Сем краінаў, дзе Беларусь не можа прызначыць амбасадара


Як стала вядома 6 чэрвеня, Славенія адклікала дазвол на беларускае консульства (амбасады там і не было), а Італія некалькі месяцаў не дае згоды прыняць новага амбасадара, што раўназначна адмове ад кандыдатуры. Амбасаду ў Канадзе беларускі ўрад вырашыў закрыць 22 траўня (амбасадара ў ёй не было з 2008 года). Але дыпламатычныя праблемы ў Беларусі не толькі ў гэтых краінах.

«Белсат» паглядзеў, дзе Беларусь усё яшчэ не мае амбасадара, хоць мела раней. Падобна, праблемы, падобныя да італьянскіх, могуць быць у яшчэ пяці ці шасці краінах.

Чаму амбасадара могуць не прымаць, як у Італіі

Каб прынялі амбасадара або пасланніка, у яго павінны быць даверчыя граматы ад кіраўніка ягонай дзяржавы. Гэтыя граматы мусіць асабіста прыняць кіраўнік дзяржавы, у якую кіруецца амбасадар або пасланнік. Некаторыя краіны адмаўляюцца прыняць граматы, калі не прызнаюць легітымнасці кіраўніка дзяржавы, з якой прыехаў амбасадар.

Святлана Ціханоўская падчас візіту ў Італію, якая пакуль не прымае беларускага амбасадара. 29 красавіка 2021 года.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Дзесьці ёсць пастаянныя павераныя – гэта ніжэйшы за амбасадара і пасланніка ранг. Для прыняцця павераных патрэбныя подпісы не кіраўнікоў дзяржаваў, а міністраў замежных справаў (што зручна, калі адзін бок не прызнае кіраўніка дзяржавы другога боку).

А дзесьці ёсць толькі часовы павераны, для прысутнасці якога наогул не патрэбныя даверчыя граматы. Пры тым Беларусь называе часовых павераных дарадцамі-пасланнікамі, хоць пра належныя пасланніку даверчыя граматы не паведамляе.

Такі часовы павераны – Дзмітрый Ярмалюк са статусам дарадцы-пасланніка, але без граматаў – цяпер у Італіі. Мінулы амбасадар пакінуў пасаду аж у ліпені 2020 года: Аляксандр Гур’янаў з неназваных прычынаў тады быў прызначаны першым намеснікам міністра замежных справаў і з’ехаў на радзіму. МЗС Беларусі пакуль не пацвердзіла і не абвергла паведамлення аб тым, што на пасаду амбасадара ў Італіі не хочуць прымаць цяперашняга прэс-сакратара МЗС Анатоля Глаза.

Hавiны
Славенія адклікала дазвол на беларускае консульства, Італія не дала згоду прыняць новага амбасадара
2021.06.06 16:57

Пасля выбараў-2020 новых беларускіх амбасадараў прыняў тузін краінаў

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года былі прызначаныя і прынятыя другім бокам шэсць амбасадараў: былы міністр абароны Андрэй Раўкоў стаў амбасадарам у Азербайджане, былы генеральны пракурор Аляксандр Канюк – у Арменіі, былы старшыня Мытнага камітэту Юрый Сянько – у Кітаі, Андрэй Мяцеліца перайшоў з пасады начальніка галоўнага дамоўна-прававога ўпраўлення Міністэрства замежных справаў на пасаду амбасадара ў Пакістане, Павел Узяткін – з пасады начальніка ўпраўлення Дэпартаменту замежнаэканамічнай дзейнасці МЗС на пасаду амбасадара ў Кеніі і па сумяшчальніцтве ў Танзаніі, Угандзе і Эфіёпіі (даверчыя граматы ўжо прынялі Кенія і Эфіёпія).

Федэральны прэзідэнт Аўстрыі Александэр ван дэр Бэлен (злева) прымае даверчыя граматы з подпісам Аляксандра Лукашэнкі ад новага амбасадара Беларусі Андрэя Дапкюнаса. 30 верасня 2020 года.
Фота: mfa.gov.by / Heeresbild- und Filmstelle

Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 25 чэрвеня 2020 года, былі прызначаныя два амбасадары, ад якіх даверчыя граматы прынялі пазней. Андрэй Молчан пайшоў з пасады дырэктара Дэпартаменту турызму ў Міністэрстве спорту на пасаду амбасадара ў Венесуэле, кіраўнік Венесуэлы Нікаляс Мадура (яго не прызнае законным прэзідэнтам больш як паўсотня дзяржаваў) прыняў ад Молчана грамату 24 лістапада. 1 верасня федэральная прэзідэнтка Аўстрыі прыняла даверчыя граматы ад новага амбасадара Беларусі Аляксандра Ганевіча.

20 ліпеня 2020 года былі прызначаныя яшчэ чатыры амбасадары, якіх прынялі ўжо пасля выбараў (пяты прызначаны – у ЗША – не выправіўся на заданне). У Нідэрланды тады накіравалі першага намесніка міністра замежных справаў Андрэя Еўдачэнку – і 9 верасня даверчыя граматы ў Еўдачэнкі прыняў кароль Нідэрландаў. 30 верасня федэральны прэзідэнт Аўстрыі прыняў даверчыя граматы ад новага амбасадара Беларусі і ранейшага намесніка кіраўніка МЗС Андрэя Дапкюнаса (яго ж прызначылі ў Славенію па сумяшчальніцтве, але даверчых граматаў там ад яго не прынялі), 1 кастрычніка прэзідэнт Казахстану прыняў граматы ад новага амбасадара і ранейшага міністра прамысловасці Беларусі Паўла Уцюпіна. Разам з імі 20 ліпеня 2020 года быў прызначаны амбасадарам у Вялікую Брытанію і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліку Ірландыю ранейшы міністр фінансаў Максім Ермаловіч, але даверчыя граматы ад яго брытанская каралева прыняла толькі 14 траўня 2021 года (ці прыняла Рэспубліка Ірландыя, не паведамлялася).

Катар: амбасадар не надта патрэбны?

З 2013 да 2018 года амбасадарам Беларусі ў Аб’яднаных Арабіскіх Эміратах, а па сумяшчальніцтве ў Саудаўскай Аравіі і Катары быў Раман Галоўчанка – потым ён два гады пабыў кіраўніком Вайскова-прамысловага камітэту, а з лета 2020 года стаў прэм’ер-міністрам Беларусі. У Эміратах і Саудаўскай Аравіі яго змяніў Андрэй Лучанок, але ў Катары з 2018 года няма амбасадара Беларусі – толькі часовы павераны (на сайце амбасады яго называюць саветнікам-пасланнікам, але навінаў аб тым, каб ад яго прымалі даверчыя граматы, не было). У тым жа 2018 годзе консульская секцыя амбасады ў Катары спыніла працу, але амбасада без амбасадара засталася.

Чаму так здарылася, невядома. Але часовы павераны запэўнівае, што ў стасунках з Катарам усё нармальна, а эмір Катару дагэтуль кантактуе з Лукашэнкам. Зрэшты, Катар – адносна невялікая краіна (паводле насельніцтва як Гарадзенская вобласць, а ў плошчы менш за палову гэтай вобласці), якая мяжуе з Саудаўскай Аравіяй, дзе амбасадар ёсць.

Аргентына: цяпер часовы павераны

Былы амбасадар Беларусі ў Аргентыне Уладзімір Астапенка.
Фота: «Наша Ніва»

Уладзімір Астапенка быў амбасадарам Беларусі ў Аргентыне са снежня 2017 года да лістапада 2020-га. Ён падтрымаў беларускія пратэсты, падаў у адстаўку пасля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, пазней адклікаў першую заяву аб адстаўцы і падаў новую, больш падрабязную. У новай ён пазначыў, што просіць адстаўкі «ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства»: парушэнні гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабодаў грамадзянаў, грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, гвалт сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў, зацягванне крымінальных справаў аб забойствах і катаваннях пратэстоўцаў, невыкананне заканадаўства аб публічнай інаўгурацыі… З лістапада Астапенка пазбаўлены дыпламатычнага рангу за «правіну, несумяшчальную з дыпламатычнай службай». З таго ж месяца ён уваходзіць у Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне. А ў Аргентыне цяпер працуе не амбасадар, а часовы павераны – ранейшы старэйшы дарадца амбасады Дзмітрый Дзярэвінскі.

Іспанія: цяпер часовы павераны

Да 2019 года Беларусь не мела асобнага амбасадара для Іспаніі – прызначалі па сумяшчальніцтве амбасадара Францыі. У 2019 годзе амбасадарам у Іспаніі прызначылі колішняга часовага паверанага ў Канадзе Паўла Пуставога. Ды пасля выбараў-2020 Пуставы назваў сітуацыю ў Беларусі непрымальнай, заклікаў пералічыць галасы і правесці адкрытыя суды над вінаватымі за гвалт над дэманстрантамі. 31 жніўня 2020 года Лукашэнка пазбавіў Пуставога дыпламатычнага рангу за «неналежнае выкананне абавязкаў». З таго часу Пуставой не з’яўляецца ў публічным полі, а ў Іспаніі Беларусь прадстаўляе часовы павераны.

Славакія: цяпер часовы павераны

Колішні памочнік Лукашэнкі, дыпламат з 1991 года Ігар Ляшчэня быў прызначаны амбасадарам у Славакію ў чэрвені 2016 года. Пасля выбараў ён першым з беларускіх дыпламатаў падтрымаў пратэсты, 18 жніўня падаў у адстаўку, 24 жніўня быў вызвалены з пасады, 16 верасня пазбаўлены дыпламатычнага рангу. Пасля гэтага ён выступіў з ініцыятывай грамадскага руху «Я – грамадзянін», але рух не набраў значнай папулярнасці. Цяпер Ляшчэня – дэлегат платформы «Сход», перыядычна выступае ў СМІ. А Беларусь у Славакіі рэпрэзентуе часовы павераны.

Латвія: амбасада з’ехала, засталося генеральнае консульства

Замена дзяржаўнага беларускага сцяга на бел-чырвона-белы. Рыга, Латвія. 24 траўня 2021 года.
Фота: Mārtiņš Staķis / Twitter

З верасня 2018 года амбасадарам у Латвіі быў Васіль Марковіч. 16 верасня Лукашэнка пазбавіў яго пасады і дыпламатычнага рангу за «неналежнае выкананне службовых абавязкаў» – адначасова з Ляшчэнем і Паўлам Латушкам. Марковіч пры тым не рабіў гучных заяваў, як іншыя дыпламаты: ён тлумачыў, што яго звольнілі за тое, што ў амбасадзе правялі выбары строга адпаведна заканадаўству. Разам з ім звольнілі яшчэ двух супрацоўнікаў амбасады – старшыню і аднаго з сябраў выбарчай камісіі.

Пасля гэтага Беларусь у Латвіі засталася рэпрэзентоўваць часовая павераная, але на гэтым праблемы амбасады не завяршыліся. 24 траўня мэр Рыгі і міністр замежных справаў Латвіі замянілі чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы сярод сцягоў удзельнікаў хакейнага чэмпіянату – гэта быў адказ на захоп Беларуссю самалёта «Ryanair» і знак салідарнасці з беларускім пратэстам. У той жа вечар 24 траўня Беларусь абвясціла аб высылцы амбасадара Латвіі цягам 24 гадзінаў і астатняга персаналу амбасады цягам 48 гадзінаў. Латвія ў адказ вырашыла выслаць амбасадара Беларусі і ўсіх беларускіх дыпламатаў.

У амбасадзе Беларусі ў Рызе застаўся адзін тэхнічны супрацоўнік, каб даглядаць за будынкам, але генеральнае консульства ў Даўгаўпілсе яшчэ працуе.

Hавiны
Мэр Рыгі замяніў чырвона-зялёны сцяг на БЧБ – і панеслася. Рэакцыі Беларусі, Латвіі і Міжнароднай федэрацыі хакею
2021.05.25 16:36

ЗША: амбасадар не вылецеў у жніўні, а зімой памёр ад каронавіруса

Дыпламат Алег Краўчанка, які быў прызначаны амбасадарам Беларусі ў ЗША. Не вылецеў у Штаты ў жніўні 2020 года, а ў снежні памёр ад каронавіруса.
Фота: mfa.gov.by

Цяпер у Злучаных Штатах ад Беларусі ёсць толькі часовы павераны – Дзмітрый Басік, вядомы меламанам як колішні вакаліст метал-гурта «Vicious Crusade». Амбасадара ж у ЗША няма з 2008 года, калі Штаты ўвялі санкцыі супраць «Белнафтахіму». У ліпені 2020 года Беларусь прызначыла амбасадарам у ЗША колішняга часовага паверанага Алега Краўчанку, ды ён не выправіўся ў Вашынгтон у жніўні, як планавалася, а ў снежні памёр у Менску ад каронавіруснай інфекцыі ва ўзросце 49 гадоў. Ці шукалі яму замену, невядома.

У снежні 2020 года амбасадаркай ЗША ў Беларусі была прызначаная Джулі Фішэр, якая дагэтуль не можа трапіць у Беларусь, бо ёй не даюць візы: міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей наўпрост сказаў, што няма сэнсу даваць ёй візу, калі яна «збіраецца прыехаць і рабіць заявы пра нелегітымнасць рэжыму».

Hавiны
Амбасадарка ЗША дала першае інтэрв’ю беларускім журналістам
2021.04.27 19:33

АА belsat.eu

Стужка навінаў