«Трэба было зрабіць гэта яшчэ ў 2020-м». Паразмаўлялі з жанчынай, якая вярнула Лукашэнку ордэн Маці


Чатыры дачушкі, тры сыны… Шматдзетную маму Алену Якавішыну, якая вярнула Лукашэнку ордэн Маці, прытуліла Нямеччына. Тыдзень таму да сям’і далучыўся і бацька дзетак – Юрый Якавішын. Кампанія «Белавія», дзе мужчына працаваў апошнія 10 гадоў, не працягнула з ім кантракт.

Алена і Юрый Якавішыны з двайняткамі-немаўлятамі.
Фота: Facebook / Елена Яковишина

«Беларусы, не маўчыце!.. – заклікала маці сямі дзяцей, грамадзянка Украіны Алена Якавішына ў відэазвароце на трэці дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. – Я не хачу, каб мае дзеці жылі ў такой краіне – я не для таго іх нарадзіла. Гэта не тая краіна, дзе можна жыць спакойна і выхоўваць дзяцей».

«Я ўся прасякнутая ўкраінскай культурай»

25 сакавіка жанчына вярнула ордэн Маці таму, ад імя каго гэтую ўзнагароду атрымала, – Лукашэнку («Вы страцілі маю павагу і мой давер як кіраўнік дзяржавы»). А пазней выехала з дзецьмі за межы Беларусі – з краіны, у якой пражыла больш за 15 гадоў. Цяпер сямʼя Якавішыных жыве ў маленькім нямецкім гарадку Нойштат-Глеве. У размове з «Белсатам» Алена Якавішына прызналася, што за 15 гадоў, якія правяла ў Беларусі, ні разу не захацела змяніць украінскае грамадзянства на беларускае. Усіх сваіх дзетак таксама рэгістравала як грамадзянаў Украіны.

«Я не хацела. Не адчувала сябе беларускай. Не было ў крыві ў мяне гэтага… Адчувала – украінкай. Гэтая культура ўва мне, гэтыя песні ўва мне, маё дзяцінства, якое там правяла. Гэты стэп, клімат. Я ўся прасякнутая ўкраінскай культурай з самага дзяцінства», – кажа Алена.

Яна нарадзілася і вырасла ў Мікалаеве, у якім да апошняга часу жыла яе маці і малодшыя сёстры. Бацька Алены працаваў за Саветамі на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе, на якім, дарэчы, быў збудаваны знакаміты цяпер «рускі карабель» – крэйсер «Масква», затоплены ўкраінскімі «Нептунамі». У часы СССР на тым заводзе працавала ці не палова гораду, кажа Алена. Маці працавала ў дзіцячым садку.

Алена скончыла ў Мікалаеве сярэднюю школу («Расейскамоўную на той момант», – падкрэслівае), потым – кравецкую вучэльню. І паехала ў Менск да роднай цёткі, якая запрасіла пляменніцу «на практыку» ў сваё маленькае атэлье. Так Беларусь сталася для Алены другім домам.

Алена Якавішына.
Фота: Facebook / Елена Яковишина

Са сваім будучым мужам Юрыем выпадкова пазнаёміліся на прыпынку грамадскага транспарту ў Менску.

«Я сказала, што з Украіны. Ну і неяк гэта закранула яго, сталі сустракацца. Юра нарадзіўся ў Беларусі, але яму заўсёды падабалася Украіна. І карані ягоныя – адтуль: тата – украінец. Юрый заўжды адчуваў сябе сапраўдным украінцам. Таму для яго зараз гэта ўсё вельмі балюча, ён моцна перажывае…» – расказвае Алена.

«Не трэба мне гэтага, не трэба…»

У 2020 годзе шматдзетны бацька Юрый Якавішын разам з іншымі работнікамі грамадзянскай авіяцыі Беларусі выступіў супраць гвалту і жорсткасці, з якімі душыліся пратэсты ў Беларусі. На судзе быў прызнаны вінаватым паводле «народнага артыкулу» 23.34 КаАП і адседзеў за кратамі 15 содняў.

Ягоная жонка Алена, якая ў 2019 годзе атрымала ордэн Маці, прызнаецца, што хацела вярнуць узнагароду дзяржаве яшчэ ў 2020-м.

«Даўно трэба было гэта зрабіць, яшчэ ў 2020-м, калі пачалі затрымліваць, саджаць і збіваць людзей. Тады яшчэ насіла гэтую думку ў галаве, што гэта няправільна, што ўлада не павінна так сябе паводзіць. А чалавек, які даў мне гэты ордэн, – не трэба мне гэтага, не трэба… Не ведаю, не хапіла, можа, духу мне тады. А калі поўнамаштабная вайна пачалася ва Украіне – усё ўскалыхнулася ўнутры», – згадвае Алена Якавішына.

Кажа, што калі запісвала 27 лютага відэазварот – уся ў слязах, – ужо не адчувала ні сумневаў, ні страху. Было адно – перажыванне за Украіну і за сваякоў, за маму з сёстрамі, якія жылі ў першы месяц вайны ў склепе з бульбай на ўскрайку Мікалаева – хаваліся ад расейскіх бомбаў. А бомбы тыя ляцелі на Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

«Тады было ўжо ўсё роўна, што са мной зробяць, што мне выставяць. Страху не было. Абурала несправядлівасць і жорсткасць. Таму і рашылася на гэты жэст – на пратэст. Думала, можа, гэта кагосьці падыме…» – расказвае Алена.

«Яны не абавязаныя вяртаць ордэны, але…»

Пра гэты жэст – вяртанне ордэну – жанчына зусім не шкадуе. Дарэчы, уручаў яго ёй у 2019 годзе не сам Лукашэнка («Мне пашанцавала – я не паціскала ягонай рукі»), а намеснік старшыні адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску.

Як успамінае, усё было тады для яе дзіўна. Ужо хаця б тое, што стаць лаўрэатам ёй, грамадзянцы Украіны, прапанавалі самі чыноўнікі з адміністрацыі. Хаця, як кажа, маці, якія мелі пяць і больш дзяцей, самі звычайна падавалі заяўкі на ўзнагароду. Тады Алена згадзілася. Прызнаецца, што адчувала на той момант гонар – і за сямʼю, і за Беларусь. У 2019-м Алена і Юрый мелі пяцярых дзетак – двайняткі Павел і Эвеліна нарадзіліся толькі ў 2021 годзе.

«Збор дакументаў, праверка па базах, інструктаж наконт дрэс-коду. Каб нічога яркага і гламурнага. Сукенкі пэўных адценняў, абутак. Рэальна пра гэта казалі.

Так што ўсе мы былі адзетыя прыгожа, але стрымана. Яркі манікюр – барані Божа! Узнагароджанне адбывалася ў Палаце прадстаўнікоў…» – успамінае Алена.

Алена Якавішына пасля атрымання ордэну Маці.
Фота: Facebook / Елена Яковишина

Кажа, што, па вялікім рахунку, статус маці-ардэнаносцы ніякіх асаблівых прывілеяў і льготаў ёй не даваў. Хіба – права пайсці на пенсію ў 50 гадоў. Падчас цырымоніі ўзнагароджання лаўрэаткам уручылі, праўда, грашовую прэмію – па 5 базавых велічыняў на рукі.

Да таго, што іншыя беларускія маці-гераіні не пайшлі з пачаткам вайны ўслед за Якавішынай і не пачалі вяртаць узнагароды Лукашэнку, Алена ставіцца цяпер з разуменнем.

«Не кожны можа кінуць свой дом, сваіх родных і зʼехаць. Гэта цяжка, насамрэч. Я разумею гэтых маці, з аднаго боку. Яны не абавязаныя вяртаць ордэны, незалежна ад таго, хто ім іх выдаваў. Яны іх заслужылі: нарадзіць і выхоўваць пяцярых і больш дзяцей – гэта рэальна цяжка. Але можна было і іншымі спосабамі казаць пра тое, што адбываецца…» – мяркуе Алена Якавішына.

«Нямецкая – складаная мова, але адступаць няма куды»

Віктару – 14 гадоў, Вікторыі – 12, Уладзіміру – 11, Валерыі – 9, Маргарыце – 4, двайняткам Паўлу і Эвеліне – па 9 месяцаў. Дзецям Алены і Юрыя Якавішыных таксама цяпер няпроста. Іншая мова, культура, новыя людзі і будынкі вакол.

Сям’я Якавішыных.
Фота: Facebook / Елена Яковишина

Маці цяжка было спачатку патлумачыць неабходнасць чарговага пераезду, бо толькі два гады таму памянялі Менск на Смалявічы. Толькі-толькі адаптаваліся – і зноў на старт.

«Спачатку было непрыманне. Як мы паедзем? Куды паедзем? Тут наш дом і нашыя сябры! Яны, бедныя, толькі адаптаваліся і наладзілі сваё жыццё, дваравое і школьнае.

Кажу, добра, уявіце сабе, што едзем проста ў вандроўку, мы ж у Еўропе яшчэ ні разу не былі. Ну, старэйшыя падумалі і кажуць: крута, мы ж і праўда нідзе асабліва не вандравалі, дык чаму б і не – сяброў можна ўсюды знайсці», – расказвае маці.

З любоўю распавядае, што дзеткі ходзяць зараз на моўныя курсы. Старэйшы Віктар «расце паліглотам», вельмі здольны да моваў. І ў гэтым – вельмі падобны да бацькі. Юрый валодае ангельскай і французскай. Цяпер узяўся за нямецкую. Мае такую прафесію, што без працы ў Нямеччыне не застанецца.

«Нямецкая, канечне, складаная мова, але нам няма куды адступаць», – усміхаецца Алена.

«Што б зараз сказала Лукашэнку?.. Няхай апамятаецца!»

Сямʼя ўзʼядналася. Разам з Якавішынымі зараз і маці Алены, якая выехала з Мікалаева ў сакавіку. Яна ўжо знайшла працу ў дзіцячым садку. Выехалі з Украіны і тры малодшыя сястры Алены. Але іх мужы – там, каб бараніць радзіму. Іншыя сваякі – таксама. Таму штовечар – традыцыйная сямейная пераклічка. І пастаяннае адсочванне ўкраінскіх навінаў. Але – і беларускіх…

Алена і Юрый Якавішыны ў Берліне.
Фота:

«Спытай у яго, што там чуваць у справе Алеся Любенчука?» – чую падчас размовы голас мужа Алены Юрыя. Нічога суцяшальнага аўтар гэтых радкоў адказаць на пытанне не мог.

«Ну што б я зараз сказала Лукашэнку? Тое ж самае, што ўжо казала. Няхай задумаецца аб наступствах таго, што робіць. Няхай апамятаецца і спыніць свае дзеянні. Перастае дзейнічаць пад дыктоўку Расеі і Пуціна.

Вельмі хочацца, каб Беларусь жыла добра, жыла не горш за Еўропу. Бо, што б там ні казалі, грамадзяне Еўропы жывуць зараз куды лепш, чым беларусы. Хай бы Беларусь паціху туды і рухалася», – кажа на развітанне Алена Якавішына.

У лютаўскім відэазвароце жанчына, звяртаючыся да Лукашэнкі, казала, што ён здрадзіў не толькі свайму народу, але і ўсім суседзям, украінцам. Пазней ейнага мужа Юрыя Якавішына звольнілі з працы на «Белавія», дзе ён працаваў больш за 10 гадоў (не працягнулі кантракт). Ці звязанае звальненне Юрыя з учынкам яго жонкі, якая вярнула дзяржаве ордэн Маці, можна толькі здагадвацца. Што дзяржава робіць з вернутымі ёй узнагародамі, мы таксама не ведаем. Поўнамаштабная вайна ва Украіне працягваецца ўжо больш за 100 дзён. Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў Беларусі не спыняюцца ад 2020 году.

Гісторыі
«Можна пасадзіць чалавека, але нельга пасадзіць ягоныя ідэі». Хто такая сацыёлаг Таццяна Вадалажская
2022.06.07 12:16

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў