Перад канцэртам «Купальскае кола» ў Сянне затрымалі арт-менеджара Уладзіміра Булаўскага


Увечары 6 ліпеня ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці меў прайсці канцэрт «Купальскае кола». Напярэдадні затрымалі Уладзіміра Булаўскага – музыку, арт-менеджара, арганізатара канцэртаў, які збіраўся граць з этнагуртом «Гук», паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Беларускай рады культуры.

Уладзімір Булаўскі.
Фота: Беларуская рада культуры/Telegram

«Забралі двое супрацоўнікаў у цывільным, без тлумачэння прычынаў. Нібыта завезлі яго ў Віцебск», – распавялі сябры Уладзіміра Булаўскага.

Гэта ўжо чацвёртае затрыманне Булаўскага за апошнія два гады. У верасні 2020 года мужчыну асудзілі на 8 содняў і прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП РБ). У лістападзе 2021 года – пакаралі 7-содневым арыштам, верагодна, за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП. І ў лютым, у асноўны дзень правядзення рэферэндуму, музыку арыштавалі на 15 содняў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў