Непаўналетняга Мікіту Залатарова з Гомля, якому нядаўна далі 5 гадоў калоніі, зноў судзяць


Мікіта Залатароў.
Фота: ГК / belsat.eu

7 ліпеня ў Гомлі ў судзе Цэнтральнага раёну (суддзя Казачок) распачаўся працэс над палітзняволеным 17-гадовым Мікітам Залатаровым. Гэтым разам яго вінавацяць у гвалце над супрацоўнікамі СІЗА №3, дзе падлетка ўтрымліваюць са жніўня мінулага году (падчас следства, суду і апеляцыі) паводле арт. 364 КК РБ.

Згодна з абвінавачаннем, якое агучыла пракурорка, Мікіта Залатароў 21 сакавіка, калі знаходзіўся ў кабінеце ў псіхолага катэгарычна адмовіўся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў СІЗА – прайсці ў камеру. У выніку – супрацоўнік Лучкін і Хацкоў ужылі фізічную сілу і вывелі яго ў калідор, каб адвезці ў камеру. Там Мікіта Залатароў зрабіў Лучкіну падножку і супрацоўнік упаў. Калі падняўся ён прыціснуў Залатарова да сцяны, у гэты час непаўналетні схапіў яго за валасы і шыю, такім чынам «прычыніў пацярпеламу фізічны боль і пабоі».

На судзе над Мікітам Залатаровым 7 ліпеня 2021 г.
Фота: ГК / belsat.eu

Другі эпізод у якім вінавацяць Мікіту – ён выказаў пагрозу выкарыстання гвалту ў дачыненні да намесніцы начальніка па папраўчаму працэсу Хаўбок Т. і яе блізкіх.

Такім чынам, рэзюмуе пракурор «непаўналетні Мікіта Залатароў сваімі наўмыснымі дзеяннямі здзейсніў гвалт і пагрозу гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў і яго блізкіх у мэтах супрацьдзейнічаць яго законнай дзейнасці і з помсты за выкананне службовай дзейнасці, то бок злачынства, якое прадугледжана арт. 364 КК Рэспублікі Беларусь».

Пацярпелыя Хаўбок, Лучкін і Хацкоў хадайнічалі ў судзе каб іх дапытвалі ў закрытым рэжыме, але суддзя адхіліў гэтыя хадайніцтвы.

На судзе над Мікітам Залатаровым 7 ліпеня 2021 г.
Фота: ГК / belsat.eu

Дапытаныя ў судзе яны распавялі, што за дзень да здарэння ў Мікітавай камеры ўзніклі праблемы з сантэхнікай, ноч ён правёў у кабінеце ў псіхолага. Калі непаладкі былі ліквідаваны, супрацоўнікі хацелі адвесці Залатарова ў камеру, той адмовіўся, тады яго пачалі цягнуць гвалтам. Ён аказаў супраціў. Пачалася валтузня. Адзін з пацярпелых, каб вярнуць Залатарова ў яго камеру, выкарыстаў кайданкі, пры гэтым абвінавачаны з яго слоў «хапаў за валасы, за вуха, сарваў маску, а калі ўжо ляжаў на падлозе ён выкрыкваў пагрозы на адрас супрацоўнікаў і брудна мацюкаўся».

Намесніца начальніка па папраўчаму працэсу Хаўбок распавяла, што Мікіта пагражаў ёй і яе блізкім – «выйду, спалю».

У судзе дапыталі непаўналетняга Мікіту Залатарова, ён віну прызнаў, але сказаў, што прыгразіў супрацоўніцы на эмоцыях, бо псіхалагічна яму вельмі цяжка тры месяцы быць у адзіночнай камеры. Часта яму нясвоечасова даюць лекі, якія ён мусіць рэгулярна прымаць. Што да падножкі супрацоўніку, Мікіта патлумачыў, што зрабіў гэта выпадкова, бо яго пачалі цягнуць супрацоўнікі з кабінета псіхолага, заламалі яму рукі.

Мікіта таксама распавёў суду, што ў СІЗА «яго адводзяць далей ад камер і б’юць дубінкамі».

Падчас паседжання дэманстраваўся відэазапіс з СІЗА, дзе чутна як Мікіта Залатароў нецэнзурна пасылае міліцыянтаў, называе іх «мусарамі».

На судзе над Мікітам Залатаровым 7 ліпеня 2021 г.
Фота: ГК / belsat.eu

Пацярпелыя супрацоўнікі СІЗА №3 запрасілі па 1 тыс. кампенсацыі маральнай шкоды.

У судзе выступіла і маці Залатарова Лілія, якая са слязамі на вачах. Сказала, што ёй няма за што кампенсаваць маральную шкоду пацярпелым, яна не працуе, у яе няма аніякай нерухомасці і застаецца хіба толькі прадаць свае органы.

Бацька Мікіты Міхаіл Залатароў лічыць, што гэтая крымінальная справа, як і папярэдняя – палітычна матываваная.

«Каб гэта не было звязана з палітыкай, – кажа Міхаіл Залатароў, – яго б наогул ніхто не судзіў: пазбавілі бы яго перадач, спатканняў. А гэта зрабілі мэтанакіравана, каб Мікіту справакаваць. Я разумею, што міліцыянты да яго прадузята ставяцца, бо ён іх увесь час пасылае куды падалей, бо разумее, што сядзіць ні за што і гэта яго злуе. І які псіхічны стан у майго сына можа быць там? Бывала не давалі яму лекі, стрэс ад доўгага знаходжання ў турме, тры месяцы ён прасядзеў у адзіночнай камеры і толькі калі калі сказаў пракурору, што заб’е сябе, падсадзілі да яго іншага сядзельца. Сядзець у адзіночцы – за часамі СССР – самае жорсткае катаванне».

8 ліпеня адбудуцца судовыя спрэчкі ў справе.

Hавiны
Бацька Залатарова пра новую справу: Гэта адмысловая правакацыя
2021.06.24 15:45

Ганна Кавальчук, фота аўтара

Стужка навінаў