«Белпошта» выключыла газету «Новы час» з падпіснога каталогу на другое паўгоддзе


Раніцай 7 чэрвеня рэдакцыі «Новага часу» стала вядома, што РУП «Белпошта» выключыла газету з падпіснога каталогу на другое паўгоддзе.

Гэта значыць, што падпісацца на газету «Новы час» праз аддзяленне альбо сайт «Белпошты» больш не атрымаецца.

Газета «Новы час».
Фота: novychas / Facebook

Вечарам 4 чэрвеня чытачы газеты сталі паведамляць, што не могуць падпісацца на «Новы час» ні праз інтэрнэт, ні ў паштовых аддзяленнях. Па тэлефоне гарачай лініі ў пятніцу рэдакцыі паведамілі, што, магчыма, мае месца тэхнічная памылка.

Але ранкам 7 чэрвеня прадстаўнікі аддзелу падпіскі «Белпошты» па тэлефоне паведамілі: «Так, мы прынялі рашэнне не працягваць з вамі супрацоўніцтва. Мы адправілі вам ліст». Высветлілася, што насамрэч ліст толькі збіраюцца адправіць.

На «Белпошце» запэўнілі, што ўсім, хто ўжо аформіў падпіску на 2-е паўгоддзе, вернуць грошы.

Парады
«Скаргамі мы фіксуем парушэнні, змагаемся за свае правы». Юрыдычныя парады Сяргея Зікрацкага
2021.06.06 15:28

Да нядаўняга часу ўсе палітвязні былі падпісаныя на «Новы час», але ім перасталі дастаўляць газету. Гэты азначае, што цяпер зняволеныя фактычна пазбаўленыя магчымасці атрымліваць інфармацыю з незалежных медыяў.

Рэдакцыя «Новага часу» заклікае ўсіх, хто хацеў бы падтрымаць газету і застацца яе чытачом, паведаміць адрасы для падпіскі. Гэта можна зрабіць па тэлефоне рэдакцыі (+375 29 625 57 51) ці праз бот @NovyChas_bot (трэба пазначыць: прозвішча, імя, імя па бацьку і адрас (паштовы індэкс, вуліца, дом, кватэра).

Таксама вы можаце падтрымаць газету падпіскай у розных сацыяльных сетках.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў