У Эканамічным судзе Менску працягваецца разгляд пазову TUT.BY да адміністрацыі ПВТ


7 ліпеня праходзіць падрыхтоўчае судовае паседжанне на пазоў парталу да Парку высокіх тэхналогіяў, паведамляе TUT.BY. Адначасова супрацоўнікі бізнес-цэнтру Omega Tower здымаюць з флагштоку сцяг TUT.BY.

Паводле хадатайніцтва Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю суд праходзіць у закрытым рэжыме. Першае паседжанне адбылося 6 ліпеня.

ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» накіравала ў суд заяву аб прызнанні несапраўдным рашэння назіральнай рады ПВТ аб страце права на льготы ў 2019–2021 гадах. Да разгляду заявы Эканамічным судом быў прыпынены працэс аб прызнанні прадукцыі TUT.BY экстрэмісцкай, які распачаўся 24 чэрвеня.

Права на льготы як рэзідэнта Парку высокіх тэхналогіях «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» пазбавілі пасля хадатайніцтва Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту Дзяржкантролю, піша TUT.BY. Нагодаю стаў ліст ад 17 траўня 2021 года за подпісам намесніка старшыні КДК Ігара Маршалава на адрас дырэктара ПВТ Усевалада Янчэўскага. ПВТ прыняў рашэнне аб пазбаўленні льготаў шляхам галасавання (за – 8 галасоў, 0 – супраць, 0 – устрымаліся).

 

Hавiны
Партал TUT.by могуць прызнаць экстрэмісцкім
2021.06.24 10:17

TUT.by вінавацяць у тым, што ў матэрыялах парталу дзеянні прадстаўнікоў улады (напрыклад, Аляксандра Лукашэнкі, Наталлі Качанавай, Наталлі Эйсмант ды іншых) «характарызуюцца негатыўна». У той час як дзеянні апазіцыі TUT.by нібыта «ацэньвае выключна станоўча». Фактычна партал абвінавачваюць у тым, што журналісты асвятлялі пратэсты, распавядалі пра гвалт сілавікоў і цытавалі заявы прадстаўнікоў апазіцыі.

7 ліпеня сцяг TUT.BY знялі з флагштоку бізнес-цэнтру Omega Tower.
Фота: TUT.BY

18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама дома ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»).

Hавiны
«Справу TUT.by» прыпынілі
2021.06.24 14:06

Дамен парталу TUT.by заблакаваны з ініцыятывы Генеральнай пракуратуры, а серверы захопленыя спецслужбамі, працаўнікі TUT.by не маюць да іх доступу. Журналісты і рэдактары парталу цяпер працягваюць працаваць толькі ў сацыяльных сетках.

Агулам у межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек. 12 з іх застаюцца за кратамі.

7 ліпеня супрацоўнікі бізнес-цэнтру Omega Tower знялі з флагштоку сцяг TUT.BY. У сваім тэлеграм-канале партал тлумачыць, што гэта адбылося ў сувязі з тым, што кампанія больш не можа аплачваць арэнду офісу ў Менску, бо ўсе рахункі ТАА «ТУТБАЙ МЕДЫЯ» заблакаваныя.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў