Справа палітзняволенай журналісткі Ксеніі Луцкіной накіраваная ў Вярхоўны Суд


Генеральная пракуратура Беларусі накіравала справу журналісткі Ксеніі Луцкіной, якая застаецца за кратамі са снежня 2020 года, у Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь.

Ксенія Луцкіна.
Фота: Ксенія Луцкіна / Facebook

Ксенію Луцкіну абвінавачваюць у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК РБ).

Генпракуратура сцвярджае, што, згодна з матэрыяламі справы, Луцкіна, «якая раней працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, не пазней за 17 жніўня 2020 года ўступіла ў склад так званай «Каардынацыйнай рады», у якой узначаліла групу інфармацыйнага забеспячэння і супрацьдзеяння дзяржаўным СМІ».

Паводле абвінавачання, Ксенія займалася стварэннем «грамадскага беларускага інтэрактыўнага тэлебачання», мэта якога – утойванне і скажэнне рэальных фактаў, эскалацыя пратэснай актыўнасці, стымуляванне расколу ў беларускім грамадстве, фармаванне ў людзей негатыўнага меркавання аб дзейнасці дзяржорганаў».

Пракуратура ставіць у віну журналістцы, што яна «рыхтавала і рэдагавала тэксты заяваў, зваротаў, іншых публічных выступаў і публікацыяў ад імя і ў інтарэсах «Каардынацыйнай рады» для дэстабілізацыі палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай і інфармацыйнай абстаноўкі ў краіне».

Hавiны
«Яна там робіць торт»: бацька Ксеніі Луцкінай распавёў, як ягоная дачка адзначыць дзень нараджэння ў СІЗА
2021.02.14 18:44

Луцкіну затрымалі ў снежні 2020 года. У зняволенні ў журналісткі пачаліся моцныя праблемы са здароўем – у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што жанчына адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Падставаў для змянення Луцкіной раней абранай меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту пракуратура не бачыць.

Журналістцы пагражае ад 8 да 12 гадоў турмы.

Беларускія праваабаронцы прызналі Ксенію палітзняволенай.

На 7 ліпеня 2022 года ў Беларусі за кратамі застаецца 31 супрацоўнік медыяў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў