«Не вам патрабаваць у мяне пасведчанне». Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат напісаў адкрыты ліст кіраўніцтву калегіі


Міхаіл Кірылюк. Фота з асабістага архіву Міхаіла Кірылюка

Кіраўніцтва калегіі адвакатаў патрабуе пасведчання ад свайго былога чальца Міхаіла Кірылюка. Але ён ім яго аддаваць не збіраецца. Чаму – юрыст растлумачыў у адкрытым лісце.

Чальца Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіла Кірылюка пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі ў лютым 2021 года. Афіцыйна – за «некарэктныя выразы ў дачыненні прадстаўнікоў дзяржаўных органаў». Цяпер Менская абласная калегія адвакатаў даслала яму ліст з патрабаваннем «неадкладна вярнуць пасведчанне адваката».

Hавiны
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі (неканчаткова) чатырох адвакатаў. Сярод іх – абаронца Калеснікавай
2021.02.19 15:46

У адказ адвакат напісаў адкрыты ліст старшыні Менскай абласной калегіі Ірыне Смірновай і кіраўніку Рэспубліканскай Віктару Чайчыцу. Паводле яго, гэтыя калегіі адвакатаў – «толькі з выгляду калегіі».

«Тая структура, што цяпер дзейнічае пад імем калегіі адвакатаў, не адпавядае патрабаванням закону аб адвакатуры і не мае права так называцца», – заявіў Міхаіл Кірылюк.

Ён адзначыў, што з пачаткам палітычнага крызісу 2020 года калегіі адвакатаў не забяспечвалі аказання юрыдычнай дапамогі, не прадстаўлялі інтарэсаў адвакатаў у дзяржаўных органах і іншых арганізацыях, не змагаліся з парушэннямі заканадаўства і пераследам адвакатаў, якія дапамагалі палітвязням.

Ліст да Міхаіла Кірылюка з Менскай абласной калегіі адвакатаў з просьбаю вярнуць пасведчанне адваката. Фота з асабістага архіву Міхаіла Кірылюка

«Ірына Міхайлаўна, Віктар Іванавіч, вы кіраўнікі калегіі адвакатаў у Менскай вобласці і ў Беларусі. Я казаў вам раней, асабіста і публічна, паўтараю і цяпер: наш народ катуюць! Грамадзянаў Беларусі, не толькі жыхароў Менскай вобласці, садзяць у турмы на аснове сфальшаваных абвінавачанняў, збіваюць, прымушаюць прызнавацца ў тым, чаго яны не рабілі. Што вы зрабілі, каб гэтага не адбывалася? Я скажу: вы забаранялі адвакатам расказваць пра гэта ў медыях», – заявіў Міхаіл Кірылюк.

Такім чынам, на ягоную думку, «калегіі – органу, які б абараняў нашыя інтарэсы перад уладамі, арганізоўваў бы юрыдычную дапамогу, сачыў бы за выкананнем закону – у нас няма».

«І пасля падзеяў 2020-га і першай паловы 2021-га вы не маеце ніякага права называць гэтае месца калегіяй адвакатаў, а сябе – яе старшынямі. І таму не вам патрабаваць у мяне пасведчанне. Калі ў Беларусі будзе сапраўдная калегія адвакатаў, а не карга-культ, я занясу гэтае пасведчанне ў яе музей: як памяць пра дні, якія ўвойдуць у гісторыю і Беларусі і адвакатуры», – падкрэсліў адвакат.

Міхаіл Кірылюк таксама прапанаваў Ірыне Смірновай і Віктару Чайчыцу для «павышэння прэстыжу адвакатуры» сыходзіць з пасадаў старшыняў калегіяў адвакатаў, выказаць салідарнасць з незаконна пазбаўленымі статусу адвакатамі ды іхнымі падабароннымі, «тымі, хто цяпер праз фальшывыя абвінавачанні сядзяць у турме, каго цяпер катуюць».

Артыкулы
Ад ГУЛАГу да еўрапейскіх практык. Як змяніць беларускія турмы ды калоніі, каб там не катавалі людзей
2021.07.07 14:22

МГ belsat.eu

Стужка навінаў