У Херсоне быў выбух у кавярні, неяк звязанай з акупацыйнай адміністрацыяй


Паводле расейскіх дзяржаўных медыяў, лёгкія раненні атрымаў адзін чалавек – афіцыянт. Але расейскія ТАСС і «Известия» завочна спрачаюцца пра месца выбуху.

Удзень 7 чэрвеня ў акупаваным расейскімі войскамі Херсоне адбыўся выбух у адной з кавярняў, пра што аператыўна паведаміла расейскае выданне «Известия»: «У Херсоне адбыўся выбух у кавярні насупраць ваенна-цывільнай адміністрацыі».

Неўзабаве відэа з месца выбуху апублікавала расейскае «РИА Новости». Паводле выдання, выбух быў «у кавярні недалёка ад адміністрацыі Херсону». На відэа бачна, што выбухам пашкоджаныя дзверы на ўваходзе, але падобна, выбух быў не надта моцны: у дзвярной групе палова шыбаў цэлая.

Але ТАСС у Telegram сцвярджае: «Інфармацыя, што выбух у Херсоне адбыўся насупраць будынку ваенна-цывільнай адміністрацыі, не адпавядае рэчаіснасці, паведамілі ўлады. Паводле звестак крыніцы, выбух адбыўся ў кавярні».

На кадрах «РИА Новости» – кавярня «Ностальджи», што за 500 метраў ад будынку гарадской рады і за 800 метраў ад будынкаў раённай і абласной адміністрацыі – няблізка ад абодвух. Насупраць – сквер і будынкі з рэстаранам і крамамі.

Праўда, дзе цяпер месціцца акупацыйная адміністрацыя Херсону, дакладна не вядома. Яна можа быць і не ў будынках гарадской рады ці абласной адміністрацыі.

Херсонскі журналіст Канстанцін Рыжэнка мяркуе, што хуткасць публікацыі відэа з месца выбуху можа значыць, што «гэты выбух спланаваны для карцінкі».

Hавiны
Акупацыйныя ўлады Херсона зноў загаварылі пра «рэферэндум аб самавызначэнні»
2022.06.07 11:22

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў