Чэхія не будзе выдаваць беларусам і расейцам візаў і відаў на жыхарства да канца 2023 года


Кіраўніцтва Чэхіі абяцала Ціханоўскай, што законапраект не будзе прыняты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Depositphotos

Тэрмін дзеяння загаду аб адмове ў візах і відах на жыхарства грамадзянам Расеі і Беларусі падоўжаны да 2023 года, піша нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Чэхіі ČTK. Міністэрства замежных справаў перадало дакументы на працэдуру каментавання, якая будзе доўжыцца да пятніцы.

Гэтая прапанова адпавядае папраўкам у законы, вядомыя як «Lex Ukraine» і накіраваныя на «абарону замежнапалітычных інтарэсаў Чэхіі». Рашэнне не выдаваць візаў прынялі пасля поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну. Забарона дзейнічала да 31 траўня, але яе збіраліся працягнуць.

Выдачу візаў і ВНЖ вырашылі спыніць за выключэннем «гуманітарных выпадкаў» і выпадкаў, калі перабыванне заяўніка «адпавядае інтарэсам Чэхіі». Падаўжэнне відаў на жыхарства не скасоўваюць, а толькі не прымаюць заявы аб новых відах на жыхарства. Забарону не распаўсюджваюць таксама на кароткатэрміновыя візы для чальцоў сям’і грамадзянаў Еўразвязу і на дазволы на доўгатэрміновае пражыванне для сямейнікаў замежнікаў з відам на жыхарства ў Чэхіі.

Калі стала вядома пра планы прыняць такі закон, Святлана Ціханоўская зладзіла тэрміновы візіт у Чэхію, сустрэлася з прэзідэнтам і шэрагам прадстаўнікоў чэшскіх уладаў. Тыя запэўнілі яе, што законапраект не будзе прыняты і будзе зменены.

Артыкулы
Вынік візіту Святланы Ціханоўскай у Чэхію: закону аб забароне візаў для беларусаў не будзе
2022.05.11 14:26

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў