303-ці дзень пратэстаў. «BYPOL» назваў імёны амапаўцаў, Крэмль чакае тлумачэнняў ад Лукашэнкі

Востры палітычны крызіс працягваецца ў Беларусі з 9 жніўня мінулага году. Цяпер рэжым Лукашэнкі губляе не толькі легітымнасць унутры краіны, але і за межамі. Падрабязней у аглядзе «Белсату».

«BYPOL» дэананімізуе амапаўцаў

Арганізацыя былых сілавікоў «BYPOL» зладзіла расследаванне гучных выпадкаў парушэння амапаўцамі заканадаўства. Былыя следчыя назвалі імёны асобаў, якія хавалі свае твары.

Прадстаўнік «ByPol» Матвей Купрэйчык распавёў пра імёны амапаўцаў, якія затрымалі Паўла Севярынца, удзельнікаў разгону маршу жанчын, збіцця Мікіты Домрачава ды іншых выпадкаў гвалту ў Менску.

7 чэрвеня летась невядомы ў цывільным схапілі Паўла Севярынца. Роўна год ён за кратамі. 25 траўня паводле сфабрыкаванай крымінальнай справы, Паўла асудзілі на 7 гадоў турэмнага зняволення.

Былыя сілавікі з «BYPOL» высветлілі, што затрымалі Паўла Севярынца працаўнікі 15 узводу 5-ай аператыўнай роты амап ГУУС Менгарвыканкаму пад кіраўніцтвам маёра міліцыі Максіма Русановіча. Адным з тых, хто прымаў удзел у затрыманні Паўла быў капітан міліцыі Аляксей Іваноў, камандзір 15 узводу 5-ай аператыўнай роты амапу, а таксама старшы сяржант міліцыі Канстанцін Купцэвіч.

«BYPOL» назваў імёны амапаўцаў, якія чынілі бязмежжа і збівалі людзей

Абвінавачванне Марыі Калеснікавай не адпавядае закону

Падчас знаёмства з матэрыяламі крымінальнай справы ў дачыненні да Марыі Калеснікавай, яе абаронцы прыйшлі да высновы, што абвінавачванне не адпавядае заканадаўству. Адвакаты накіравалі на гэты конт скаргу ў Следчы камітэт.

Марыя Калеснікава. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Адвакаты Марыі Калеснікавай звярнулі ўвагу, што абвінавачванне Марыі не адпавядае патрабаванням Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, якія занатаваныя ў п.2 ч.1 арт.241 і арт.89.

«Калі казаць прасцей, то абвінавачванне не канкрэтнае, не змяшчае неабходных, прадугледжаных законам, звестак, што не дазваляе Марыі ажыццяўляць сваю абарону».

Абарона Марыі Калеснікавай абскардзіла прыцягненне яе ў якасці абвінавачанай

Чаму Дзевятоўскія адракліся ад Лукашэнкі

У жніўні 2020 года былы кіраўнік Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі напісаў на сваёй старонцы ў Facebook’у: «Лукашэнка – не мой прэзідэнт!» Тады спартовы функцыянер зазначыў, што допіс ён напісаў на просьбу брата. Рэсурс tribuna высветліў, што стала прычынаю адрачэння спартоўцаў ад Лукашэнкі.

Допіс Вадзіма Дзевятоўскага ў Facebook. Фота: Дзевятоўскі / Facebook

Пазней жа Дзевятоўскі расказаў, што напісаць «адрачэнне» ад Лукашэнкі яго папрасіў браў Алег. Журналісты высветлілі, што браты Дзевятоўскія таксама былі за кратамі. Амапаўцы жорстка затрымалі Вадзіма і Алега і ў аўтазаку адвезлі на Акрэсціна. Там спартоўцы, як і іншыя затрыманыя, зазналі фізічны і маральны гвалт.

Вадзім Дзевятоўскі. Фота: tribuna42

Пасля вызвалення Алег Дзевятоўскі ўчыніў спробу самагубства – перарэзаў сабе жылы, яго шпіталізавалі ў крытычным стане. Што дакладна адбылося з ім на Акрэсціна, невядома.

Узорны дзяржслужбовец Вадзім Дзевятоўскі перажыў сур’ёзны нервовы зрыў, праз які трапіў у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках. Але перад гэтым і напісаў допіс аб адрачэнні ад Лукашэнкі.

З’явіліся падрабязнасці, чаму браты Дзевятоўскія адракліся ад Лукашэнкі

Крэмль патрабуе тлумачэнняў ад Лукашэнкі

Генеральны дырэктар кампаніі «Уралхим» Дзмітрый Мазепін заявіў, што не мае дачынення да фінансавання Telegram-каналу «Nexta». Гэтае абвінавачанне ў «інтэрв’ю» дзяржаўнаму тэлеканалу агучыў затрыманы ў Менскім аэрапорце Раман Пратасевіч. У Крамлі таксама заявілі, што жадаюць ад беларускага боку пачуць дадатковыя тлумачэнні на гэты конт.

«Мазепіна ніхто ні ў чым не абвінавачваў. Прозвішча Мазепін Пратасевіч не называў. Напэўна, ён неяк павінен растлумачыць або беларускі бок павінен растлумачыць, пра каго вядзецца. Наўрад ці тут можна ў кошкі-мышкі гуляць», – заявіў Дзмітрый Пяскоў.

Крэмль чакае тлумачэнняў ад Лукашэнкі аб фінансаванні «Nexta» з Расеі

Лукашэнка больш не ганаровы доктар КНУ

Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі пазбавіў Аляксандра Лукашэнку звання ганаровага доктара навук, паведамляе прэсавая служба ВНУ.

Раней рэктар універсітэту Уладзімір Бугроў заклікаў навуковую раду ВНУ тэрмінова разгледзець пытанне аб пазбаўленні Лукашэнкі статусу ганаровага доктара навук у сувязі з сітуацыяй з прымусовай пасадкай самалёта «Ryanair» у Менску.

Бугроў адзначыў, што падставай для такога рашэння будуць «парушэнне правоў чалавека» і «непавага да дзяржавы Украіны».

Кіеўскі ўніверсітэт пазбавіў Лукашэнку звання ганаровага доктара навук

Амапавец забіў вайскоўца

Увечары 5 чэрвеня ў рэстаране «Пралеска» ў Асіповічах адбылася бойка, падчас якой адзін з удзельнікаў атрымаў сур’ёзныя траўмы і памёр. Як высветліў TUT.by, у бойцы загінуў вайсковы камісар Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў Сяргей Плескі.

Загінулы палкоўнік Сяргей Плескі. Фота: rcity.by

Паводле інфармацыі рэчыцкага парталу, у Асіповічах палкоўнік быў у камандзіроўцы на вайсковых вучэннях. У суботу яны скончыліся, увечары Сяргей Плескі разам з калегамі пайшоў у рэстаран адпачыць.

Як распавёў парталу відавочца, які часткова бачыў падзеі, у «Пралесцы» было дзве кампаніі. Паміж імі адбыўся канфлікт. Што паслужыла прычынай, мужчына не ведае.

«Быў канфлікт у рэстаране. Потым, здаецца, усе супакоіліся, выйшлі на вуліцу. Затым хлопцы зноў нешта не падзялілі. Адзін ударыў другога. Той зваліўся з лесвіцы і стукнуўся аб плітку. Прыехала хуткая. Мужчыну рэанімавалі, але беспаспяхова – ён памёр», – распавядае сведка.

Жыхары Асіповічаў кажуць, што нібыта апазналі хлопца, які нанёс палкоўніку ўдар. З іхных словах, яго завуць Уладзіслаў. Ён з сілавых структураў, меркавана, з АМАПу.

Асіповіцкі раённы аддзел Следчага камітэту распачаў у дачыненні менчука крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу («Прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці»). Вырашаецца пытанне аб ужыванні да яго меры стрымання.

У рэстаране Асіповічаў адбылася бойка паміж двума сілавікамі. Адзін з іх загінуў

 

СК belsat.eu

Hавiны