«Кажам сыну, што цяпер у яго два дамы». Удзельнікі варшаўскага Маршу годнасці – пра тое, як іхныя дзеці пераносяць эміграцыю


Атмасферу варшаўскага Маршу годнасці можна назваць нядзельнаю: сярод удзельнікаў шэсця з нагоды другой гадавіны пратэстаў у Беларусі было гэтак шмат асобаў з дзецьмі, што падавалася, яны не вытрываюць маршруту з плошчы Канстытуцыі да Замкавага пляцу праз цэнтр гораду з мноствам кавярняў з марозівам і застануцца ў якой-небудзь з іх, замест таго каб ісці ў спёку (мы памыліліся). На просьбу «Белсату» асобы з дзецьмі ў вазках, на руках або на карку распавялі, як іхным малым жывецца пасля пераезду ў Польшчу. Партрэтаў няма: дзеля бяспекі бацькі папрасілі іх не здымаць.

Удзельнікі Марша годнасці, прысвечанага другой гадавіне пратэстаў у Беларусі, ідуць па цэнтру Варшавы. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Яўгенія

У Беларусі мы хадзілі на маршы з дзецьмі. Калі прыехалі сюды, бралі ўдзел тут ува ўсіх акцыях – таксама з дзецьмі. Яны ведаюць усе лозунгі. Калі дзеці пытаюцца, калі мы паедзем у Беларусь, я кажу, што тады, калі не стане таракана.

У Польшчы жывем ужо два гады. Дзеці адаптаваліся лёгка. Мы адразу трапілі ў дзяржаўныя дзіцячы садок, у групе было мноства дзяцей з Украіны, таму было проста з моваю. На пляцоўцы каля дому ў іх сябры-палякі, па-польску яны ўжо размаўляюць.

У Беларусі з нашых сяброў і сваякоў засталіся толькі людзі, якія не падзяляюць нашага меркавання. Дадому цяпер не імкнемся, на нас там заведзеныя крымінальныя справы, сваякоў кашмараць. Робім адсюль тое, што можам.

Дзяўчаты з плакатамі сядзяць на прыступках Беларускага моладзевага хабу ў пачатку Маршу годнасці, прысвечанага другой гадавіне пратэстаў, якія паўсталі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Варшава, Польшча. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Алена

Мне падаецца, мая дачка ўсё сама разумее. Калі мы пераехалі ў Польшчу ў красавіку 2021 года, першыя два месяцы яна баялася выйсці надвор, баялася паліцыі і ўсіх людзей ва ўніформе. Мы не бралі яе з сабою на маршы, але яна чула, што абмяркоўвалі дарослыя, бачылі навіны, якія яны глядзелі. Цяпер пытанняў ужо не задае. Сумуе па бабулі і дзядулю, але яна дастаткова дарослая і разумее, што туды немагчыма вярнуцца.

Аляксандр

Мы тут ужо год, сын адаптаваўся цягам трох – чатырох месяцаў. Гэта сумна, але цяпер ён размаўляе з намі польскімі ідыёмамі. Сумуе па Беларусі. Каб падбадзёрыць, мы кажам, што ў яго цяпер два дамы – адзін тут, другі там. Тлумачым яму, што ў Беларусі кепскія людзі захапілі ўладу, нам давялося з’ехаць, але калі-небудзь мы вернемся.

Удзельнікі Маршу годнасці, прысвечанага другой гадавіне пратэстаў у Беларусі, нясуць вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Варшава, Польшча. 7 жніўня 2022 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Ала

У 2020-м нас хапалі, хапалі, хапалі, увесь час хапалі – давялося бегчы. Калі хапаюць бацьку, калі немагчыма нічога даказаць у судзе – дзіця ўсё бачыць і разумее, што забіраюць і саджаюць усіх, хто супраць улады.

Наш старэйшы вельмі хоча да бабулі з дзядулем, моцна перажываў, што не можа паехаць, але потым бачыць, што ў Беларусі многія дзеці застаюцца без бацькоў, бо іх саджаюць. Гэтак, у траўні брат мужа прыехаў да нас у госці, а пасля вяртання яго пасадзілі на 15 содняў. Ягоны сын быў гэты час без таты. А малодшы яшчэ не разумее.

Віктар

У дзяцінстве я прачытаў кніжку «Тэорыя адноснасці для дзяцей». У прадмове гаварылася, ці можна распавесці гэтую тэорыю дзецям, калі яе нават дарослыя не разумеюць. Адказ быў – так, трэба. Таму сваім дзецям мы тлумачым на жывых прыкладах.

Мы ў Польшчы ўжо год. Малодшы розніцы ад жыцця ў Беларусі пасля пераезду не адчуў. Удома размаўляем па-беларуску. Старэйшы адаптуецца добра. У школе ў яго праблемаў няма. Калі ведаеш беларускую і расейскую мовы, вывучыць польскую не так складана.

Дзеці па Беларусі сумуюць. Яшчэ да нядаўняга часу думалі вяртацца, але цяпер гэта рэальна немагчыма.

Вольны хор спявае ў пачатку Маршу годнасці, прысвечанага другой гадавіне пратэстаў, якія паўсталі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.  
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Марыя

У 2020 годзе я з першых дзён брала ўдзел у мірных маршах. Малодшай тады было два гады, мы ездзілі ў вазку і паказвалі вікторыю. Яна разумела, што калі мама так робіць, так мусіць быць.

У выніку мяне пасадзілі. Мы пратрымаліся ў Беларусі год, але потым уцяклі. Пераезд быў цяжкі, не рыхтаваліся да яго.

Дзяўчына з партрэтам палітзняволенай Яны Пінчук бярэ ўдзел у Маршы годнасці.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

У Польшчы дзеці адаптуюцца вельмі добра – і малодшая ў садку, і старэйшы ў школе. Сын ужо з намі напалову па-беларуску, напалову па-польску размаўляе. Яму ўжо 13, ён чытае Telegram і разумее, што адбываецца.

У Беларусі засталіся нашыя бабуля і дзядуля, нашая кватэра, наш кот, нашая зямля, нашая душа, нашае сэрца. Я кажу ім, што мы абавязкова вернемся дадому. І я іх не падманваю.

Инсталляция перед Белорусским молодежным хабом в начале Марша достоинства.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Запісаў Ян Лісіцкі

Стужка навінаў