«Санаторый наш, а лечацца расейцы». Ці магчыма трапіць у беларускі санаторый пасярод лета, і колькі гэта каштуе?


Беларускія санаторыі аддадзеныя на водкуп грамадзянам Расеі. У найлепшых – касмічныя цэны. Калі падлячыць нервы – дык лепей у вёску да бабулі. А калі хрыбетнік, дык і параіць цяжка… Карэспандэнт «Белсату» вывучыў прапановы беларускіх санаторыяў. За тыдзень адпачынку ў ліпені можна аддаць ад 400 да 4000 рублёў.

На Менскім моры. Менск, Беларусь. 29 чэрвеня 2020 года. Фота мае ілюстрацыйны характар: ТК / Белсат

Нашую просьбу адгукнуцца тых, хто адпачываў сёлета ў беларускіх санаторыях, чытачы сустрэлі ў сацсетках хваляй іроніі. Маўляў, не да адпачынку. «Відавочна ж, ніхто не адпачывае – грошай няма, дый настрою таксама», – піша адзін з каментатараў. «Адпачываюць у нас або з усходу людзі, або з Літвы», – кажа іншы чытач.

«Попыт у грамадзянаў Расеі – велізарны»

Невядома, як там з Літвы, але «людзі з усходу» нашыя санаторыі сапраўды бяруць у абарот. Гэта пацвярджае і наш эксперт – кіраўнік адной з беларускіх турфірмаў Алег (імя змененае).

«Свабодных месцаў на лета ў санаторыях практычна няма. Попыт велізарны ў грамадзянаў Расеі», – кажа эксперт.

З ягоных словаў, розніца ў цэнах для беларусаў і расейцаў зусім невялікая. Прыкладам, калі беларус у санаторыі «Беларусачка» пад Менскам плаціць за аднамесны нумар 114 беларускіх рублёў за дзень, то расеец там жа за такі самы нумар заплаціць 3563 расейскіх рублёў (амаль тое ж).

Асноўныя продажы робяць агрэгатары кшталту «Sanatorii.by», «Цэнтркурорт» (дзяржаўны тураператар), «Алеан» (расейскі тураператар) ды іншыя. Алег сцвярджае, што яны «выкупляюць месцы тысячамі».

«Цэны розныя: ад 60–80 рублёў за дзень з харчаваннем у прафсаюзных санаторыях – да 300 рублёў за дзень у «Альфа Радоне». Там круцей, чым у Турцыі», – гаворыць Алег.

«Цэны – космас»

Беларуска Алена, якая падзялілася з намі ўражаннямі з сёлетняга адпачынку ў санаторыі «Радон», гаворыць, што «простым смяротным беларусам усё гэта не па кішэні». «Радон» – дзяржаўны санаторый у Дзятлаўскім раёне Гарадзенскай вобласці, але гэта не той самы элітны «Альфа Радон», пра які кажа эксперт (яны месцяцца недалёка адзін ад аднаго).

Санаторый «Радон» у Гарадзенскай вобласці.
Фота: belarus-travel.ru

«Цэны – космас. Правяла там 14 дзён, і пуцёўка каштавала 1200 рублёў. У пуцёўку ўваходзіць толькі пяць працэдураў, астатняе сам купляеш. Там, напрыклад, ёсць хвалевая тэрапія, ударная, якая вельмі карысная для цягліцаў. Але адна працэдура каштуе 20 долараў, а яе трэба ўзяць 8–10 разоў. Астатнія таксама платныя», – расказвае Алена.

Жанчына мае хранічную хваробу косна-цяглічнай сістэмы, стаіць на ўліку ў рэўматолага, перыядычна праходзіць лячэнне ў шпіталі. Але за ўсё жыццё ні разу не атрымала бясплатнай пуцёўкі («На горад даюць адну-дзве, і самі ведаеце, каму яны дастаюцца»).

«Але я яшчэ маладая, неяк дам рады. А ўявіце сабе пенсіянераў, якія б захацелі трапіць у той санаторый. Нашыя людзі каля Дзятлава здымаюць кватэры за капейкі, каб проста браць працэдуры. Бо на стацыянар трапіць пенсіянеру нерэальна.

Мая свякруха была некалькі разоў, але пуцёўку мы ёй куплялі. Інакш – ніяк», – распавядае Алена.

Яна кажа, што гэта добры санаторый і працэдуры «рэальна дапамагаюць». Двухтыднёвы курс прайшла яшчэ ў студзені 2022 года. Але, каб «можна было пачувацца чалавекам» і не пакутаваць ад болю, курс трэба паўтараць кожныя паўгода. Таму ў чэрвені беларуска купіла радонавыя працэдуры без побыту ў санаторыі і штодзень на аўтамабілі пераадольвала 140 км, каб дабрацца туды і прайсці патрэбныя працэдуры.

«300 долараў патраціла на лячэнне, але ж гэта не 2000 рублёў усё-такі», – тлумачыць нашая суразмоўца.

«Расейцы скупляюць там усё»

Паводле нашай чытачкі, беларусаў там сапраўды небагата – адныя грамадзяне Расеі.

«А хто сабе можа дазволіць такое ў Беларусі? Калі я была, некалькі чалавек з Менску толькі лячылася, і тое дырэктары нейкія. А так расейцы – цэлымі сем’ямі. Яны скупляюць там усё. Грошай на працэдуры не шкадуюць. Вельмі шмат грамадзянаў Расеі», – кажа жанчына.

Паменела іх хіба падчас каронавіруснай пандэміі. Але ў 2022-м зноў навала, сцвярджае Алена.

«Вось мы кожныя паўгода сюды прыязджаем, кажуць. Ім падабаецца. Для іх гэта танна. Жывуць яны тут і месяц, і два, некаторыя – усё лета. Там побач з «Радонам» яшчэ такія домікі для пражывання стаяць – усе там яны. Вось так: санаторый наш – а лечацца расейцы», – падагульняе жанчына.

Фота мае ілюстрацыйны характар: Belsat.eu

«Калі б нашым старым і хворым такія ванны – то не стаялі б у аптэках па дарагія лекі, якія, у прынцыпе, ад касцей не дапамагаюць. Але… такая сістэма: у каго няма грошай – кладзіся і памірай», – дадае Алена.

Топ-8 дарагіх санаторыяў у Беларусі

  • «Альфа Радон» (Дзятлаўскі раён): пражыванне – 634 рублі (за дзень) у гасцявым доме, 346 рублёў – самы танны 1-пакаёвы «стандарт» у асноўным корпусе. Радонавая ванна – 25 рублёў.
  • «Юнацтва» (бераг Менскага мора): 319 рублёў – двухмесны нумар, 229 рублёў аднамесны «сінгл».
  • «Пліса» (Глыбоцкі раён): 315 рублёў за дзень – двухпакаёвы нумар, 280 рублёў – «сінгл-стандарт».
  • «Прыазёрны» (на тэрыторыі курорту «Нарач»): 194 рублі – двухмесны двухпакаёвы, 160 рублёў – аднамесны аднапакаёвы (прыкладна такія ж расцэнкі і ў нарачанскіх «Соснах»).
  • «Спутнік» (на тэрыторыі курорту «Нарач»): 192 рублі – двухмесны двухпакаёвы, 125 рублёў – аднамесны аднапакаёвы. Кансультацыя лекара-неўролага – 24 рублі.
  • «Радон» (Дзятлаўскі раён): аднамесны аднапакаёвы – ад 170 да 300 рублёў.
  • «Веста» (Дзяржынскі раён): 162 рублі – двухмесны двухпакаёвы, 190 рублёў – аднамесны «сінгл».
  • «Сасновы бор» (Маладзечанскі раён): 273 рублі – аднамесны двухпакаёвы, 62 рублі – аднамесны аднапакаёвы.

Шукаем санаторый на тыдзень

У Беларусі больш за паўсотні санаторыяў рознай спецыфікі, 13 з іх належаць «Белпрафсаюзкурорту» – унітарнаму прадпрыемству Федэрацыі прафсаюзаў РБ.

Спраўдзілі, ці магчыма простаму беларусу знайсці вольныя месцы ў санаторыях гэтым летам. Высветлілася, што так, варыянты ёсць. Цана і колькасць прапановаў вагаюцца ў залежнасці ад выбранага перыяду і якасці жытла.

Шукаю вольныя месцы на тыдзень адпачынку з 18 да 25 ліпеня, каб паправіць трохі нервы.

Агрэгатар «Sanatorii.by» прапануе адпачыць у санаторыі «Шыннік» (Бабруйскі раён) за 472 рублі, у «Чабарку» (Баранавіцкі раён) – за 539 рублёў, на «Залатых пясках» (Гомельшчына) – за 570 рублёў, у прафсаюзных «Чонках» – за 623 рублі, у «Энергетыку» (Ваўкавыскі раён) – за 644 рублі, у санаторыі «Парэчча» на беразе возера Малочнае (30 км ад Горадні) – за 700 рублёў. І нарэшце ў люксавым «Альфа Радоне» – за 4043 рублі з пражываннем у двухмесным 1-пакаёвым «double deluxe».

«Альфа Радон» адразу адмятаю, бо і за тры месяцы столькі не зараблю. Паміж Малочным возерам (у «Парэччы» кансультацыя псіхатэрапеўта каштуе не вельмі дорага – 12 рублёў) і «Залатымі пяскамі» выбіраю апошні, бо адчуваю слабасць да такіх метафараў у назве.

Пляж у санаторыі «Залатыя пяскі» ў Гомельскай вобласці.
Фота: vetliva.ru

Санаторый размяшчаецца ў Новай Гуце Гомельскай вобласці – зусім непадалёк мяжы з Украінай (там жа месціцца аднайменны памежны пераход). Бераг Сажа, дубровы, сасновыя бары, ягады, грыбы. «Асаблівы мікраклімат для зараду здароўя і бадзёрасці», – пішуць на афіцыйным сайце, даменнае імя якога заканчваецца чамусьці на «рф». Пазней знайшоўся і чыста беларускі сайт з мінулай прапановай туру выходнага дня «Назад у СССР». Але хай сабе – званю.

«Залатыя пяскі»: У нас усе маюць права адпачываць

– Дзень добры, хацеў бы палячыцца ў вас тыдзень, з 15 ліпеня, але маю пытанне…

– Добра. Але перазваніце, у нас цяпер абед.

– Хацеў проста запытацца, ці спакойна там у вас, бо недалёка ж мяжа, вайна…

– У нас усё нармальна. Сітуацыя такая, што спакойна ўсё. Але, можа, пасля абеду?..

– А ці не здарыцца так, што я буду лячыцца ў вас у суседстве з грамадзянамі Расеі?

– І што? І што грамадзяне Расейскай Федэрацыі? У нас адпачываюць грамадзяне Расейскай Федэрацыі! Адпачываюць, так – у нас жа не беларускі санаторый. У нас усе маюць права адпачываць.

– А хіба не беларускі?

– Ён беларускі, але не толькі для беларусаў. Гэта я проста няправільна сфармулявала. У нас і з Амерыкі ёсць, і з Украіны, і з Расеі, і з Беларусі – і ўсе адпачываюць. Нічога такога.

– Хацелася б з беларусамі, а казалі, што ў вас шмат расейцаў.

– Ну вы не знойдзеце такога ў нас санаторыю, каб адныя беларусы. Усюды ёсць розных нацыянальнасцяў людзі. Я не скажу, што ў нас расейцаў шмат, але, можа, чалавек 20–30 ёсць…

«Залатыя пяскі» разлічаныя на 520 ложкаў. Як на такую колькасць, дык 30 грамадзянаў РФ, калі верыць працаўніцы (ці верыць – не ведаю), было б нармальна. Абы не вайскоўцы. Але пра вайскоўцаў мне ўжо нічога не адказалі. Паабяцаў перазваніць пасля абеду, а потым – перадумаў. Няма чаго ганяцца за «залатымі пяскамі», мяркую. Па грыбы-ягады ды па «асаблівы мікраклімат» зганяю лепш да бабулі ў вёску.

Аналітыка
Куды паехаць адпачыць? Асноўныя маршруты ў беларусаў гэтым летам
2022.06.11 13:33

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў