Ад 2 гадоў хіміі да 8 гадоў калоніі. Чацвярых бабруйчан асудзілі за падпал «Табакеркі»


Чацвярым жыхарам Бабруйску акрамя падпалу кіёска з табачнай прадукцыяй, інкрымінавалі блакаванне руху на чыгунцы, пашкоджанне аўтамабіля супрацоўніка міліцыі, нанясенне палос чырвонай фарбай на прыпынках з «Табакеркамі». На судзе бабруйчане тлумачылі свае дзеянні нязгодай з сітуацыяй у краіне. Пракурор зазначыла, што ўсе чацвёра вартыя вялікіх тэрмінаў пакарання ў якасці «навукі для іншых». У траіх абвінавачаных дома засталіся няпоўнагадовыя дзеці.

Ад хуліганства да знішчэння маёмасці ў асабліва буйным памеры

Чацвярых жыхароў Бабруйска – Аляксандра Назаровіча, Аляксандра Мар’ясава, Віталя Васілевіча і Аляксандра Гаўрылава – затрымалі 10 кастрычніка 2020 года, адразу пасля таго, як яны падпалілі гаручую прыладу на даху кіёска «Табакерка». Як высветлілася падчас суда, кампанія даўно была «у распрацоўцы», іх праслухоўвалі, таму затрымалі «па гарачых слядах».

Суд у Бабруску.
Фота: Белсат

Гаўрылава праз трое содняў адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, прысуду бабруйчанін чакаў на волі.

Суд распачаўся 12 красавіка. Справу разглядала калегія ў складзе суддзі Дзмітрыя Кранжыеўскага і двух народных засядацеляў. На баку дзяржабвінавачвання выступала старэйшы памочнік пракорура Бабруйска Наталля Лосева.

Аляксандра Назаровіча пакаралі 8 гадамі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Аляксандра Мар’ясава і Віталя Васілевіча – 7 з паловай гадамі таксама ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У траіх мужчын – амаль аднолькавы спіс артыкулаў: арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, апаганьванне ці псаванне маёмасці, незаконны выраб і захоўванне гаручых рэчываў, хуліганства, замах на злачынства, псаванне ці знішчэнне маёмасці ў асабліва буйным памеры.

Гаўрылава прызналі вінаватым у хуліганстве, апаганьванні збудаванняў, неданясенні аб злачынстве – нібыта ён ведаў пра падпал «Табакеркі», які планавалі ягоныя сябры, але не паведаміў пра гэта ў міліцыю. Вырак – 2 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Суд у Бабруску.
Фота: Белсат

«З мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне»

Згодна з абвінавачваннем, ноччу з 30 верасня на 1 кастрычніка 2020 года Назаровіч, Мар’ясаў і Васілевіч на ўчастку паміж чыгуначнымі станцыямі Мірадзіна-Татарка ў Бабруйскім раёне падклалі на рэльсы загадзя прыгатаванае рыззё, падпалілі яго, чым выклікалі экстранае спыненне грузавога цягніка.

Ноччу з 4 на 5 кастрычніка яны ж, але ўжо разам з Аляксандрам Гаўрылавым, размалявалі чырвонай фарбай кіёскі «Табакерка» на трох аўтобусных прыпынках у Бабруйску. Размалёўваў нібыта Гаўрылаў, а астатнія сачылі за абстаноўкай.

У тую ж самую ноч Назаровіч разам з Гаўрылавым падклалі металічныя вуглы пад колы аўтамабіля міліцыянта групы затрымання Бабруйскага дэпартамента аховы Юрыя Гардзеева. Было сапсаванае адно кола.

Артыкулы
Чаму за кратамі рэжуць вены і глытаюць лыжкі? Тлумачыць былы вязень, які рабіў так шматкроць
2021.06.05 18:23

Паралельна, паводле абвінавачвання, пачынаючы з верасня, бабруйчане рыхтавалі падпал «Табакеркі», які здзейснілі ў ноч з 9 на 10 кастрычніка. У гаражы Аляксандра Назаровіча загадзя вырабілі запальную прыладу з гадзіннікавым механізмам, якую размясцілі на даху кіёска, падпалілі і з’ехалі.

Памочнік пракурора падчас спрэчак бакоў казала, што ўсе гэтыя злачынствы – цяжкія, былі здзейсненыя з пратэсту і непавагі супраць улады, з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне. Дзеля выпраўлення саміх абвінавачаных і ў якасці навукі і папярэджання для іншых усіх чацвярых трэба ізаляваць ад грамадства, сцвярджала дзяржабвінаваўца.

«Хацеў выказаць салідарнасць з затрыманымі на мірным мітынгу бабруйчанамі»

Сваю віну ўсе чацвёра прызналі часткова. Яны не адмаўлялі, што рабілі ўсё тое, у чым іх абвінавацілі, але не пагаджаліся, што гэтыя дзеянні заслугоўваюць такой сур’ёзнай кваліфікацыі.

Падчас судовага разбіральніцтва высветлілася, што, згодна з паказаннямі машыністаў цягніка, спыненне не было экстраным, на бяспеку руху інцыдэнт не паўплываў, цягнік прыбыў на станцыю па раскладзе, ніякай шкоды нанесена не было.

Суд у Бабруску.
Фота: Белсат

Шкода за лініі чырвонага колеру на лайтбоксах «Табакерак» склала 8 рублёў 67 капеек. Яе цалкам пагасіў Аляксандр Гаўрылаў, які ўзяў на сябе адказнасць за размалёўванне. Мужчына сцвярджаў, што ягоныя знаёмыя нават не ведалі пра тое, што ён робіць – ён проста прасіў спыніць машыну, выходзіў, маляваў, ніхто яму не задаваў пытанняў, куды ён выходзіць. На пытанне памочніка пракурора, навошта ён гэта рабіў, Гаўрылаў патлумачыў, што наносіў палоскі чырвонага колеру, каб яны нагадвалі бел-чырвона-белы сцяг, і рабіў гэта, каб выказаць салідарнасць з затрыманымі на мірных мітынгах бабруйчанамі. Гэтай жа прычынай бабруйчанін патлумачыў падкладванне металічных вуглоў пад колы машыны міліцыянта.

«Як раз у той дзень, 4 кастрычніка, у Бабруйску на мірным шэсці былі затрыманыя каля 30 чалавек. Падчас затрыманняў супрацоўнікі міліцыі неабгрунтавана выкарыстоўвалі фізічную сілу ў дачыненні да простых людзей. Я хацеў выказаць свой пратэст супраць гэтага», – тлумачыў Гаўрылаў.

Суд у Бабруску.
Фота: Белсат

Міліцыянт групы затрымання Бабруйскага дэпартаменту аховы Юрый Гардзееў, уласнік пашкоджанага аўтамабіля, казаў, што не мае прэтэнзіяў да абвінавачаных, і нават не патрабаваў кампенсацыі шкоды, хоць мужчыны заплацілі яму сто рублёў. Таксама падкрэсліў, што ў разгонах мітынгаў не ўдзельнічаў. На строгім пакаранні Гардзееў не настойваў.

«Табакерка» стала сімвалам пратэсту»

Мужчыны казалі на судзе, што ў іх не было мэты цалкам знішчаць кіёск. Яны хацелі проста яго пашкодзіць. Адмыслова абіралі кіёск з антывандальных матэрыялаў, падпальвалі ў сырое надвор’е, калі быў моцны туман, каб полымя не перакінулася на сухую траву ці суседнія будынкі.

«Табакерка» стала сімвалам пратэсту, – тлумачыў Аляксандр Назаровіч дзеянні кампаніі. – Раней на прыпынках было шмат кіёскаў прыватнага бізнесу, а потым іх закрылі, і паставілі гэтыя «Табакеркі». Мы захацелі справядлівасці».

Узгаранне было хутка ліквідаванае, пашкоджанне склала каля 600 рублёў. Гэтую суму абвінавачаныя цалкам кампенсавалі. Аднак абвінавачванне сцвярджала, што ў бабруйчан быў намер на знішчэнне кіёска разам з таварам – агулам каля 80 тысяч рублёў, а гэта – замах на знішчэнне маёмасці ў асабліва буйным памеры.

Hавiны
Суд за падпал «Табакеркі»: пракурор патрабуе для абвінавачваных ад 2 да 9 гадоў калоніі
2021.05.28 14:05

У падпале не ўдзельнічаў Аляксандр Гаўрылаў. Але яго абвінавацілі ў неданясенні аб злачынстве. Гаўрылаў не пагадзіўся з абвінавачваннем. Ён прызнаў, што чуў размовы пра магчымы падпал, але яму не былі дакладна вядомыя ні месца, ні дата. Паколькі гэтыя размовы былі ў вечар, калі мужчыны пілі разам піва, ён не ўспрыняў іх усур’ёз, больш за тое, спрабаваў адмовіць сяброў.

«Аліса», што падпаліць?»

Яшчэ на першым паседжанні абвінавачаныя распавялі, што пасля затрымання іх збівалі.

«Білі ў ноч затрымання. Рукамі і дручкамі, бронекамізэлькамі, здзекаваліся гадзіны чатыры, – казаў Аляксандр Мар’ясаў. – Выбівалі паказанні. Цялесныя пашкоджанні задакументаваныя ў лякарні, куды мяне адвезлі пасля збіцця самі ж міліцыянты».

Адвакат Мар’ясава запатрабаваў рэагавання суда на збіццё падабароннага.

«Інакш як бесчалавечнасцю гвалт з боку супрацоўнікаў міліцыі не назавеш, – казаў абаронца. – Я чакаю адпаведных захадаў на гэта з боку суда».

Аб’ектыў
«Не думаю, што яны настолькі пацярпелі маральна», – абвінавачаная ў абразе міліцыянтаў
2021.05.21 22:33

Адвакат Аляксандра Гаўрылава звярнуў увагу суда, што ягонага падабароннага немагчыма судзіць за неданясенне, бо ў яго не было поўнай і дакладнай інфармацыі. Больш за тое, і Назаровіч, Мар’ясаў і Васілевіч да апошняга моманту не ведалі, што і калі будуць падпальваць.

«Як паказалі матэрыялы следства, у прыватнасці, праслухоўванне ў гаражы, хлопцы самі не ведалі, што падпальваць, яны пыталіся ў галасовага памочніка «Яндэкса»« – «Аліса», што падпаліць? – казаў адвакат. – Я таксама не згодны з крымінальным артыкулам за палоскі чырвонага колеру на лайтбоксах. Па-першае, яны былі хутка змытыя і ніякага пашкоджання за сабой не пацягнулі. Па-другое, зайдзіце ў любы ліфт, пад’езд – вы ўбачыце процьму розных надпісаў і малюнкаў. За 24 гады працы адвакатам я не бачыў ніводнай «крыміналкі» за надпісы ў ліфце».

Адвакат Гаўрылава звярнуў увагу на станоўчую характарыстыку свайго падабароннага, падкрэсліў, што Аляксандр мае вышэйшую адукацыю, усё жыццё працуе, выхоўвае дачку 2011 года нараджэння. Няпоўнагадовыя дзеці таксама засталіся дома ў Назаровіча і Васілевіча.

У апошнім слове мужчыны прасілі прабачэння ў бацькоў, выказвалі шкадаванне ў сваіх дзеяннях, прасілі суд не караць іх строга.

Аб’ектыў
«Гэта не суд, а судзілішча». Суды 17 траўня
2021.05.17 22:45

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў