Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева сталі лаўрэаткамі прэміі Axel-Springer-Preis


Журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева, якія знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада 2020 года, сталі пераможцамі спецыяльнай прэміі Джорджа Вайдэнфельда ў межах нямецкай журналісцкай прэміі Axel-Springer-Preis.

Прэмія Axel-Springer-Preis заснаваная ў 1991 годзе аднайменным выдавецтвам, штогод яе прысуджае нямецкая Акадэмія журналістыкі. У межах прэміі Axel-Springer-Preis ёсць некалькі намінацыяў, адна з іх – спецыяльная прэмія імя Джорджа Вайдэнфельда. Ёй узнагароджваюць за выбітныя дасягненні ў журналістыцы расследаванняў, адважную і рызыкоўную рэпарцёрскую працу. Гэта адзіная намінацыя Axel-Springer-Preis, дзе пераможцамі могуць быць не толькі нямецкамоўныя журналісты. Першым пераможцам спецыяльнай прэміі Джорджа Вайдэнфельда ў 2019 годзе пасмяротна стаў славацкі журналіст-расследавальнік Ян Куцяк. Сёлета ўпершыню лаўрэатамі гэтай прэміі сталі журналісты з Беларусі.

Сябра журы: Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой рызыкнулі ўсім, каб паказаць свету, што адбываецца ў Беларусі

«Прэмія Джорджа Вайдэнфельда прысуджаецца Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовой, якія рызыкнулі ўсім, каб паказаць свету, што адбываецца ў Беларусі», – заявіў сябра журы Пауль Ранцхаймер.

Пауль Ранцхаймер звярнуўся асабіста да Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай:

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

«На апошнім здымку, які бачыў свет, вы знаходзіцеся за кратамі ў зале суда. Вы зрабілі тое, чаго беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка, імаверна, баіцца больш за ўсё: вы ўсміхнуліся і паказалі знак V – «Вікторыя» – перамога. Я сам быў у Беларусі летам, вёў з вуліц рэпартажы пра адважных жанчын Менска.

Для мяне, для ўсіх нас, вы абедзве зʼяўляецеся вялікімі журналісцкімі прыкладамі для пераймання. У вашыя 27 і 23 гады, вы былі кінутыя ў турму – несумненна, таму што ўлады моцна вас баяцца».

Як адзначае сябра журы, калі восенню 2020 года многія рэпарцёры ўжо пакінулі Беларусь, Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова працягвалі працаваць, «даносячы да нас дакладную і хвалюючую карціну падзей». «І ў той лістападаўскі дзень, які скончыўся для вас заключэннем, вы працягвалі сваю важную працу», – дадае ён. Паўль Ранцхаймер назваў абсурднымі абвінавачванні, які былі выстаўлены Кацярыне і Дар’і.

Hавiны
Апошнія словы ў судзе Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай
2021.02.17 14:21

«Усе сусветныя дыктатуры абʼядноўвае імкненне прыгнятаць людзей і перашкаджаць свабодзе слова. Яны змагаюцца супраць тых, хто выступае за свабоду. Вы, Кацярына і Дарʼя, выступаеце за свабоду, вы выступаеце за вольную журналістыку, якая патрабуе неверагоднага мужнасці.

Кожны дзень, калі вы вялі рэпартажы з вуліц Беларусі, вам пагражаў арышт. Але вы працягвалі ісці наперад насуперак усяму. І нават калі суд прысудзіў вас да 2 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі, ваша мужнасць, ваша шчырасць не пакінула вас», – падкрэсліў ён.

Кацярына Андрэева: Жыве вольнае слова і Жыве Беларусь!

Кацярына Андрэева. Фота з асабістага архіву

Дар’я Чульцова яшчэ не ведае, што яна стала лаўрэаткай спецыяльнай прэміі Джорджа Вайдэнфельда. Кацярыне Андрэева паспеў пра гэта распавесці адвакат. Нашая каляжанка перадала шчырую падзяку журы Axel-Springer-Preis «за падтрымку свабоднай беларускай журналістыкі».

«Я і мае калегі заплацілі высокую цану за магчымасць данесці да грамадства праўдзівую інфармацыю, але я веру, што ўсё гэта было не дарма. Пасля вызвалення я маю намер працягваць сваю прафесійную дзейнасць у Беларусі.

Прэмія дапамагла мне адчуць міжнародную падтрымку і салідарнасць, і яшчэ мацней матывавала мяне на тое, каб з з усмешкай пераносіць любыя выпрабаванні. Больш за ўсё мне хочацца, каб мае калегі і ўсе палітвязні Беларусі як мага хутчэй апынуліся на волі і былі апраўданыя. Жыве вольнае слова і Жыве Беларусь!» – заявіла Кацярына Андрэева.

***

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада 2020 года за стрым з жорсткага разгону падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Кацярыне і Дар’і выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу. 18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раённага суда Менску Наталля Бугук пакарала Кацярыну і Дар’ю 2 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Нашыя каляжанкі не прызналі сваёй віны і лічаць пераслед помстаю спецслужбаў за прафесійную дзейнасць.

Вырак Кацярыне і Дарʼі меў вялікі рэзананс як у Беларусі, так і на міжнародным узроўні. Палітычна матываваны пераслед нашых каляжанак асудзілі журналісты, палітыкі, грамадскія дзеячы, дыпламаты і лідары дэмакратычных краінаў.

Адвакаты Кацярыны і Дар’і патрабавалі скасаваць прысуд і спыніць вытворчасць у гэтай крымінальнай справе. Але судовая калегія Менгарсуду ў складзе Валянціны Зянькевіч, Пятра Арлова і Алены Ананіч 23 красавіка адхіліла апеляцыйную скаргу, пакінуўшы прысуд без зменаў. Самі журналісткі ў судовым паседжанні ўдзелу не бралі – суд адмовіўся далучыць іх да працэсу нават праз відэасувязь.

Артыкулы
Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова і Кацярына Барысевіч – лаўрэаткі прэміі імя Алеся Ліпая
2021.04.09 15:41

У зняволенні Дар’ю і Кацярыну паставілі на прафілактычны ўлік як асобаў, «схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў». Такі статус прадугледжвае ўзмоцнены кантроль з боку адміністрацыі. У калоніі яны цяпер павінны насіць жоўтыя біркі – такім колерам пазначаюць асобаў нібыта «схільных да экстрэмізму».

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў