Жаўнеры РФ пакутуюць без добрага рыштунку і рыхтавання – былы афіцэр расейскага войска


Шмат якія расейскія жаўнеры, у тым ліку з частак спецпрызначэння, вымушаныя самі сабе набываць больш-менш адэкватны рыштунак у камерцыйных крамах, што выклікала жорсткі дэфіцыт, кажа афіцэр войска і Нацыянальнай гвардыі Расеі ў адстаўцы Аляксандр Аруцюнаў.

Былы афіцэр камандаваў выведнымі падраздзяленнямі ў войску, потым працаваў у АМАПе і выйшаў на пенсію ў 2010-х гадах, пасля чаго стаў папулярным блогерам. Ён піша і здымае агляды вайсковага ды турыстычнага рыштунку, зброі, абутку і адзення.

Даведка
Аляксандр Аруцюнаў. Фота з уласнай старонкі ў ВКонтакте

З 24 лютага 2022 года мужчына хоць і не крытыкуе агрэсіі РФ супраць Украіны, але, маючы беспасярэдні кантакт з расейскімі вайскоўцамі, распавядае пра сітуацыю з якасцю штатнага рыштунку войскаў РФ і наяўнасцю патрэбнага экіпавання ў жаўнераў.

Палявая медыцына: украінская лепшая

Аруцюнаў займаецца валанцёрствам – мае сувязь з расейскімі спецпадраздзяленнямі (напрыклад, згадвае 26-ы атрад спецназу ўнутраных войскаў) і дапамагае купляць для іх, напрыклад, медычныя прылады.

Пасля пачатку вайны аказалася, што вайскоўцы РФ не маюць шмат якіх элементаў сучаснага вайсковага экіпавання, праз што валанцёрам, сваякам жаўнераў ці ім самым даводзіцца шмат што купляць.

«Сёння ўсім трэба ўсё – шаломы, плітнікі (чахлы для браняваных плітаў), квадракоптары, боты, падсумкі, паясы, уніформа», – кажа Аруцюнаў у сваім апошнім відэаблогу, прысвечаным тэме найбольш запатрабаванага рыштунку.

Даведка
Індывідуальная аптэчка жаўнера РФ (зверху) і ўкраінскага жаўнера.
Фота: Константин Кузнецов

І найперш гэта датычыць сучасных і якасных медычных прыладаў, якія павінен мець кожны жаўнер.

«Першае, што вам сёння трэба набыць за грошы, – якасны медычны рыштунак… Гэта самы запатрабаваны сёння элемент… Бо бронекамізэлька ў вас ёсць, каска ёсць, аўтамат з нейкім там калгасным прыцэлам ёсць. Нармальнай медыцыны – няма. І «радзіма» яе не дасць, бо яе няма ў «радзімы». Яе проста не існуе. Няма», – адзначае блогер.

Паводле Аруцюнава, украінскае войска цяпер на больш высокім узроўні медычнага забеспячэння кожнага жаўнера. Прычым менавіта якасная медыцына на полі бою найчасцей вызначае, ці дажыве паранены да тылавога шпіталю.

«Ва ўкраінцаў адносна гэтага пытання ўсё даволі нядрэнна, і дакладна лепш, чымся ў нас… У плане медычнага забеспячэння яны змаглі. Мы – не», – піша былы афіцэр.

Прылады, ліхтарыкі, кувалды

Акрамя праблемаў з палявою медыцынай, Аруцюнаў адзначае, што нават дасведчаныя спецыяльныя падраздзяленні, якія рыхтаваліся да дэсанту ў Гастомэлі каля Кіева, не падумалі пра самыя патрэбныя рэчы:

«Ліхтарык на зброю, з якога ўсе смяяліся. Аказалася, што без ліхтарыка нават у светлы дзень праверыць памяшканне немагчыма. Рэч у тым, што ва ўмовах збройнага канфлікту ў гарадскіх агламерацыях прападае электрычнае святло. І ў памяшканнях нават удзень не відаць нічога. І гэта мне распавёў чалавек, які меў адзін уласны ліхтарык на 15 чалавек. Смешна, праўда? Спецназ».

Таксама расейскія спецназаўцы аказаліся без такіх неабходных рэчаў падчас гарадскіх баёў, як кувалды ці іншыя інструменты для ўзлому дзвярэй.

Спаборніцтвы расейскіх спецназаўцаў. Фота Аляксандра Аруцюнава

«Яны ведалі куды ішлі, доўга і свядома рыхтаваліся – тыдзень ці 10 дзён адпрацоўвалі гарадскія ўмовы. Абыход, заход, вуглы, дзверы ад сябе, дзверы на сябе… Усё крута. Аб’ектыўная рэчаіснасць аказалася такою, што ў горадзе, у які вы прыйшлі, зачыненыя дзверы. І куля з аўтамата ў замок дзвярэй не выбівае, і дзверы не адчыняюцца», – распавядае блогер.

«І аглядалі памяшканні паводле прынцыпу: зачынена – значыць, нікога няма. Вы думаеце, я жартую? Не, я перадаю вам словы чалавека, які ў гэтым беспасярэдне браў удзел… Фігня! Мы ж выбʼем дзверы танкам! Але не было танка. Танкі гарэлі каля гораду. Нічога не было. Былі толькі яны з аўтаматамі. І яны не маглі праверыць памяшканняў з адным ліхтарыкам і без прыладаў», – дадае Аруцюнаў.

Скляпенні пад дамамі былі адчыненыя, але іх памер патрабаваў ужо не ліхтарыкаў, а прыладаў начнога бачання. І прыладаў начнога бачання, ад якіх літаральна залежыць выжыванне жаўнераў, таксама не ставала.

Хвароба псеўдаафіцэрства

Аруцюнаў звязвае хібы, якія выкрыла вайна, з нізкай якасцю каманднага складу расейскага войска:

«Ачмурэнная колькасць народу з малымі і вялікімі зоркамі разумела службу як працу. А гэта не праца: ёсць нюансы, і гэтыя нюансы нагадваюць пра сябе. Сёння мы атрымліваем за тое, што вялікая колькасць народу ставілася да службы як да працы. Прыйшоў з раніцы – пасядзеў да вечара. Якія начныя стрэльбы?»

Пры гэтым шмат якія афіцэры не гатовыя прыймаць самастойных пастановаў, праяўляць ініцыятыву і адказваць за свае рашэнні, кажа блогер: «Калі афіцэр можа толькі казаць, маўляў, гэта не мая ідэя, гэта ідэя камандзіра, сёння замест палігона падмятанне, гэта не я прыдумаў, хлопцы, а начальнік штабу… Значыць, ідзі да начальніка штабу і рабі ўсё магчымае, каб вы сёння стралялі, а не падмяталі, інакш навошта ты патрэбны ўвогуле, навошта табе «радзіма» грошы плаціць?»

Ад такіх асобаў як ад афіцэраў няма ніякага сэнсу, яны займаюць чужое месца, дадае Аруцюнаў: «Усе адэкватныя людзі, з якімі я на сувязі, казалі мне: «Саня, мы лічылі, што патрэбная вайна, каб мы зразумелі, у якой мы дупе. І мы жахнуліся ад уласных прагнозаў. Мы гэтага не жадалі. Мы не думалі, што яна пакажа, наколькі вялікі капец».

Hавiны
«Amnesty International» заклікае пакараць кіраўнікоў дзяржаваў, якія ведалі пра ваенныя злачынствы ва Украіне
2022.05.07 13:33

РЛ belsat.eu

Стужка навінаў