«Спачатку выкладчыкі мяне размазалі» – беларусы пачалі здымаць сваё кіно пры дапамозе польскіх кінашколаў


Беларускія незалежныя рэжысёры пачалі рабіць фільмы пры дапамозе польскіх кінашколаў – у час, калі ў самой Беларусі магчымае толькі бяскрыўднае для дзяржавы кіно. Пасля таго, як пратэсты аказаліся задушаныя і ў Беларусі разгарнуліся маштабныя рэпрэсіі, Варшаўская школа Вайды ў супрацы з Гдыньскай кінашколай стварыла часовую праграму «Film Bridge – Belarus», каб шэсць беларускіх аўтараў змаглі падчас бясплатнага навучання развіваць свае праекты. Праграма завяршылася – і можна казаць пра вынікі, а таксама пра тое, чым навучанне ў польскіх кінашколах адрозніваецца ад адукацыі ў беларускай Акадэміі мастацтваў.

В Варшаве прошёл седьмой фестиваль белорусского кино «Bulbamovie»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шэраг беларускіх фільмаў і кароткаметражак паказалі на кінафестывалі ў Варшаве, Польшча. 12 лістапада 2021 года.
Фота: Белсат

На вучобу ў «Film Bridge» трапілі навічкі і тыя, хто ўжо мае за плячыма поўны метр альбо кароткаметражныя фільмы. Большасць з іх хаваюць імёны. Сярод адабраных у праграму кінапраектаў – гісторыі пра хатні гвалт, канфлікты ў сям’і праз падзеі 2020 года альбо стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Апошняя з’явілася ўжо цягам навучання як рэакцыя на ваенную агрэсію Расеі.

Цягам сямі месяцаў разам з т’ютарамі беларускія фільмэйкеры ўдасканальвалі свае гісторыі і здымалі кіно. Паводле плану – сцэну з ігравога фільму, якую можна паказаць і якой зацікавіць прадзюсараў, і кароткую дакументальную стужку. Усё за кошт арганізатараў «Film Bridge».

«Ідэяй было запрасіць беларускіх творцаў, якія, напэўна, не мелі б шанцу папрацаваць над сваімі праектамі ў іншым месцы, – кажа стваральнік праграмы і кіраўнік Школы Вайды Філіп Марчэўскі. – Мы хацелі дапамагчы так, які можам: праз развіццё праектаў. Мы выбралі шэсць асобаў, якія падаліся нам найцікавейшымі, каб развіваць іхныя праекты, раіць, у які бок, як нам падаецца, яны павінны развівацца, і дапамагчы ім сказаць тое, што яны хочуць сказаць».

Польскі рэжысёр Філіп Марчэўскі.
Фота: polishshorts.pl

У 2019 годзе Філіп Марчэўскі і іншы выкладчык Школы Вайды Дэньел Хасанавіч прыязджалі ў Менск на запрашэнне Майстэрні сацыяльнага кіно, цяпер ліквідаванай уладамі. Некалькі дзён яны разбіралі сцэнарыі беларускіх аўтараў і дапамагалі іх удасканаліць.

«Дэньел і Філіп проста перавярнулі нам мозг: яны паказалі, што можна, аказваецца, даваць слушныя парады, – кажа рэжысёр Андрэй Кашперскі. – Самую слушную параду ў нашай цудоўнай Акадэміі мастацтваў нам даваў, помню, выкладчык драматургіі: мыць ногі перад сном. І гэта ў параўнанні з іншымі рэальна карысная парада. А гэтыя т’ютары імкнуцца залезці аўтару ў галаву і зразумець, чаго ён хоча, дастаць з матэрыялу тое, што ў яго закладзена, хоць ім можа не падабацца тэма, жанр, стылістыка і ўсё астатняе».

Дэньел Хасанавіч успамінае, што сярод праектаў, якія ўдзельнчалі тады ў лабараторыі, большасць складалі жанравыя гісторыі – часта гэта былі антыўтопіі і навуковая фантастыка. Праекты ж, што падаваліся на «Film Bridge» ўжо ў 2021 годзе, нашмат мацней акцэнтуюць увагу на сучасных праблемах. Філіп Марчэўскі сярод іншых называе тэму «эмігранта ў новым асяроддзі».

Фрагмент працы «FORGIVENESS». Відэа прадстаўлена рэдакцыі

«Падчас курсу выбухнула вайна – гэта таксама зрабіла пэўны адбітак на тэкстах, і думаю, гэта працуе вельмі цікавым чынам, бо яно надзвычай праўдзівае – як беларусы адчуваюць сябе за мяжой, якія ў іх стасункі з украінцамі, як вайна змяняе дачыненні з палякамі. Гэта важна для шмат каго з тых, хто мусіў з’ехаць з Беларусі альбо таксама ўцякаць з Украіны».

«Паралелі з палітычнай сітуацыяй атрымаліся выпадкова»

Андрэй Кашперскі з суаўтаркай яшчэ ў 2019 годзе працавалі над сцэнаром кароткаметражнага фільму – гэта была гісторыя хатняга гвалту вачыма ахвяры, дзяўчыны. Т’ютары ж звярнулі ўвагу на іншага персанажа – хлопца, закаханага ў галоўную гераіню: маўляў, ён нашмат больш цікавы. У выніку аўтары перарабілі сцэнар і зрабілі хлопца таксама галоўным героем – і кароткі метр «Гэта наш сакрэт» пераўтварыўся ў поўны.

«Гэта такі драматычны трылер пра сексуальны гвалт ў сям’і. Галоўны герой – крыху аўтыст, які працуе ў правінцыйнай школьнай сталоўцы, – закахаўся ў дзяўчынку, якую, як ён думае, дамагаецца бацька. У выніку яны вырашаюць яго забіць».

Пасля падзеяў 2020 года аўтары адклалі праект фільму, бо ён падаваўся ім «шалёна неактуальным» – зрэшты, калі яны даведаліся пра набор на вучобу да тых жа т’ютараў, то вярнуліся да сцэнара, і аказалася, што паралелі паміж фільмам і актуальнымі падзеямі ўсё ж ёсць. З ужо абноўленым праектам яны вярнуліся да тых жа выкладчыкаў на «Film Bridge» – на вучобу прыехалі пасля таго, як 27 лютага пакінулі Украіну.

Беларускі рэжысёр Андрэй Кашперскі. Крыніца: kinopoisk.ru

«Галоўныя героі пратэстуюць супраць гвалту, які ажыццяўляецца ў дачыненні іх на працягу доўгага часу, і змагаюцца з сістэмай, у якой вымушаныя жыць. Галоўны герой жыве з дзядулем-святаром, і той прадстаўляе для яго аўтарытарную ўладу, галоўная гераіня змагаецца з гвалтам з боку бацькі. Але я б не хацеў спекуляваць на гэтую тэму: паралелі з палітычнай сітуацыяй атрымаліся выпадкова і толькі дазваляюць нам не саромецца таго, што наш фільм наўпрост не звязаны з апошнімі падзеямі ў краіне».

На праекце «Film Bridge», паводле Андрэя, выкладчыкі тлумачылі драматургію на сцэнах і кадрах: усё павінна мець сваю структуру і сваё значэнне, каб рухаць гісторыю далей. «Яны разбіраюць сцэны як асобныя творы, да стану малекулаў, каб зразумець, ці кожная з іх патрэбная агульнай структуры. Гэта дапамагае пазбавіцца непатрэбных элементаў, нават калі яны нам вельмі падабаюцца».

Да таго ж падчас навучання сцэнар фільму «Гэта наш сакрэт» набыў любоў і надзею: «Першапачаткова нашая гісторыя была безнадзейнай, але тут нам давялі, што мы не можам расказаць яе без гэтых двух элементаў. Я ўдзячны выкладчыкам, яны сапраўды думаюць далей за структуру. У беларускай Акадэміі мастацтваў усё крыху інакш: там увага надаецца мемуарам – таму, як пэўныя выкладчыкі ў 1986 годзе ішлі па калідоры УДІКу, па якім ішоў чалавек, які бачыў Таркоўскага».

«У Беларусі было адчуванне, што мяне не існуе»

Максім Буйніцкі цалкам перарабіў свой праект у працэсе навучання. Ён прыйшоў на «Film Bridge» з ідэяй поўнаметражнага фільму паводле «сапраўдных падзеяў у нашай краіне ў 2020 годзе». Вайна адсунула яе на другі план: «У мяне было ўражанне, што ўсё раздзялілася на даваенныя гісторыі і тое, што пачало адбывацца. Я хацеў неяк адгукнуцца, адчуваў нават, што не адгукнуцца нельга. Да таго ж на вучобе нам ад пачатку кажуць, што добра, каб кожная гісторыя стала фільмам. Таму цвяроза ацэньваючы сілы і магчымасці, я зразумеў, што лепш адкласці вялікі праект і зрабіць штосьці больш сціплае, але тут і цяпер».

Беларускі рэжысёр Максім Буйніцкі. Крыніца: wikipedia.org

Паводле сюжэту «Спаткання» калегі – беларус і ўкраінка – ідуць на сустрэчу акурат пасля таго, як Расея ўварвалася ва Украіну. Праўда, у дзяўчыны на гэтую сустрэчу свае планы.

«Спачатку выкладчыкі мяне, вядома, размазалі. Давялося збіраць усё па кавалачках наноў. Урэшце я зняў сцэну, каб у ёй можна было пабачыць цэлую гісторыю, і зраблю ўсё, каб гэта стала фільмам. А потым пабачым – можа, дойдзе справа да поўнага метру».

Максім Буйніцкі яшчэ ў 2012 годзе скончыў Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт тэатру, кіно і тэлебачання, пасля чаго вярнуўся у Беларусь. «Ва Украіне я зняў некалькі кароткаметражак, яны былі больш-менш заўважныя, а вось на радзіме – нічога. Таму цяпер і мая мастацкая гісторыя, і дакументальны фільм – пра беларусаў. Толькі дзіўным чынам я маю магчымасць рабіць іх у Польшчы, пры дапамозе Школы Вайды, а ў Беларусі часам было адчуванне, што мяне не існуе, – ні як рэжысёра, ні як асобы».

Фрагмент працы «Спатканне». Відэа прадстаўлена рэдакцыі

Мастацкім кіраўніком Максіма быў Дэньел Хасанавіч. «Я, можа, упершыню ў жыцці не хачу спрачацца з мастацкім кіраўніком. Ён зрабіў сваю справу вельмі сур’ёзна, я для сябе зразумеў гэтую гісторыю – мы рабілі вельмі падрабязны, паслядоўны разбор сцэнару і адказвалі на пытанні, на якія потым даводзіцца адказваць на здымачнай пляцоўцы. У Школы Вайды без перабольшвання вызначальная роля для майго праекту, без яе ўсяго гэтага папросту не было б, у Беларусі я б не зняў гэтай сцэны і гэтага фільму».

З падрыхтаванымі падчас навучання сцэнай, трытментам і рэжысёрскай эксплікацыяй Максім Буйніцкі і іншыя вучні праграмы могуць шукаць прадзюсара.

«Пошук фінансавання будзе доўгі»

Толькі шукаць фінансаванне для свайго кіно беларускім аўтарам стала яшчэ цяжэй: цяпер яны прадстаўляюць краіну-суагрэсара.

«Мы думаем, як так зрабіць, каб у гэтых фільмаў была будучыня, – кажа Філіп Марчэўскі. – Але ў гэты момант вялікай праблемай ёсць чыста палітычная праблема: расейцы і беларусы кінутыя ў адзін мех, і ўсе кажуць: «Не-не-не, мы не хочам, яны агрэсары». Акурат гэтыя людзі не агрэсары, частка з іх мае гуманітарныя візы і зазнала пераслед. Праз беларускае паходжанне, напэўна, у гэты момант ім будзе складана, але мне здаецца, міне трошку часу, і яны змогуць працаваць, бо тое, што яны прапаноўваюць, не мае нічога агульнага з рэжымам Лукашэнкі».

Фрагмент працы «Гэта наш сакрэт». Відэа прадстаўлена рэдакцыі

Андрэй Кашперскі лічыць, што пошук фінансавання будзе доўгі. Сцэну з фільму «Гэта наш сакрэт», якую здымалі на «Film Bridge», аўтары зрабілі на польскай з польскімі акторамі, хоць і пісалі пад беларускія рэаліі, а галоўны герой у сцэнары размаўляе па-беларуску.

«Я лічу, важна, каб ён размаўляў па-беларуску, – працягвае Андрэй. – Каб мы адлюстравалі ягонае беларускае нутро. Я б не хацеў, каб праект быў рэалізаваны на польскай, а рэалізаваць яго тут на беларускай цяпер нашмат больш складана».

Навучанне ў Школе Вайды і Гдыньскай кінашколе завяршылася ў чэрвені. На ім распачалі шэсць дакументальных і мастацкіх беларускіх фільмаў. Але ці ёсць у іх будучыня, калі яны змогуць быць рэалізаваныя і як умовы для беларускіх аўтараў зменяцца ў бліжэйшай перспектыве, пакажа толькі час. Паводле аднаго з выкладчыкаў, праекты кшталту «Film Bridge» акурат працуюць на тое, каб лепшая будучыня ў беларускага кіно ўсё ж была.

Артыкулы
«Мы закопвалі матэрыялы ў некалькіх лясах». Як ананімная суполка дакументалістаў здымае фільмы ва ўмовах рэпрэсіяў
2022.07.06 10:00

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Стужка навінаў