Што трэба ведаць пра бітву за Данбас: ці перамагае Расея і чаго чакаць далей?


За апошнія два месяцы расейскія войскі дасягнулі пэўных поспехаў у бітве за Данбас: яны акупавалі амаль усю Луганскую вобласць, захапілі буйныя гарады Севераданецк і Лісічанск. Але цалкам заваяваць Данбас не ўдалося. Украінскае войска не было разбітае, а наступальны парыў расейскай арміі вычарпаўся. Belsat.eu аналізуе хаду бітвы за Данбас і спрабуе разабрацца, як могуць развівацца падзеі на фронце далей.

З чаго пачалася бітва за Данбас

Пасля правалу пуцінскага бліцкрыгу ў лютым-сакавіку расейскае кіраўніцтва пастанавіла засяродзіцца на тым, каб дасягнуць поўнай перамогі на Данбасе. У красавіку расейцы пачалі перакідваць вайскоўцаў і тэхніку для генеральнага наступу, які, на задуму крамлёўскіх стратэгаў, мусіў прывесці да атачэння асноўных украінскіх сілаў. Бітву за Данбас анансавалі як найбуйнейшую ваенную аперацыю з часу Другой сусветнай вайны, што вызначыць пераможцу ў канфлікце.

Валанцёры вязуць медыкаменты на фронт. Данбас, Украіна. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Sadak Souici / Zuma Press / Forum

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра пачатак расейскага генеральнага наступу на Данбасе 19 красавіка. Спачатку ўкраінцы паспяхова стрымлівалі націск праціўніка, часам наносячы агрэсару разгромныя паразы на асобных участках фронту. Але ў траўні сітуацыя рэзка пагоршылася – расейская армія змагла перахапіць ініцыятыву.

10 траўня расейцы прарвалі фронт у ваколіцах Папаснай і пачалі развіваць наступ на трох кірунках. Яны перарэзалі дарогу ля Салядару, пасля чаго ўзнікла пагроза атачэння 10-тысячнай групоўкі ўкраінскіх войскаў у ваколіцах Лісічанску і Севераданецку. Украінскія ўлады былі вымушаныя прызнаць, што на фронце склалася вельмі складаная сітуацыя.

25 траўня пачаўся штурм Севераданецку (адміністрацыйнага цэнтру Луганскай вобласці) з трох бакоў, а 30 траўня ў горад увайшлі расейскія падраздзяленні. Амаль месяц у горадзе ішлі лютыя вулічныя баі, падчас якіх ЗСУ перыядычна контратакавалі і ў значнай ступені прытупілі аператыўны імпульс расейскага наступу. Аднак 25 чэрвеня ўкраінскае войска ўсё ж было вымушанае пакінуць Севераданецк.

Аналітыка
Севераданецк – самая гарачая зона бітвы за Данбас. Тлумачым, што там адбываецца
2022.06.08 15:02

Пасля гэтага галоўным апірышчам ЗСУ ў Луганскай вобласці зрабіўся Лісічанск. Лінія фронту там па-ранейшаму мела форму выступу, і расейская армія імкнулася стварыць кацёл для ўкраінскіх вайскоўцаў.

У першыя дні ліпеня сітуацыя там яшчэ больш пагоршылася, расейцы захапілі Залатароўку і амаль замкнулі кола атачэння. У гэтых умовах украінскае камандаванне дало загад адступіць з занятых пазіцыяў і рубяжоў. Лісічанск – апошні буйны горад Луганшчыны, які кантралявала Украіна – быў заняты расейскай арміяй 3 ліпеня. 4 ліпеня стала вядома, што расейцы фарсіравалі найбуйнейшую раку на Данбасе Сівэрскі Данец.

Hавiны
Генштаб ЗСУ прызнаў страту Лісічанску
2022.07.03 20:38

Пра поўны захоп Луганскай вобласці міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў 3 ліпеня. Але кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай сцвярджае, што рэгіён на 100 % яшчэ не акупаваны і на ўскраінах вобласці дагэтуль працягваюцца баі.

Чым тлумачацца поспехі Расеі

Поспехі Расеі на Данбасе тлумачацца дзвюма прычынамі: значнай перавагай у рэсурсах і зменай у тактыцы.

Расейская армія адмовілася ад спробаў арганізаваць глыбокія прарывы на розных кірунках, без належнага рыхтавання і назапашвання неабходных рэзерваў. Акурат такая тактыка прывяла да буйных паразаў і вялікіх стратаў Расеі ў лютым-сакавіку. Замест гэтага расейскае камандаванне пастанавіла сканцэнтраваць свае сілы на асобных кірунках, дзе змагло забяспечыць значную перавагу ў жывой сіле, артылерыі і авіяцыі.

Расейскія вайскоўцы едуць на бронетранспарцёры праз Лісічанск, Украіна. 4 ліпеня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны сцвярджаў у чэрвені, што Расея мае дзесяціразовую перавагу ў артылерыі. Брытанскае выданне «The Independent» са спасылкаю на даклад выведкі паведамляла, што расейская армія на Данбасе колькасцю гарматаў і РСЗА пераўзыходзіць Украіну ў 20 разоў, а колькасцю боепрыпасаў – у 40 разоў. Пры гэтым ЗСУ саступалі расейскай арміі не толькі колькасцю артылерыі, але і дальнабойнасцю РСЗА. Як сцвярджала ўкраінскае кіраўніцтва, у асобныя дні расейцы на ўсходзе краіны маглі выпускаць да 45 тыс. снарадаў, а ўкраінскія абаронцы ў адказ выстрэльвалі 1–2 тыс. боепрыпасаў і ледзь не плакалі над кожным снарадам.

Масаваныя артылерыйскія ўдары, якім ЗСУ не маглі супрацьпаставіць адэкватнай агнявой моцы, прыводзілі да вялікіх стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў. Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў паведаміў 9 чэрвеня, што Украіна штодня губляе на фронце каля 100 асобаў забітымі і да 500 параненымі. Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк заявіў, што кожны дзень гінуць каля 100–200 украінскіх вайскоўцаў. Кіраўнік фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія наогул казаў пра 1000 забітых і параненых штодзень.

Чаго дасягнула Расея, і чаго дасягнула Украіна

Захоп Луганскай вобласці мае важнае значэнне для Крамля найперш з палітычнага і прапагандысцкага гледзішча – гэта дае магчымасць заявіць пра нібыта буйную ваенную перамогу і дасягненне адной з мэтаў вайны («вызвалення Данбасу»). Але з ваеннага пункту гледжання задачы расейскага боку застаюцца нявыкананымі. Расея не змагла разграміць украінскай арміі, а менавіта гэта было галоўнай мэтай генеральнага наступу на Данбасе.

Мясцовыя жыхары выходзяць з бамбасховішча ў Лісічанску, Украіна. 5 ліпеня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

У Кіеве заўсёды падкрэслівалі, што часовая страта тэрыторыяў не ёсць трагедыяй, куды больш важна захаваць армію. Акурат неабходнасцю выратаваць жыцці вайскоўцаў і пазбегчы іх атачэння ўкраінскі Генштаб тлумачыў адступленне з Севераданецку і Лісічанску. У ЗСУ мяркуюць, што інакш бы паўтарылася трагедыя пад Ілавайскам, дзе ўкраінцы ў 2014-м трапілі ў кацёл, пасля чаго краіна была вымушаная пайсці на падпісанне Менскіх дамоўленасцяў.

Украіна не толькі змагла пазбегчы катла на Данбасе, але і выгуляла час. Нягледзячы на пагрозу атачэння, украінская групоўка 1,5 месяца звязвала праціўніка баямі ў ваколіцах Севераданецку і Лісічанску, а потым арганізавана адышла на падрыхтаваныя пазіцыі.

У плане захопу тэрыторыяў поспехі расейскага войска выглядаюць вельмі сціпла, калі браць агульныя маштабы канфлікту. Некаторыя эксперты нават параўноўваюць тэмпы прасоўвання расейскай арміі з тэмпамі прасоўвання арміяў на пазіцыйным этапе Першай сусветнай вайны. Напрыклад, горад Севераданецк, які перад вайной быў усяго за 40 км ад лініі размежавання з «ЛНР», быў узяты толькі напрыканцы чацвёртага месяца поўнамаштабнага ўварвання. Прычым у выніку акупанты атрымалі не горад з развітой прамысловасцю, а проста руіны.

Дым і друз падымаюцца пасля абстрэлаў гораду Севераданецк, Украіна. 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News

За гэтыя поспехі Расеі прыйшлося заплаціць завысокі кошт, несувымерны рэальнай аператыўнай і стратэгічнай выгадзе. Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч сцвярджае, што толькі ў баях пад Лісічанскам расейцы страцілі каля 7 тыс. чалавек. У выніку расейская групоўка на Луганшчыне была ў значнай ступені абяскроўленая і страціла свой наступальны парыў. У выніку 4 ліпеня Уладзімір Пуцін загадаў даць расейскім вайскоўцам час на адпачынак, каб нарасціць сілы. Мінабароны РФ было вымушанае абвесціць пра паўзу ў баях для аднаўлення баявых магчымасцяў.

Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што войскам на гэтым кірунку сапраўды патрэбны значны перыяд для адпачынку і пераўзбраення, перш чым аднавіць буйнамаштабны наступ. Праўда, гэта не азначае поўнага спынення баявых дзеянняў.

Былы лідар узброеных фармаванняў «ДНР» Ігар Стралкоў (Гіркін) быў вымушаны прызнаць, што расейская армія не толькі не змагла разграміць украінскай на гэтым этапе вайны, але цяпер у прынцыпе няздольная будзе гэта зрабіць без усеагульнай мабілізацыі ў РФ.

Чым можа скончыцца бітва за Данбас?

Хаця ў Маскве заявілі пра пэўную паўзу ў баявых дзеяннях, наўрад ці яна будзе працяглай – бітва за Данбас яшчэ не скончылася. Чакаецца, што неўзабаве Расея сканцэнтруе свае сілы на захопе Данецкай вобласці. Галоўнымі цэлямі, імаверна, стануць Славянск і Краматорск.

Украінскія салдаты ў Славянску, Украіна. 3 ліпеня 2022 года.
Фота: Michal Burza / Zuma Press / Forum

Ажыццявіць гэтую задачу будзе няпроста не толькі праз тое, што расейцы былі выматаныя баямі ў Луганскай вобласці. ЗСУ змаглі выпраміць лінію фронту і пазбавіліся ад пагрозы атачэння, якая навісала над украінскай групоўкай 1,5 месяца. Імаверна, новую лінію фронту ўкраінцам будзе прасцей абараняць, чым выступ ля Лісічанску і Севераданецку.

Акрамя таго, украінскае кіраўніцтва сцвярджае, што сітуацыя з боепрыпасамі ўсё-ткі пачала паляпшацца. Арэстовіч заявіў 6 ліпеня, што артылерыя ЗСУ пачала працаваць значна інтэнсіўней, чымся 1–2 месяцы таму – цяпер «снарадаў можна не эканоміць». З таго моманту, як у траўні Расея перахапіла ініцыятыву ў бітве за Данбас, ЗСУ атрымалі ад заходніх партнёраў новыя партыі сучаснага ўзбраення, у тым ліку высокадакладныя ракетныя сістэмы залпавага агню HIMARS. Усё гэта мусіць павысіць шанцы ўкраінскага боку забяспечыць эфектыўную абарону ў Данецкай вобласці.

Аналітыка
Чаму Захад так павольна дапамагае Украіне? Колькі зброі неабходна для перамогі?
2022.06.17 14:57

Характар баявых дзеянняў пры гэтым наўрад ці зменіцца.

«Бітва за Данбас характарызуецца павольнымі тэмпамі прасоўвання і тым, што Расея масава выкарыстоўвае артылерыю, руйнуючы гарады. Баявыя дзеянні ў Данецкай вобласці амаль напэўна будуць працягвацца ў такім ключы», – прагназуе брытанская выведка.

Разам з тым цяпер становіцца зразумелым, што папярэднія чаканні палітыкаў, вайскоўцаў і экспертаў ад бітвы за Данбас былі неапраўдана завышаныя. Расейскае генеральнае наступленне на Данбасе не пацягнула за сабой карэннага пералому ў вайне і не наблізіла яе завяршэння. Па факце змаганне вылілася ў вельмі інтэнсіўныя, але пазіцыйныя баі з абмежаванымі цэлямі – тактычнымі, а не стратэгічнымі. Зусім не факт, што вырашальныя баявыя аперацыі гэтай вайны наогул будуць адбывацца на Данбасе.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў