Кніга пра плошчу Пераменаў падрыхтаваная да выдання. Трэба сабраць сродкі на друк


Беларускі фатограф Яўген Атцецкі абвесціў пачатак краўдфандынгавай кампаніі на друк кнігі пра менскую плошчу Пераменаў

«Сябры, маю выдатную навіну! Каля года мы рупліва працавалі, і вось нарэшце я магу сказаць: нашая кніга пра плошчу Пераменаў адпраўляецца ў друкарню. Гэта значыць, што ў сярэдзіне жніўня выданне ўбачыць свет. Няма словаў, каб перадаць маё аўтарскае хваляванне ў прадчуванні яе выхаду», – напісаў Яўген на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Плошча Пераменаў у Менску.
Фота: Яўген Атцецкі/Facebook

Кніга пра плошчу Пераменаў – гэта храналогія першых трох месяцаў барацьбы адной з самых вядомых у Беларусі дваровых супольнасцяў, якая сфармавалася на хвалі пратэстаў 2020 года.

«Гэта гісторыя суседзяў, якія наважыліся выступіць супраць несправядлівасці: сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і нябачнага дагэтуль паводле маштабаў узроўню гвалту з боку міліцыі, – апісвае кнігу аўтар. – Пры падрыхтоўцы кніжкі мы абапіраліся на традыцыю самаарганізацыі беларускіх пратэстаў 2020 года і таксама зайшлі з нізоў – звярнуліся да непасрэдных удзельнікаў тых падзеяў. Менавіта іхнымі галасамі і будзе расказаная гісторыя супольнасці плошчы Пераменаў – ад усплёску салідарнасці да разгрому і аблогі падчас нядзельнага маршу 15 лістапада 2020».

Артыкулы
«Людзі чакаюць часу, калі зноў пра сябе заявяць». Фатограф з плошчы Пераменаў – пра культавае месца і што там цяпер
2021.08.28 16:48

Кніга складаецца з вялікай колькасці фотаздымкаў і 13 асабістых гісторыяў на дзвюх мовах – беларускай і англійскай.

«Нашая мэта – не даць «перевернуть страницу», максімальна задакументаваць падзеі, сведкамі якіх мы былі», – кажа Яўген Атцецкі.

Фатограф таксама зазначае, што выданне кнігі пра плошчу Пераменаў мае для яго асабістае значэнне, бо гэта ягоны родны двор, а такія вядомыя яе жыхары, як Сцяпан Латыпаў, Раман Бандарэнка, а таксама героі кнігі – ягоныя суседзі.

Каб кніга магла пабачыць свет, трэба сабраць сродкі на друк, дзеля чаго Яўген Атцецкі абвесціў краўдфандынгавую кампанію.

Кнігу можна загадзя замовіць з дастаўкай па ўсім свеце альбо забраць самастойна ў дзень прэзентацыі: 18 жніўня ў Варшаве і 23 жніўня ў Вільні.

Кошт кнігі – прыблізна € 20. За дастаўку трэба заплаціць € 10.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў