12 міжнародных скандалаў, у якія Беларусь трапіла з пачатку года


Калі вы чытаеце замежныя медыі, вы наўрад ці сустрэнеце там добрыя навіны пра Беларусь. Затое скандальная навіны – ці не штомесяц.

Калаж з фота: President.gov.by / АТН / Рух «За свабоду» / Ryanair / Сцяпан Латыпаў / Нацыянальны прэс-цэнтр / Ramil Nasibulin / TASS / Forum / Pixabay / lrp.lt / Віталь Шышоў / Белсат

«Белсат» прааналізаваў, якія беларускія навіны стварылі найбольшы розгалас. Добрых сярод іх няма.

Асноўная хваля цікавасці да Беларусі была за мяжою ў канцы лета і на пачатку восені 2020 года – аб пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў напісала ці не кожнае выданне, што піша пра замежжа. Але і пасля здушэння вулічных пратэстаў улады Беларусі не далі свету забыць пра сябе.

Топ-12 скандалаў з пачатку 2021 года

Талісман Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года – Вожык Спайкі (з ангельскай – Калючы). Прэсавыя матэрыялы «Hockey.by»

Перанос хакейнага чэмпіянату. Чэмпіянат свету ў хакеі меў прайсці ў 2021 годзе ў Менску і Рызе. Але шэраг палітыкаў раскрытыкавалі магчымасць правядзення першынства ў Беларусі з увагі на гвалт сілавікоў у дачыненні мірных грамадзянаў і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека. Адмовіліся фінансаваць спартовыя спаборніцтвы і буйныя кампаніі. Міжнародная федэрацыя хакею ўрэшце перанесла спаборніцтвы цалкам у Рыгу.

Навіна пра гэта на «Clarín» (Аргентына)

Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд: два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Прысуд журналісткам «Белсату». Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову абвінавацілі ў тым, што яны не проста рабілі жывую трансляцыю з акцыі памяці забітага Рамана Бандарэнкі, а нібыта бралі ў ёй актыўны ўдзел і нават кіравалі «групавымі дзеяннямі, што груба парушаюць грамадскі парадак», якія пацягнулі за сабою парушэнне працы грамадскага транспарту. Вырак абедзвюм журналісткам – 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму.

Навіна пра гэта на «La Repubblica» (Італія)

Адхіленне Беларусі ад «Еўрабачання». Дзяржаўная тэлевізія ў закрытым рэжыме выбрала песню на конкурс «Еўрабачанне-2021» – «Я научу тебя» баранавіцкага гурта «Галасы ЗМеста». У песні пачулі відавочны (і пагрозлівы) палітычны кантэкст. Еўрапейскі трансляцыйны звяз вырашыў, што песня супярэчыць непалітычнай прыродзе конкурсу, а іншага твору беларускі афіцыйны бок не прапанаваў.

Навіна пра гэта на «ABC» (Аўстралія)

Развітванне з 50-гадовым палітвязнем Вітольдам Ашуркам, які загінуў пры нявызначаных абставінах у Шклоўскай калоніі. Бярозаўка, Беларусь. 26 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Смерць Вітольда Ашурка. На 51-м годзе жыцця памёр палітвязень Вітольд Ашурак, які адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі. Прычынаю смерці назвалі «спыненне сэрца». Блізкія не вераць у негвалтоўную смерць Ашурка: цела ім аддалі толькі праз пяць дзён, з перабінтаванай галавою. У Вітольда быў зламаны нос. Незалежны эксперт агледзеў цела і сказаў, што нос зламаны дакладна не ад падзення. Ашурка пахавалі пад бел-чырвона-белымі сцягамі.

Навіна пра гэта на «Bild» (Нямеччына)

Самалёт Ryanair.
Фота: Niall Carson / PA Images / Forum

Пасадка рэйсу «Ryanair». Пасажырскі рэйс з Афінаў у Вільню, якім ляцеў вядомы журналіст і блогер Раман Пратасевіч, зрабіў вымушаную пасадку ў Менску. Дыспетчар менскага аэрапорту паведаміў пілотам пра бомбу на борце. На загад Аляксандра Лукашэнкі ў неба нават паднялі самалёт-знішчальнік. Самалёт развярнуўся перад самаю мяжой і сеў у Менску. Блогера затрымалі спецслужбы.

Навіна пра гэта на «The Guardian» (Вялікая Брытанія)

Сцяпан Латыпаў.
Фота: Сцяпан Латыпаў / vk.com

Спроба самагубства ў судзе. Палітычны зняволены Сцяпан Латыпаў спрабаваў перарэзаць сабе горла асадкай падчас судовага паседжання. Ён казаў, што перад судом правёў 51 дзень у «прэс-хаце» – адмысловым памяшканні для катаванняў. Латыпаў – абаронца муралу на плошчы Пераменаў, яго схапілі 15 верасня 2020 года ў двары, калі ён прасіў людзей у масках назвацца. Спачатку яго вінавацілі ў тым, што ён нібыта «планаваў атруціць сілавікоў», аднак цяпер судзяць за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», «супраціў пры затрыманні» і «махлярства ў асабліва буйным памеры».

Навіна пра гэта на CNN (Злучаныя Штаты)

Раман Пратасевіч падчас размовы з Маратам Маркавым. Скрыншот: ОНТ

«Прызнанні» Рамана Пратасевіча. Блогер, захоплены падчас прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair», з’явіўся спачатку на відэа сілавікоў, потым на дзяржаўным тэлеканале ОНТ. «Інтэрв’ю» са зняволеным і ягоныя «прызнанні» выклікалі хвалю каментароў як у Беларусі, так і за мяжою. На дзяржаўнай тэлевізіі было добра відаць сляды ад кайданкаў ці вяровак на руках блогера, які «каяўся».

Навіна пра гэта на «Bild» (Нямеччына)

Віктар Бабарыка ў судзе. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Reuters

Прысуд Віктару Бабарыку. Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка стаў відавочна папулярным праціўнікам Лукашэнкі перад выбарамі-2020. Аднак яго не дапусцілі да кампаніі, затрымалі перад рэгістрацыяй кандыдатаў і асудзілі на 14 гадоў пазбаўлення волі нібыта за карупцыйныя злачынствы.

Навіна пра гэта на «El Mundo» (Іспанія)

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.
Фота: bundeskanzlerin.de

«Антытэрарыстычная аперацыя». Заявы Лукашэнкі аб выкрыцці нейкай суперзмовы – звыклая рэч. Была і «справа Белага Легіёну», і «прарыў мяжы», і «змова Зянкевіча, Кастусёва, Фядуты»… Але ў ліпеньскай заяве Лукашэнкі аб чарговай «антытэрарыстычнай аперацыі» быў адзін нюанс: за каардынацыю гэтых «ячэек тэрарыстаў» ён паабяцаў выставіць прэтэнзіі канцлерцы Нямеччыны Ангеле Мэркель.

Навіна пра гэта на «Le Figaro» (Францыя)

Салдаты літоўскага войска ўсталёўваюць калючы дрот на мяжы з Беларуссю ў Друскінінкаі. 9 ліпеня 2021 года.
Фота: Janis Laizans / Reuters / Forum

Міграцыйны крызіс на мяжы з Літвой. Лукашэнка заявіў, што больш не будзе выдаткоўваць сродкаў на тое, каб стрымліваць плынь мігрантаў у Еўразвяз. Пасля гэтага плынь мігрантаў сапраўды з’явілася: у Літве на мяжы з Беларуссю затрымлівалі ў дзясяткі разоў больш мігрантаў з Іраку ды іншых паўднёвых краінаў, чым у ранейшыя гады. Частка мігрантаў кіруецца таксама ў Польшчу. Літоўскія палітыкі не раз заяўлялі, што хваля міграцыі арганізаваная Лукашэнкавым рэжымам. Цяпер Літва вырашыла не прымаць мігрантаў, а вяртаць іх назад у Беларусь.

Навіна пра гэта на «Index» (Вугоршчына)

Крысціна Ціманоўская на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве, 5 жніўня 2021 г.
Фота: ВО / Белсат

Спроба вывезці атлетку з Алімпіяды. Бягуння Крысціна Ціманоўская абурылася ў Instagram тым, што яе паставілі на эстафету, да якой яна не рыхтавалася, бо чыноўнікі наблыталі з допінг-пробамі эстафетніц, якія не паехалі на Алімпіяду. Атлетка ў аэрапорце звярнулася да паліцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэту: сказала, яе вывозяць з Токіа супраць ейнай волі. Потым з’явіўся аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, спартовыя функцыянеры пагражаюць Ціманоўскай за яе пост. Атлетку абаранілі ад вывазу ў Беларусь, цяпер яна ў Польшчы.

Навіна пра гэта на CNN (Злучаныя Штаты)

Акцыя памяці Віталія Шышова пад амбасадай Беларусі ў Кіеве.
Фота: АА / Белсат

Смерць кіраўніка Беларускага дому ва Украіне. Раніцай 2 жніўня Віталь Шышоў выправіўся на прабежку і знік. А зранку 3 жніўня яго знайшлі павешаным на ўскраіне Кіева. Паліцыя разглядае як версію суіцыду, так і тое, што гэта было забойства, замаскаванае пад суіцыд. Знаёмыя Шышова ў самагубства не вераць – і кажуць, што за кіраўніком «Беларускага дому» сачылі невядомыя.

Навіна пра гэта на «VnExpress» (В’етнам)

Скандалы становяцца часцейшыя

Асноўная ўвага да Беларусі ў замежных медыях была звязаная з пратэстамі другой паловы 2020 года. На пачатку 2021-га Беларусь згадвалі пераважна ў сувязі з аналізам тых пратэстаў і рэпрэсіямі супраць пратэстоўцаў. У некаторым сэнсе з тымі рэпрэсіямі былі звязаныя і перанос хакейнага чэмпіянату (гледачам і спартоўцам не змаглі б гарантаваць бяспекі), і адхіленне ад «Еўрабачання» (песня была выразна адрасаваная апанентам Лукашэнкі).

Ды з другой паловы траўня Беларусь стала трапляць у скандалы, да якіх была надзвычайная ўвага, якія мелі некалькі этапаў і шмат наступстваў. Усе гэтыя скандалы маюць агульную рысу: гэта не стыхійныя бедствы ці сенсацыйныя расследаванні. Улады лёгка маглі пазбегнуць гэтых скандалаў і шырокага розгаласу.

Захоп самалёта «Ryanair» – беспрэцэдэнтны скандал

З гэтых скандалаў замежныя медыі найбольш увагі надавалі захопу самалёта «Ryanair». І сам выпадак амаль беспрэцэдэнтны (бывала, што самалёты прымусова садзілі, але не здаралася, каб садзілі пад пагрозаю бомбы дзеля арышту блогера), і наступстваў было шмат (скасаванне палётаў над Беларуссю, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, «прызнанні» зняволенага Пратасевіча).

Мяркуючы са звестак сэрвісу «Google Trends», карыстальнікі пошуку «Google» пасля захопу самалёта сталі гугліць, што ж такое Беларусь, амаль гэтак жа шмат, як падчас пратэстаў. Цяпер сэрвіс прагназуе новы скачок увагі да краіны – падобна, у сувязі з алімпійскім скандалам.

Як мы вызначылі топ-12

Насамрэч скандалаў было нашмат больш за тузін, але не ўсе набылі такі шырокі розгалас. Мы вырашылі праверыць, якія навіны часцей траплялі ў выданні з далёкага замежжа, якія рэдка пішуць пра Беларусь.

У прыватнасці, мы аналізавалі 10 сайтаў замежных выданняў: аўстралійскі ABC, нямецкі «Bild», аргентынскі «Clarín», амерыканскі CNN, французскі «Le Figaro», брытанскі «The Guardian», вугорскі «Index», іспанскі «El Mundo», італьянскі «La Repubblica» і в’етнамскі «VnExpress».

У топ не трапілі шмат якія беларускіх скандалы: «зачыстка» няўрадавых арганізацыяў, галадоўка Ігара Лосіка, разгром TUT.by, спыненне вяшчання «Euronews», рэпрэсіі супраць палякаў, прысуд журналістцы Кацярыне Барысевіч і доктару Арцёму Сарокіну, вырак Паўлу Севярынцу і актывістам «Еўрапейскай Беларусі», выхад Беларусі з «Усходняга партнёрства» ды шмат іншых. Пра гэтыя падзеі шэраг прааналізаваных выданняў згадваў у пазнейшых публікацыях і аналітыцы, але не публікаваў адразу навінаў.

У вёсцы Майсеевічы Асіповіцкага раёну ракетны комплекс «Точка-У» пратараніў хату. Здарэнне ў Асіповіцкім раёне. 5 красавіка 2021 года.
Фота: TUT.by

Ды некаторыя з прааналізаваных выданняў напісалі пра адносна малазаўважныя рэчы. Напрыклад, в’етнамскае выданне «VnExpress» піша пра Беларусь даволі рэдка, але публікавала навіны пра закрыццё амбасады Беларусі ў Канадзе і пра вайсковую машыну, якая пратараніла дом пад Асіповічамі.

АА belsat.eu

Стужка навінаў