Прэзідэнта Гаіці Жавенэля Маіза застрэлілі ва ўласным доме невядомыя


Група ўзброеных невядомых ноччу з 6 на 7 ліпеня здзейсніла напад на рэзідэнцыю прэзідэнта Гаіці Жавенэля Маіза, паведамляе Руская служба BBC са спасылкай на прэм’ер-міністра краіны Клода Жозэфа.

У выніку нападу прэзідэнт быў забіты, ягоная жонка Марціна Маіз параненая.

«Сёння а 1-й гадзіне ўначы, 7 ліпеня, група невядомых асобаў, якія размаўлялі на іспанскай і англійскай мовах, здзейсніла забойства прэзідэнта Рэспублікі. Прэзідэнт памёр ад ранаў», – сказаў прэм’ер-міністр.

Клод Жозэф паведаміў, што ўзяў на сябе абавязкі кіраўніка Гаіці. Ён заклікаў да спакою і запэўніў, што паліцыя і армія будуць падтрымліваць парадак у краіне.

Гаіці – адна з бяднейшых краінаў свету. Яе насельніцтва складае 10,6 мільёнаў чалавек.

У лютым мінулага году ў Гаіці распачаліся пратэсты, удзельнікі якіх патрабавалі адстаўкі Маіза. Пратэстоўцы абвінавачвалі прэзідэнта ў росце інфляцыі, карумпаванасці чыноўнікаў і пагаршэнні сітуацыі ў эканоміцы, у імкненні ўсталяваць у краіне дыктатуру.

Жавенэль Маіз прыйшоў да ўлады ў 2016 годзе пасля другога туру выбараў. У 2018 годзе ў Маіза стралялі падчас цырымоніі, прысвечанай 212-й гадавіне смерці заснавальніка Гаіці. Прэзідэнт тады сур’ёзна не пацярпеў, але былі параненыя трое супрацоўнікаў аховы.

Сёлета ў сакавіку ў Гаіці прайшлі пратэсты супраць прапанаваных Маізам паправак да канстытуцыі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў