«Тут Бай Медыя» сабраліся прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй і зліквідаваць


TUT.by спыніў дзейнасць пасля рэйду сілавікоў у рэдакцыю, затрымання кіраўніцтва і шэрагу працаўнікоў парталу. Але ўжо адрадзіўся пад назвай Zerkalo.io.

7 ліпеня 2021 года сцяг TUT.by знялі з флагштоку бізнэс-цэнтру «Omega Tower».
Фота: TUT.by

Сузаснавальнік парталу TUT.by Кірыла Валошын расказаў у Facebook аб прызначаным на 8 чэрвеня папярэднім паседжанні Эканамічнага суда Менску адносна лёсу кампаніі «Тут Бай Медыя».

Валошын прагназуе, што кампанію прызнаюць «экстрэмісцкай арганізацыяй», забароняць ейную дзейнасць і зліквідуюць.

На момант публікацыі «экстрэмісцкімі» названыя матэрыялы як TUT.by, так і яго «рэінкарнацыі» – праекту Zerkalo.io. Аднак TUT.by не называлі «экстрэмісцкім фармаваннем». Кампанія «Тут Бай Медыя» фармальна працягвае дзейнасць, але выкінутая з «Парку высокіх тэхналогіяў».

18 траўня 2021 года ў офісы TUT.by і Hoster.by, а таксама ў кватэры да рэдактараў выдання прыйшлі сілавікі. Дамен парталу быў заблакаваны. Першапачаткова затрымалі 15 асобаў. 8 ліпеня 2021 года каманда закрытага ўладамі найбуйнейшага незалежнага інфармацыйнага парталу Беларусі паведаміла пра запуск новага сайту – Zerkalo.io.

На момант публікацыі ў няволі застаюцца генеральная дырэктарка «Тут Бай Медыя» Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава і журналістка парталу Алена Талкачова. Зняволеных супрацоўнікаў «Тут Бай Медыя» праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі.

Артыкулы
«Усё роўна мы ўсе тутбаеўцы». Як жыве «экстрэмісцкая» рэдакцыя Zerkalo.io ў «вымушанай камандзіроўцы»
2022.02.09 07:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў