Літва таксама скарачае колькасць беларускіх дыпламатаў у Вільні

Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс на брыфінгу са Святланай Ціханоўскай. Вільнюс, Літва. 5 ліпеня 2021 года. Фота: Белсат

У адказ на рашэнне афіцыйнага Менску скараціць да мінімуму дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў Беларусі літоўскі бок пайшоў на адпаведны крок у дачыненні беларускіх дыпламатаў.

Як паведамілі ў МЗС Літвы, 7 ліпеня ў адказ на працяг «сістэматычных і недружалюбных дзеянняў» Беларусі ў дачыненні Літвы часовы павераны ў справах Беларусі быў выкліканы ў літоўскае Міністэрства замежных справаў.

Да паўночы 12 ліпеня дыпламатычны склад амбасады Беларусі ў Літве павінен быць скарочаны да аднаго супрацоўніка дзеля выканання консульскіх функцыяў. Таксама могуць застацца не больш як тры працаўнікі пасольства для адміністрацыйных і тэхнічных функцыяў.

Беларускаму дыпламату быў выказаны пратэст супраць парушэнняў правоў і свабодаў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіяў супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных медыяў. Яму перадалі патрабаванне неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і іншых незаконна затрыманых, спынення нелегальнай міграцыі праз Беларусь.

Афіцыйны Менск да мінімуму скарачае дыппрадстаўніцтва Літвы ў Беларусі

Нагадаем, што МЗС Беларусі выклікала часова паверанага ў справах Літвы Асту Андзіяўскене. Дыпламату паведамілі, што Менск вырашыў да мінімуму скараціць дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы ў Беларусі.

Афіцыйнаму Менску не спадабалася наданне Офісу Святланы Ціханоўскай у Літве дыпламатычнага статусу. Офіс у Літве акрэдытаваны як Прадстаўніцтва беларускай дэмакратыі.

Стала вядома, колькі супрацоўнікаў застанецца ў амбасадзе Літвы ў Беларусі

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны