Украіна, Швейцарыя, Нарвегія. Хто яшчэ ўводзіць санкцыі супраць уладаў Беларусі?


Сектаральныя санкцыі Еўразвязу.
Фота: ec.europa.eu

Усё новыя еўрапейскія краіны далучаюцца да ўвядзення санкцыяў супраць прадстаўнікоў рэпрэсіўнага рэжыму ў Беларусі.

7 ліпеня пашырыла свае санкцыі супраць Беларусі Швейцарыя. Гэтак яна далучылася да санкцыяў іншых еўрапейскіх краінаў пасля таго, як улады Беларусі пасадзілі ў Менску рэйс «Ryanair», піша «Reuters».

Урад Швейцарыі дадаў 78 фізічных асобаў і сем арганізацыяў у свой санкцыйны спіс для Беларусі. Захады ўступаюць у моц сёння а 16:00 паводле менскага часу.

Яшчэ шэсць краінаў

Напярэдадні да прынятага Радай Еўразвязу 21 чэрвеня чацвёртага пакету санкцыяў супраць афіцыйнага Менску, уведзенага праз пасадку самалёта, далучыліся шэсць краінаў – кандыдатаў на ўступленне ў Еўразвяз (Паўночная Македонія, Чарнагорыя і Албанія) і краін – удзельніц Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (Ісландыя, Ліхтэнштэйн і Нарвегія).

Згаданыя краіны зробяць захады, каб іх нацыянальная палітыка ў гэтым пытанні адпавядала рашэнню Рады Еўразвязу. Гэты пакет датычыць 78 фізічных асобаў і васьмі кампаніяў – МАЗ, БелАЗ, «Белаэранавігацыя», «Bremino Group», «Globalcustom», «Новая нафтавая кампанія», «Logex», «Sohra».

Hавiны
Лукашэнка загадаў пакараць нямецкі бізнес
2021.07.06 14:28

Адзінай краінай, што кандыдуе ў ЕЗ, але не падтрымала гэтага пакету санкцыяў, была Сербія. З рашэнняў ад 21 чэрвеня яна пагадзілася дадаць у чорны спіс толькі «Белаэранавігацыю».

Украіна далучаецца да ранейшых санкцыяў

Таксама і Украіна далучыцца да першых двух пакетаў санкцый ЕЗ у дачыненні Лукашэнкі і ягонага атачэння. Урад суседняй краіны 7 ліпеня пагадзіўся з прапановаю Міністэрства замежных справаў аб далучэнні да санкцыяў, ухваленых Еўразвязам 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 года, піша ўкраінская служба радыё «Свабода».

Цяпер спецыяльныя эканамічныя і абмежавальныя захады накіруюць на разгляд Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны, і ў выпадку ўхвалення яны набудуць юрыдычную моц пасля зацвярджэння адмысловым указам украінскага прэзідэнта.

Рашэнні Еўразвязу ад 2 кастрычніка і 6 лістапада 2020 года прадугледжваюць забарону на паездкі ў Еўразвяз і замарожванне актываў 88 чалавек, разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

Hавiны
Супрацьстаяць санкцыям, развіваць вайсковую супрацу: пра што дамовіліся Пуцін і Лукашэнка
2021.07.01 13:57

МГ belsat.eu

Стужка навінаў