Тры ролі Ігара Андрэева, якіх ніхто з нашых артыстаў да яго не сыграў


Памёр адзін з найлепшых артыстаў Беларусі Ігар Андрэеў. Ён служыў у Нацыянальным акадэмічным дзяржаўным тэатры імя Максіма Горкага. 6 ліпеня Ігар Андрэеў адышоў у лепшы свет.

Ігар Андрэеў.
Фота: ФБ

Ігар Андрэеў быў вялікі прыхільнік паэзіі Янкі Купалы, ён актыўна выказваў нязгоду з любой несправядлівасцю і незадоўга да смерці ўвасобіў на экране тыя вобразы, якіх ніхто з айчынных артыстаў не іграў.

Ён быў першым выканаўцам ролі Васіля Быкава

Год таму Ігар Андрэеў пачаў супрацоўнічаць з гістарычна-дакументальным серыялам «Лабірынты». Ягоны дэбют у гэтым праекце – роля Васіля Быкава ў серыі «Васіль Быкаў: куля для КДБ». Стомлены нястачаю цікавых прапановаў Ігар Андрэеў быў шчаслівы выканаць гэтую ролю. Ён іграў Быкава, які вярнуўся на радзіму і ўступае ў апошні двубой са спецслужбамі. Глядзіш, як мяккі інтэлігентны, заўсёдна ўсмешлівы артыст пераўвасабляецца ў суворага, аскетычнага аўтара «Сотнікава», – і не спыняешся здзіўляцца ягонаму майстэрству.

Падчас падрыхтоўкі да ролі спадара Ігара ўразіла аповесць Быкава «Афганец», пра чалавека, які захацеў забіць дыктатара, але сам незаўважна для сябе зрабіўся ягоным верным служкам. «Гэта нашая вечная бяда: каго ненавідзім, таму і служым, а горла перагрызем чалавеку, які захоча нас ад тырана вызваліць», – гаварыў Ігар Андрэеў на здымках фільму.

Ігар Андрэеў у ролі Васіля Быкава. Фота з архіву

Ён першы ў Беларусі артыст, што сыграў Іосіфа Сталіна

У адной з наступных серыяў «Лабірынтаў», прысвечаных Янку Купалу («Янка Купала: таямніца смерці»), спадар Ігар увасобіў фантасмагарычны вобраз Іосіфа Сталіна. Андрэеў быў цалкам непазнавальны. І рэч не толькі ў грыме. Ягоны Сталін быў вонкава мяккім, шляхетным, нязлосным. І вось такі нібыта добры дзядзька раптам выхоплівае нож і пераразае горла адной са сваіх ахвяраў. Гэта выглядала жудасна, нават калі ты проста на здымачнай пляцоўцы і разумееш, што гэта ігра.

Незадоўга перад смерцю сыграў доктара, на якога ціснуць спецслужбы

Вясною гэтага года ў новай серыі «Лабірынтаў», дзе расказвалася пра Ларысу Геніюш, Ігар Андрэеў сыграў двайную ролю – галоўных дактароў Зэльвенскай і Гарадоцкай бальніцы, якія вымушаныя супрацоўнічаць са спецслужбамі і выведаць у галоўнай гераіні ейныя антысавецкія планы. Гэта была адна з лепшых роляў артыста. Ён сыграў тонкі і трагічны вобраз нібыта някепскага чалавека, які вымушаны падпарадкоўвацца абставінам, бо «вы ж самі ўсё разумееце». Падчас здымак Андрэеў казаў, што хоча перадаць псіхалагічны стан тыповага сённяшняга чыноўніка. І гэта яму ўдалося.

Ігар Андрэеў быў унікальны актор. Цалкам натуральны, калі ўвасабляў і станоўчых герояў, і маральных пачвараў, інтэлігентаў і хамаў, двудушнікаў і праўдарубаў. Акрамя акторства доўгі час займаў кіроўныя пасады (быў дырэктарам Белдзяржфілармоніі і намеснікам і першым намеснікам роднага тэатру, а таксама Тэатру юнага гледача), але гэта не сапсавала ягонага характару, у чыноўніка ён не ператварыўся. Быў цудоўным кухарам і ствараў сапраўдныя шэдэўры кулінарыі, заўсёды заставаўся верным мужам, які непадробна шчыра кахаў сваю жонку Вольгу. Калі год таму пачалася рэвалюцыя, актыўна выступаў супраць гвалту і нават быў затрыманы.

Ягоным любімым вершам быў шэдэўр Янкі Купалы «І прыйдзе…». У гэтым творы Янка Купала баяўся, што нашчадак «засумуецца», калі даведаецца, што пакаленне паэта «сагне сваю спіну ў крук», здрадзіць сваім прынцыпам і ідэалам. «Мы не павінны згінацца, – паўтараў спадар Ігар, – Не павінны». І хадзіў заўсёды з горда ўзнятай галавой і стрункаю спінай.

Развітанне з артыстам Ігарам Андрэевым адбудзецца 9 ліпеня ў 11:30 у фае НАДТ імя Горкага (вул. Валадарскага, 5). Пачатак грамадзянскай паніхіды а 12:00.

Сяргей Піліпчэня, belsat.eu

Стужка навінаў