Вардамацкі: 40 % беларусаў ухваляюць дзеянні Расеі ў вайне ва Украіне, 50 % спачуваюць украінцам


Падтрыманне расейскай вайны супраць Украіны ў Беларусі толькі крышачку знізілася з сакавіка да траўня, меркаванні крышталізаваліся.

Беларуская аналітычная майстэрня прэзентавала 6 жніўня вынікі новага сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў сярэдзіне траўня праз тэлефанаванні тысячы рэспандэнтам.

Кіраўнік майстэрні Андрэй Вардамацкі расказаў галоўную выснову: з сакавіка адбылося самавызначэнне тых, хто за вайну ці супраць яе, істотнай дынамікі ўжо не назіраецца, структура грамадства застыла.

Да ўводу беларускіх войскаў ва Украіну па-ранейшаму 85 % апытаных ставяцца негатыўна. Але калі ў сакавіку 11,1 % ставіліся да гэтага станоўча, то ў траўні 8,2 % былі за тое, каб беларускія войскі бралі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Амаль 3 % перацяклі ў «цяжка адказаць».

47 % па-ранейшаму адмоўна ставяцца да таго, што ўлады Беларусі дазволілі размясціць расейскія войскі, а прыхільнікаў гэтага з сакавіцкіх 45 % паменела да 41,2 %.

Тых, хто агулам ухваляе дзеянні Расеі ў вайне супраць Украіны, у сакавіку налічылі 42,7 %, у траўні – 39,7 %. Не ўхвалялі, адпаведна, 50,4 % у сакавіку і 51,4 % у траўні.

Больш за палову беларусаў па-ранейшаму лічаць, што Беларусь не мусіць быць ні ў якім вайскова-палітычным саюзе (51,8 % у сакавіку і 52 % у траўні), за NATO выступае толькі кожны дваццаты (4,7 % і 4,6 % адпаведна), а падтрыманне расейскага АДКБ крыху спала (з 30,4 % да 27,4 %).

За саюз з Расеяй выступаюць 46 % (лічба аднолькавая ў сакавіку і траўні), за Беларусь у Еўразвязе – 28,5 %, не ўпэўненыя 25,4 %. Вардамацкі нагадаў, што ў 2018 годзе за саюз з Расеяй былі каля 60 %.

Hавiны
Больш за 80% украінцаў падтрымліваюць уступленне Украіны ў Еўразвяз, супраць – 4%
2022.07.29 17:28

Украіне спачувалі ў травеньскім апытанні 50,3 %, Расеі – 21,1 %, абодвум бакам канфлікту – 19,3 %, нікому – 4,7 %, а не былі ўпэўненыя 4,2 %.

32,5 % лічаць, што Беларусь – суўдзельніца вайсковага канфлікту ва Украіне (плюс 0,5 адсоткавага пункта да сакавіка), 61,5 % – што не суўдзельніца (мінус 0,6), 5,3 % не ўпэўненыя (плюс 0,6).

Па-роўнаму падзяліліся адказы наконт пагрозы беларускаму суверэнітэту ад вайны ва Украіне: 45,9 % апытаных бачаць пагрозу, а 46,1 % не бачаць.

Незалежным медыям давяраюць 21,9 % апытаных, расейскім і беларускім дзяржаўным медыям давяраюць менш за 2 %. Але паменела тых, хто кажа, быццам добра ведае, што адбываецца ва Украіне: з 79,3 % у сакавіку да 74,1 % у траўні.

У канцы траўня праводзілі апытанне ва Украіне. 68,1 % апытаных ва Украіне сказалі, што стаўленне да беларусаў пагоршылася з пачатку поўнамаштабнай вайны, 3,3 % – што палепшылася, 24 % – што не змянілася. 83,5 % апытаных украінцаў лічаць Беларусь суўдзельніцаю канфлікту. 43,2 % добра ставяцца да грамадзянаў Беларусі, 47,5 % – кепска (да грамадзянаў Расеі кепска ставяцца 82,3 %, добра – 11,4 %).

Hавiны
Ідэальны шторм. Як змянілася Беларусь і беларусы з пачатку вайны
2022.06.30 18:14

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў