На Кубе маланка трапіла ў нафтасховішча. Трывае найбуйнейшы пажар у гісторыі краіны


Пацвердзілі смерць аднаго чалавека, 17 зніклі без вестак.

Маланка трапіла ў рэзервуар нафтасховішча на ўскраіне прамысловага гораду Матансас на Кубе 5 жніўня. Выбухнуў спачатку той, затым суседні рэзервуар нафтасховішча. Пажар, з якім змагаюцца дасюль, стаўся найбуйнейшым у гісторыі Кубы. На вечар 6 жніўня галоўным заданнем называлі ахалоджванне двух з чатырох рэзервуараў нафтасховішча, якія не загарэліся, і выпампоўванне паліва з іх, піша кубінскае інфармагенцтва «Prensa Latina».

Дакладна вядома пра аднаго загінулага, але 17 пажарнікаў лічацца зніклымі без вестак. Прынамсі 121 чалавек лічацца пацярпелым, 36 шпіталізаваныя, трое – у цяжкім стане. Больш за тысячу жыхароў блізкіх раёнаў эвакуявалі.

Пажар на нафтасховішчы пасля ўдару маланкі. Матансас, Куба. 6 жніўня 2022 года.
Фота: prensa-latina.cu

Куба звярталася па дапамогу ў барацьбе з пажарам да суседніх краінаў. Адгукнуліся Мексіка, Венесуэла, Расея, Нікарагуа, Аргентына, Чылі ды іншыя, Злучаныя Штаты даюць тэхнічныя кансультацыі ды абяцаюць дапамагаць, нягледзячы на санкцыі.

Дым, як сцвярджаюць, бачылі нават у сталіцы, Гаване, да якой ад Матансасу каля 100 км.

Пажар адбыўся на фоне дэфіцыту паліва на Кубе. Раней перабоі з электрычнасцю прыводзілі да пратэстаў у краіне.

Пажар на нафтасховішчы пасля ўдару маланкі. Матансас, Куба. 6 жніўня 2022 года.
Фота: prensa-latina.cu

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў