмі цяжка камунікаваць з іншымі дзецьмі».

Даведка
Валерыя Дабрыянец.
Фота: Kids_emigration_from_Belarus / Telegram

Маці зазначае, што ў Леры змяніліся паводзіны:

«У яе знік давер да людзей, да свету. Яна цяпер заўсёды ў чаканні, што нешта здарыцца і зноў давядзецца некуды ўцякаць. Ёй цяжка адкрывацца людзям, сябраваць з аднагодкамі».

Нашая суразмоўца асобна падкрэслівае складанасці з адаптацыяй у школе:

«Калі мы з’язджалі з Беларусі, Лера была ў другім класе. Ва Украіне дачка зноў пайшла ў першы клас, бо я хацела, каб яна вывучыла ўкраінскую мову. У Польшчы зноў паўстала пытанне, каб аддаваць на клас раней. Але колькі разоў можна хадзіць у першы клас, як гэта будзе перажываць дзіця? Мне пайшлі насустрач і залічылі дачку ў другі клас. Цяпер увосень яна пойдзе ў трэці. Я лічу, што гэта праблема, калі дзяцей аддаюць у школу на клас раней. Бо бачу па дачцэ, што яна выглядае ўжо больш дарослай за сваіх аднакласнікаў, яна самая высокая ў класе».

«Дзеці вельмі ўразлівыя ў эміграцыі, і пра гэта трэба казаць»

Аксана імкнецца дапамагчы дачцэ даць рады з перажываннямі. Яшчэ ў Кіеве яна знайшла Леры псіхолага. Гледзячы на дачку, Аксана зразумела, што пра дзяцей у эміграцыі трэба казаць больш, іх трэба зрабіць заўважнымі:

«Калі мы пераехалі ва Украіну, мяне запрашалі на інтэрв’ю, бралі каментары. У нейкі момант дачка сказала з крыўдай у голасе: «Мама, чаму ты заўсёды ездзіш на інтэрв’ю, з табою размаўляюць, а са мною не? Я ж з табою хадзіла на плошчу, пісала лісты палітычным вязням. Чаму ў мяне нічога не пытаюцца?» Я тады падумала, што праўда – нашым дзецям ёсць што сказаць. І надумала стварыць пляцоўку, дзе дзеці маглі б казаць, адкрывацца. Так я пачала збіраць гісторыі. І пераканалася, што дзецям насамрэч важна размаўляць, распавядаць, як яны сябе адчувалі, пра свой пераезд, адаптацыю, мары, успаміны пра дом».

Да вайны Аксана брала інтэрв’ю проста ў дзяцей. Цяпер, праз траўматычныя перажыванні, яна размаўляе больш з бацькамі, а з дзецьмі ладзіць онлайн-фотасесіі, якія ім вельмі падабаюцца.

Гісторыі дзяцей Аксана збірае на старонцы «Дзяцінства ў эміграцыі» ў Instagram. Далей яна плануе зрабіць сайт і зладзіць у Польшчы выставу:

«Выставу планую больш не на беларускую, а на польскую аўдыторыю, а таксама для ўкраінцаў, каб яны прыходзілі і глядзелі, з чым мы сутыкнуліся. Бо я бачу, што яны ці не ў курсе нашай сітуацыі, ці не разумеюць, праз што прайшлі мы і нашыя дзеці. – Мая дачка ў польскай школе сутыкнулася з дыскрымінацыяй. Хлопчык-украінец назваў яе фашысткай і ўдарыў. Дзеці вельмі ўразлівыя ў эміграцыі, асабліва цяпер, і трэба пра гэта яшчэ больш казаць».

Каб падтрымаць уласны праект, Аксана разам з мастачкаю Нінаю Райдэн стварылі дзіцячую Пагоню – выяву вершнікаў, хлопчыка і дзяўчынкі. Шоперы і кубкі з дзіцячымі Пагонямі можна замовіць на старонцы ў Instagram ці Telegram.

Шоперы з дзіцячаю Пагоняю.
Фота: Kids_emigration_from_Belarus / Instagram
Кубкі з дзіцячаю Пагоняю.
Фота: Kids_emigration_from_Belarus / Instagram

Псіхолаг: расстанне з домам для дзіцяці – гэта страта адчування бяспекі

Беларускі дзіцячы псіхолаг Настасся параўноўвае перажыванне дзіцём эміграцыі з досведам страты блізкага чалавека:

«Гэта гараванне. І для дзяцей яно можа быць нават больш характэрным, бо дзеці прызвычайваюцца да нейкага месца, для іх яно асацыюецца з бяспекай. Адпаведна, калі адзін ці абое бацькоў вымушаныя хутка пераехаць з не залежных ад іх прычынаў і забраць дзіця, то яно губляе адчуванне бяспекі».

На тое, як дзіця перажыве эміграцыю, уплываюць індывідуальныя асаблівасці, але шмат што залежыць ад бацькоў, падкрэслівае Настасся:

«Важна, каб не атрымалася, што сямейнікі наўзаем адно аднаго зараджаюць негатыўнымі эмоцыямі. У нервовай сістэме дзіцяці больш люстраных нейронаў, таму яно будзе хутчэй схопліваць стрэс і напружанне мамы, а мама ў сваю чаргу яшчэ больш нервуецца, калі бачыць, у якім стане дзіця, і так па коле. Таму, калі дарослы сам не дае рады, то яму трэба звярнуцца па дапамогу ці знайсці адмыслоўца, які зможа папрацаваць з дзіцем».

Адмыслоўца падкрэслівае: для паспяховага перажывання дзіцём эміграцыі вельмі важны спакойны ўстойлівы дарослы, які ўсё прагаворвае, тлумачыць, называе рэчы сваймі імёнамі.

«Тлумачэнне – заўсёды спосаб зняць напружанне і справіцца з трывогаю, – кажа псіхолаг. – І калі бацькі могуць назваць тое, што цяпер адбываецца, для дзіцяці гэта азначае, што яны спраўляюцца, і яму можна супакоіцца».

З дашкольнікамі – разам перажываць прыгоду, з падлеткамі – размаўляць

Шопер з дзіцячаю Пагоняю.
Фота: Kids_emigration_from_Belarus / Instagram

Паводле эксперткі, не асабліва ўплывае на перажыванне дзіцём ад’езду тое, рыхтавалі яго да гэтага ці збіраць валізкі спатрэбілася тэрмінова. Больш важным фактарам будзе ўзрост.

«З майго досведу магу зазначыць, што няпроста будзе падлеткам, бо ў гэтым узросце важная наяўнасць рэферэнтнай групы аднагодкаў, і калі падлетак губляе гэтую групу, для яго гэта каласальныя перажыванні. Адпаведна, ён будзе перажываць, незалежна ад таго, рыхтуюць яго да ад’езду ці не», – кажа псіхолаг.

Каб дапамагчы падлетку перажыць ад’езд, з ім трэба размаўляць, трэба запэўніць, што ён можа дзяліцца з бацькамі ўсімі перажываннямі, што яго заўсёды выслухаюць і прымуць.

Іншая тактыка паводзінаў – з дашкольнікамі. Зусім малым дзецям не трэба распавядаць усяго, як ёсць, бо іхная псіхіка яшчэ не гатовая гэтага асэнсаваць.

«Дашкольніка можна залучыць у гульню, прыгоду, праз якую ўсёй сям’і трэба прайсці, – кажа Настасся. – Але, магчыма, гэта будзе толькі тады, калі дарослы сам можа мабілізавацца, прыдумаць гэтую прыгоду, каб псіхіка дзіцяці не абцяжарвалася перажываннямі, якіх яна яшчэ не можа агарнуць. Тады дашкольніку будзе прасцей».

Якія перажыванні нармальныя, а калі звяртацца па дапамогу

Валерыя Дабрыянец падчас выезду з Украіны.
Фота: Kids_emigration_from_Belarus / Telegram

Абсалютна нармальна, калі дзіця плача па сваіх цацках, сумуе і выказвае  эмоцыі – так яно перажывае гараванне, кажа псіхолаг:

«Было б горш, калі б дзіця не магло пра гэта казаць. У такія моманты важна быць побач з дзіцём і запэўніваць яго: маўляў, я разумею, як гэта сумна і сумую разам з табою, бо табе давялося іх пакінуць. Дашкольнікам можна прапанаваць пісаць лісты цацкам, чытаць казкі пра труса Эдўарда, які таксама выправіўся ў падарожжа, прыдумаць нейкую гісторыю, каб дапамагчы перажыць. Калі гэта школьнік і ўжо больш разумее, з ім трэба размаўляць пра гараванне і дапамагаць перажыць эмоцыі не на самоце, а побач з кімсьці».

Непакоіцца варта, калі ў дзіцяці з’явіліся паводзінавыя праявы, якіх раней не было, і яны паўтараюцца ды захоўваюцца працяглы час.

«Гэта могуць быць не характэрная раней плаксівасць, бурная і эмацыйная рэакцыя, калі не задавальняюцца нейкія патрэбы, – кажа Настасся. – Можа быць парушэнне сну, з’яўленне энурэзу. Агрэсіўныя паводзіны: дзіця будзе злавацца, кідацца ў істэрыку, спрабаваць некага ўдарыць, чакаць, што на яго нападуць. Ці, наадварот, замкнёнасць, калі дзіця не гаворыць, не сацыялізуецца і не адаптуецца ў новых умовах, сядзіць удома, і яму нічога не цікава. У падлеткаў можа быць дэпрэсія, шэраг праяваў посттраўматычнага стрэсавага разладу: парушэнне харчавання, сну, раздражняльнасць, павышаная эмацыйнасць, пачуццё віны за сваю злосць і агрэсію, за немагчымасць адчуваць тую ж любоў, пазітыўныя эмоцыі, аўтаагрэсія. Ува ўсіх гэтых выпадках трэба звяртацца па дапамогу да спецыяліста».

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў