«Вы нас тут не вучыце!» Нямецкія гісторыкі прапанавалі дыялог. Акадэмія навук Беларусі адказала ў сваім стылі


Нямецкія гісторыкі звярнуліся з адкрытым лістом з нагоды 80-й гадавіны нападу Нямеччыны на СССР. Яны пералічваюць злачынствы фашысцкіх вайскоўцаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі, прапаноўваюць аблічбаваць асноўныя фонды Федэральнага архіву і архіву КДБ, а таксама выказваюць занепакоенасць беларускаю дзяржаўнаю гістарычнаю палітыкай. Пад зваротам падпісаліся 15 аўтарытэтных экспертаў у гісторыі Усходняй Еўропы ХХ стагоддзя.

«Як прадстаўнікі гістарычнай навукі мы сёння з вялікім непакоем назіраем, як гісторыя Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі выкарыстоўваецца дзяржаўнымі органамі Рэспублікі Беларусь у якасці палітычнай зброі для дыскрэдытацыі дэмакратычнага руху. Мы таксама бачым праблему ў тым, што ва ўмовах найбуйнейшага дзяржаўнага крызісу з моманту абвяшчэння Рэспублікі Беларусь як улады, так і апазіцыя кажуць пра генацыд беларускага народу, імкнучыся гэтак паказаць сувязь сваіх палітычных праціўнікаў з нацыянал-сацыялізмам», – адзначаюць у звароце.

Аналітыка
Гісторыя як зброя: нямецкія гісторыкі прапануюць дыялог. Што адкажа Беларусь?
2021.07.04 10:00

Падпісанты лічаць «абавязкам нямецкага грамадства думаць і абмяркоўваць, як можна ў ХХІ стагоддзі разам з беларускім грамадствам захоўваць памяць пра злачынствы і разбурэнні, учыненыя на тэрыторыі тагачаснай БССР».

Ініцыятарам звароту прыйшоў афіцыйны адказ з Акадэміі навук ад беларускага прафесара, гісторыка Аляксандра Кавалені. Зірніце, як улетку 2021-га выглядае дыялог з дзяржаўнымі структурамі ў Рэспубліцы Беларусь.

«Падзяляючы вашую заклапочанасць у неабходнасці вывучыць трагедыю вайны і давесці да шырокай грамадскасці Нямеччыны масавыя злачынствы ды іх наступствы для беларускага народу, мы падтрымліваем і гатовыя да супрацы. На жаль, у вашай заяве адсутнічае заклапочанасць тым, што сёння сусветнае грамадства забывае трагедыю Другой сусветнай вайны і спаўзае да паўтарэння трагедыі новай вайны», – гаворыцца ў афіцыйным адказе.

Першая рэканструкцыя «Бабруйскага катла». Вёска Шчаткава, Бабруйскі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Каваленя падкрэслівае, што сваймі заявамі нямецкія гісторыкі спрабуюць зацягваць навуковую грамадскасць у бесперспектыўную дыскусію, а не развязваць канкрэтныя навуковыя праблемы, якія б папярэджвалі супрацьстаянне паміж народамі.

«Падкрэслім, што для нас, беларусаў, нямецкая агрэсія ў 1941–1945 гадах – гэта не толькі праблема навуковага асэнсавання, гэта рана, што не загойваецца, боль страты родных і блізкіх і мільёнаў тых, хто не змог нарадзіцца», – піша нямецкім навукоўцам Аляксандр Каваленя.

Дзяржаўны гісторык нагадвае, што «з першых дзён акупацыі Беларусі нямецкія агрэсары праводзілі мэтанакіраваную палітыку генацыду».

«За гады вайны нацысцкія карнікі ды іхныя памагатыя, нашчадкі тых, хто сёння руйнуе помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, імкнуцца вучыць нас талерантнасці і культуры памяці, чынілі жудасныя расправы над людзьмі і перасягнулі ў жорсткасці сярэднявечнае варварства. Больш за тое, некаторыя вучаць і раяць, як выкарыстоўваць у грамадска-палітычным жыцці Беларусі матэрыялы ваеннай гісторыі. Напомнім, што на акупаванай тэрыторыі Беларусі нямецкія варвары стварылі больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей… Знішчэнне беларускіх людзей мела мэтанакіраваны характар, што выцякала з нацысцкай ідэалогіі ды захопніцкай палітыкі нямецкіх нацысцкіх колаў. Нямецкія галаварэзы нярэдка заганялі людзей у будынкі і святыні, замыкалі дзверы і падпальвалі. Людзі гарэлі, паміраючы пакутліваю смерцю. Напомнім, што за гады вайны вашыя родзічы ці супляменнікі правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацыяў, разбурылі і спалілі 209 з 270 існых да вайны гарадоў і райцэнтраў, больш за 9200 сёлаў і вёсак Беларусі, з іх 5295 мясцовасцяў былі знішчаныя разам з усім насельніцтвам ці яго часткаю», – афіцыйны адказ маляўніча апісвае злачынствы нацыстаў.

Першая рэканструкцыя «Бабруйскага катла». Вёска Шчаткава, Бабруйскі раён, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

Аляксандр Каваленя называе нямецкіх гісторыкаў варварамі і выстаўляе абвінавачанне: «На жаль, з вуснаў нямецкіх навукоўцаў-гісторыкаў не гучаць словы смутку і жалю за злачынствы, а толькі палітызаваныя заявы і павучанні. Адзначу, што мы ніколі не станем немцамі, тым больш французамі ці англічанамі, мы іншыя. Наш гістарычна ментальны дух славянскай дабрыні, адкрытасці, шчырасці і спачування заўсёды скіраваны на ўзаемадапамогу людзям розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Ад нас ніколі не зыходзіў дух агрэсіі. Мы з прыроды праведнікі. Мы выстаялі ў самых суровых выпрабаваннях гістарычнага часу. З глыбіні вякоў наш народ прапаведуе дабро і міласэрнасць да тых, хто прыходзіць з дабром, а да тых, хто да нас прыходзіў з мячом, ад мяча і гінуў! Нагадаем, што прадстаўнікі беларускага народу самаахвярна змагаліся на франтах, у шэрагах партызанаў, падполлі і еўрапейскага супраціву. Пра што яскрава сведчаць узнагароды. Гэтак, 444 беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі былі ўдастоеныя звання Героя Савецкага Саюзу, чацвёра – П. Галавачоў, І. Гусакоўскі, С. Шутаў, І. Якубоўскі – уганараваныя гэтым званнем двойчы, 67 сталі кавалерамі Ордэну Славы. Каля 400 тысяч воінаў-беларусаў узнагароджаныя баявымі ордэнамі і медалямі. За гады вайны больш як 400 беларусаў сталіся генераламі і адміраламі. Больш за 140 тысячаў партызан і падпольшчыкаў Беларусі былі ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі Савецкага Саюзу, а 88 з іх прысвоенае званне Героя Савецкага Саюзу. Сёння ўдзячныя нашчадкі беларусаў узвялі каля 9 тысяч помнікаў і мемарыялаў, насыпалі 180 рукатворных курганоў славы, пад якімі вечным сном заснулі мільёны воінаў, партызанаў, падпольшчыкаў і мірных жыхароў Беларусі», – гаворыцца ў афіцыйным лісце Акадэміі навук Беларусі.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў