У рэстаране Асіповічаў адбылася бойка паміж двума сілавікамі. Адзін з іх загінуў


Увечары 5 чэрвеня ў рэстаране «Пралеска» ў Асіповічах адбылася бойка, падчас якой адзін з удзельнікаў атрымаў сур’ёзныя траўмы і памёр.

Як высветліў TUT.by, у бойцы загінуў вайсковы камісар Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў Сяргей Плескі.

Загінулы палкоўнік Сяргей Плескі.
Фота: rcity.by

Паводле інфармацыі рэчыцкага парталу, у Асіповічах палкоўнік быў у камандзіроўцы на вайсковых вучэннях. У суботу яны скончыліся, увечары Сяргей Плескі разам з калегамі пайшоў у рэстаран адпачыць.

Як распавёў парталу відавочца, які часткова бачыў падзеі, у «Пралесцы» было дзве кампаніі. Паміж імі адбыўся канфлікт. Што паслужыла прычынай, мужчына не ведае.

«Быў канфлікт у рэстаране. Потым, здаецца, усе супакоіліся, выйшлі на вуліцу. Затым хлопцы зноў нешта не падзялілі. Адзін ударыў другога. Той зваліўся з лесвіцы і стукнуўся аб плітку. Прыехала хуткая. Мужчыну рэанімавалі, але беспаспяхова – ён памёр», – распавядае сведка.

Яшчэ адзін сведка, які бачыў запіс з відэакамераў рэстарану, сказаў, што адзін з мужчынаў ударыў Сяргея нагой у галаву: «Удар быў адзін. Мужчына ўпаў і памёр».

Жыхары Асіповічаў кажуць, што нібыта апазналі хлопца, які нанёс палкоўніку ўдар. З іхных словах, яго завуць Уладзіслаў. Ён з сілавых структураў, меркавана, з АМАПу.

«Ён родам з Асіповічаў, у яго тут сваякі жывуць. Раней ён ужо біўся, у тым ліку і ў гэтым рэстаране. Кажуць, што канфлікт адбыўся з-за дзяўчыны», – распавёў адзін з мясцовых жыхароў.

Следчы камітэт пацвердзіў гэтую інфармацыю. У ведамстве паведамілі, што ў нейкі момант паміж загінулым і раней не знаёмым яму 25-гадовым менчуком, супрацоўнікам органаў унутраных справаў, у пазаслужбовы час разгарэўся канфлікт, падчас якога апошні нанёс удар пацярпеламу. Мужчына памёр на месцы здарэння.

Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэту распачаў у дачыненні менчука крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу («Прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці»).

Вырашаецца пытанне аб ужыванні да яго меры стрымання.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў