Стала вядома, колькі супрацоўнікаў застанецца ў амбасадзе Літвы ў Беларусі


Беларускія ўлады прынялі рашэнне пакінуць у дыпламатычным прадстаўніцтве Літвы ў нашай краіне аднаго супрацоўніка консульскай службы і трох супрацоўнікаў адміністратыўна-тэхнічнага персаналу, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства замежных спраў.

Скарачэнне амбасады стала адказам на наданне дыпламатычнага статусу офісу Святланы Ціханоўскай у Вільні. 6 ліпеня Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікала часовую павераную ў справах Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Асту Андрыяўскене. У ведамстве літоўскаму дыпламату паведамілі, што афіцыйны Менск лічыць непрымальным «надзяленне некіх эфемерных структураў у выглядзе офісу так званага «Беларускага дэмакратычнага прадстаўніцтва» у Вільні афіцыйным дыпламатычным статусам».

Hавiны
Афіцыйны Менск да мінімуму скарачае дыппрадстаўніцтва Літвы ў Беларусі
2021.07.06 20:18

Таксама ў МЗС адзначылі, што наданне дыпстатусу офісу Святланы Ціханоўскай «працягвае серыю недарэчных і адкрыта варожых крокаў, якія апошнім часам прадпрыняла афіцыйная Вільня, і якія наўпрост супярэчаць духу і ўзроўню добрасуседскіх адносінаў і падрываюць двухбаковае супрацоўніцтва».

Артыкулы
Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі. Офісу Ціханоўскай надалі дыпстатус у Літве
2021.07.05 12:56

Літоўскаму дыпламату паведамілі пра рашэнне скараціць да мінімуму амбасаду Літвы ў Беларусі да адмены Літвой «несяброўскіх ініцыятываў, якія распальваюць канфрантацыю ў адносінах з Беларуссю».

МЗС Літвы ў сваю чаргу заявіла, што рыхтуе меры ў адказ на дзеянні Менску.

Віцэ-міністр замежных справаў Літвы Мантас Адоменас у інтэрв’ю тэлеканалу LRT сказаў, што скарачэнне дыпламатычнага прадстаўніцтва Літвы, пры якім застаецца толькі адзін консульскі супрацоўнік, азначае фактычнае закрыццё амбасады.

5 ліпеня офіс лідара беларускай апазіцыі, былой кандыдаткі ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай у Вільні атрымаў дыпламатычны статус. Літва першай з краінаў Еўразвязу пайшла на такі крок.

Раней беларускія ўлады ўжо скарацілі амбасаду Латвіі, пакінуўшы там аднаго супрацоўніка.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў