Украіна прапаноўвае Беларусі далучыцца да Люблінскага трохкутніка замест «рускага свету»


Міністры замежных справаў Польшчы, Літвы і Украіны падпісалі 7 ліпеня ў Вільні дарожную мапу Люблінскага трохкутніка, а таксама Дэкларацыю аб супольнай спадчыне. Кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што хацеў бы, каб да Трохкутніка далучылася Беларусь.

Збігнеў Раў, Габрыэлюс Ландсбергіс і Дзмітрый Кулеба падпісваюць Дарожную мапу Люблінскага трохкутніка.
Фота: МЗС Літвы/urm.lt

Раніцай 7 ліпеня ў віленскім Палацы валадароў сустрэліся міністры замежных справаў Польшчы – Збігнеў Раў, Літвы – Габрыэлюс Ландсбергіс і Украіны – Дзмітрый Кулеба. Мэтай сустрэчы стала падпісанне Дарожнай мапы Люблінскага трохкутніка і Дэкларацыі аб супольнай спадчыне ў сувязі з 230-й гадавінай прыняцця Канстытуцыі 3 траўня.

Збігнеў Раў падкрэсліў, што тры краіны аб’ядноўваюць агульныя каштоўнасці і спадчына.

«Мы ўсведамляем, што дзелім супольную спадчыну Першай Рэчы Паспалітай (…) – вольнасць, суверэннасць народу і падзел ўладаў, а таксама перакананне, што ўлада паходзіць ад народу. Верым, што гэта нашая традыцыя, якая сёння нас злучае», – сказаў міністр замежных справаў Польшчы.

Дыпламат дадаў, што сёння існуе шмат пагрозаў для гэтых каштоўнасцяў і спадчыны, а гэта заахвочвае тры краіны да супольных дзеянняў.

Люблінскі трохкутнік паўстаў у 2020 годзе як фармат трохбаковай супрацы паміж Польшчай, Літвой і Украінай. Ягоная мэта – паглыбленне палітычнага, эканамічнага ўзаемадзеяння, а таксама грамадскіх сувязяў паміж краінамі-удзельніцамі і падтрымка еўраатлантычных памкненняў Украіны.

Міністр замежных справаў Украіны Дзмітрый Кулеба ў сваім відэазвароце назваў Люблінскі трохкутнік альтэрнатывай «рускаму свету» і выказаў пажаданне аб далучэнні да новага аб’яднання трох краінаў Беларусі.

«Мы будзем працаваць так, каб набліжаць той момант, калі і Беларусь замест «рускага свету» абярэ Люблінскі трохкутнік», – заявіў кіраўнік МЗС Украіны.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў