У Берасці затрыманы рэдактар мясцовага парталу. Яго судзяць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»

Супрацоўнікі міліцыі забралі журналіста і рэдактара сайту «Першы рэгіён» Алега Супрунюка з дому 6 ліпеня прыкладна ў 22:20, паведамляў «Першы рэгіён» са спасылкай на жонку затрыманага.

Журналіста даставілі ў Ленінскі РАУС Берасця.

7 ліпеня справу Супрунюка пачаў разглядаць суд. Журналіста абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ – «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Нагода – публікацыя навіны пра ўключэнне ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці, жыхара Баранавічаў Уладзіміра Гундара. На фота, якое выкарысталі для ілюстрацыі навіны, Гундар у кашулі з арнаментам. Міліцыя ўгледзела там свастыку.

24 чэрвеня ў Ганцавічах прайшоў грамадзянскі працэс паводле заявы 6-га аддзелу ГУБАЗіКу ў Берасцейскай вобласці аб прызнанні сімвалу левабаковай свастыкі экстрэмісцкім, а таксама аб прызнанні такім матэрыялу, у якім было фота Гундара ў вышыванцы. Рашэнне яшчэ не набыло сілы.

Алегу Супрунюку пагражае штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў, грамадскія працы альбо адміністратыўны арышт. Можа таксама стасавацца канфіскацыя «прыладаў і сродкаў здзяйснення правапарушэння».

Алег Супрунюк – сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, нейкі час узначальваў берасцейскую філію. Працаваў у газеце «Брестский курьер» і іншых выданнях. Цяпер – рэдактар навінаў сайту «Першы рэгіён».

ГГ, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны