Чаго эмігрантам не стае за мяжой і што яны хочуць забраць назад у Беларусь? Спыталі чытачоў


Часам сумна быць далёка ад Радзімы, а часам проста не стае любімай згушчанкі.

Праз палітычныя рэпрэсіі з Беларусі з 2020 года з’ехалі дзясяткі тысячаў людзей, за два гады насельніцтва Беларусі скарацілася на 150 тысячаў. «Белсат» спытаў чытачоў у Telegram, чаго ім не стае з таго, што было на Радзіме.

Мы прывялі на выяве прыклады таго, што звычайна згадваюць эмігранты: згушчанка, квас, зефір, тэкстыль… Некаторыя пагадзіліся, што такіх рэчаў праўда не стае. Іншыя абурыліся: з чаго вы ўзялі, што чагосьці бракуе, калі ўсяму можна знайсці аналагі?

Некаторыя жартавалі: не стае байцоў ГУБАЗіКу, а таксама грэчкі і солі, пра замежны дэфіцыт якіх любіць заяўляць дзяржаўная прапаганда. Іншыя пішуць сур’ёзна.

«Сала», – напісаў адзін з чытачоў. На гэта яму адказалі рэцэптам, як самастойна засаліць сала.

«Кефір беларускі, на маю думку, смачнейшы», – напісаў другі.

«Згушчанкі нармальнай не хапае ў Польшчы моцна, тут яна такая нясмачная і засалодкая», – тлумачыць іншы чытач. На гэта яму адказваюць вечным «халіварам» беларусаў: што «глыбоцкая адзіная нармальная, рагачоўская – лажа».

«Каўбасы сыравэнджанай», – дадаў яшчэ адзін.

«Глазураваных сыркоў», – піша наступны.

«Пельменяў не хапае, – піша аконны майстар з Лошыцы. – Асабліва «Мясных падушачак».

А іншы разважае: «Вось нібыта не хапае ў Польшчы квасу і «Камунаркі» (хаця ў 2020 годзе перасталі купляць увогуле), але тут можна ўсё знайсці – і квас украінскі, і смачны шакалад. Але не хапае атмасферы чагосьці роднага, як свайго дому, раёну, вёскі…»

Парады
Што трэба ведаць пра псіхалогію міграцыі і як не ўпасці ў дэпрэсію
2021.09.01 08:30

«Яшчэ можна сюды нешта накшталт «Ладэ», польская сістэма медыцыны для мяне пакуль што загадка, – расказвае чытачка Вольга. – Але найбольш не хапае доступу да беларускіх кніжак, якія ў нас усё яшчэ найчасцей выпускаюць на паперы, і магчымасці пашпацыраваць па Менску, падыхаць паветрам, родных людзей, дому. А ежа – гэта такое сабе, насамрэч, выбар прадуктаў у Варшаве нашмат большы, чым у Беларусі».

«Жыву ў Вільні, – піша чытач у бот. – Тут з цяжкасцяў:

1. Шматлікія крамы не працуюць пасля 22:00, цяжка знайсці.

2. Амаль няма дзе паесці пасля 21:00, кухні ў рэстаранах закрываюцца рана.

3. Тут не хапае добрай шаўрмы.

4. Беларуская касметыка – топ паводле суадносінаў якасць/кошт, тут цяжка знайсці такое ж.

5. Не хапае тэрміналаў для аплаты паслугаў не карткай, а грашыма».

«Жыву ў ЗША, – расказвае адзін з каментатараў з-пад Чыкага. – Часам хочацца чорнага хлеба беларускага з каўбухом і свойскімі памідорамі з градкі. Бракуе не прадуктаў, а атмасферы: паехаць на дачу, раніцай выйсці ў агарод, сарваць свежых памідораў і агуркоў, зрабіць салату са смятанай, нарваць малінаў на дэсерт, потым пайсці на рэчку з дзіцем, купацца, пазагараць. Бракуе беларускага прахалоднага лета: каб 24, а не 32. Бракуе папяровых кніг на расейскай мове, як дзіцячых, так і дарослых. Бракуе цішыні і мернасці правінцыйнага мястэчка, дзе бабкі раніцамі свойскімі яйкамі на рынку гандлююць, і мамкі з вазкамі туды-сюды на цэнтральнай вуліцы шпацыруюць. Ну і асабіста мне бракуе добрага масажыста і касметолага. А матэрыяльна ў нас усё ёсць. Нават часам зашмат. Прадукты можна купіць з любой краіны свету, а шмоткамі шафы заваленыя, насіць няма куды. Працуем з дому ў майцы і шортах. І так усё лета».

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05

«Я жыву ў Нямеччыне, таму буду казаць наконт гэтай краіны, – расказвае іншы. – Бракуе смачнай і разнастайнай кавы, добрага сэрвісу: ад рэстаранаў да б’юці-салонаў. Добрых б’юці-працэдураў, чысціні вуліцаў, ветлівейшых людзей. Ну і ясная рэч: родных і сяброў. А ўсё астатняе ў прынцыпе можна знайсці тут».

«У Нямеччыне не стае беларускага моўнага клубу, каб прыйсці, узяць кубак гарбаты ці кавы і паразмаўляць з людзьмі пра жыццё-быццё не па-нямецку ці англійску, а на роднай мове», – дадае іншы чытач з Нямеччыны.

«У Нарвегіі мне бракуе калготак «Conte» – вельмі добрая якасць і нізкі кошт», – піша Ірына.

«У Грузіі, – адгукаецца яшчэ адзін чытач, – з прадуктаў не хапае мясных, сыравэнджанай каўбасы асабліва. Дый сала таксама, тут яго наогул няма. Хаджу да беларускай крамы штотыднёва па квас яшчэ, бо няма нічога лепшага за лідскі».

Аналітыка
За колькі здаюць кватэры ў Варшаве, Вільні, Рызе, Тбілісі і Ерэване? Шукаем двухпакаёўку не ў цэнтры
2022.06.15 11:02

«Вельмі не хапае «Белавіі» і наўпроставых палётаў у Менск, не хапае вельмі цягнікоў Варшава – Менск, Вільня – Менск», – скардзіцца Алена. Чытачу Энтані ж не стае наўпроставага рэйсу ў Беларусь з буйных аэрапортаў ЗША і Канады.

«Мне не хапае блізкіх і бацькоў, а таксама магчымасці наведаць магілы бабуль, – піша чытач з нікам Pur-purik. – І яшчэ не хапае таго пачуцця адзінства з беларусамі, якое ў нас было ў 2020 годзе, калі мы нядзелямі выходзілі на мітынгі».

«Не хапае родных і Радзімы… За гэта баліць душа, – піша чытач з нікнэймам Пухнатае вуха. – Зефір нейкі?»

А чаго з таго, што ёсць за мяжой, няма ў Беларусі? Што хацелася б забраць з сабой на Радзіму? Тут адказаў менш.

Адзін чытач згадвае польскую лагістычную кампанію «InPost» і аплатны сэрвіс «Blik», але дадае: «Ну і выбары было б ОК».

Дый астанія пішуць найперш пра парламент, законнасць, правы чалавека, бізнес, свабоду і мову.

Чытач Сяргей з ЗША пералічвае: «Выбарнасць усіх дзяржаўных пасадаў: ад прэзідэнта да школьных радаў. Сістэму правілаў дарожнага руху, прынцыпы яго рэгулявання і сістэму планавання і будоўлі дарогаў. Прынцыпы фармавання падатковай сістэмы і кантролю падаткаабкладання. Вольны рынак».

«Магчымасць уплываць на пастановы мясцовых уладаў, патрабаваць і атрымоўваць ад іх справаздачы наконт працы і бюджэту, уплываць на фармаванне бюджэту… – пералічвае іншы. – Міліцыя, якая не *** [б’е] і не катуе… Незалежныя суды і адвакатура… Закон, што на баку грамадзяніна, а не на баку мянта, следчага, ці прадстаўніка іншай галіны ўлады».

«Шмат бізнес-праектаў,– піша Алесь. – Не сталічных, а самых рэгіянальных! Во народ зажыве

«За мяжой я бачыў, што людзі маюць магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю, займацца бізнесам і кіраваць дзяржавай на роднай мове, – расказвае яшчэ адзін чытач. – Гэта варта пераняць Беларусі».

«Адзінае, што трэба, дык гэта выціснуць гэны гнойны фурункул са здаровага цела! – піша чытач з нікнэймам Nietzsche, не ўдакладніўшы, што мае на ўвазе. – Варэнікаў самі налепім».

Інтэрв’ю
«У Нямеччыне буду зарабляць 2800 еўраў на старце». Беларускі хірург распавёў пра жыццё і працу ў эміграцыі
2022.07.30 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў