«Тварыў незалежнасць». Арцыбіскуп Кандрусевіч падзякаваў Шушкевічу за захаванне правоў чалавека


Каталіцкія іерархі выступілі з прамовамі 7 траўня падчас развітання ў менскім архікатэдральным касцёле з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам. Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».

У Менску развітваюцца са Станіславам Шушкевічам. Фота ад чытачоў «Белсату»

«Жыццё спачылага Станіслава прыпала на перыяд вялікіх пераменаў у нашай Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце. Гэта быў час вялікіх выпрабаванняў і вялікіх надзеяў», – адзначыў дзейны мітрапаліт Менска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі.

У сваю чаргу былы кіраўнік Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падкрэсліў, што менавіта Станіслаў Шушкевіч, які падпісаў Белавежскія пагадненні, «быў творцам дакументу, дзякуючы якому мы атрымалі незалежнасць».

«Сёння мы развітваемся з першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Чалавекам, які стаяў ля вытокаў гэтай незалежнасці і які тварыў гэтую незалежнасць. Ён пакінуў глыбокі след у нашай гісторыі», – сказаў іерарх.

Кандрусевіч таксама падзякаваў Шушкевічу за спрыянне Касцёлу ў вяртанні святыняў і рэлігійную свабоду ў Беларусі.

«Сёння мы дзякуем табе за адкрытасць, за захаванне права на рэлігійную свабоду, якое ёсць адным з галоўных правоў чалавека. Бог стварыў чалавека свабодным», – сказаў Кандрусевіч.

Станіслаў Шушкевіч быў сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук, у 1991–1994 гадах – старшынём Вярхоўнага Савету 12-га склікання і фактычным першым кіраўніком незалежнай Беларусі. Адзін з падпісантаў Белавежскага пагаднення, якое паставіла кропку ў існаванні СССР.

Фота
У Менску развіталіся з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам
2022.05.07 13:33

ПС belsat.eu

Стужка навінаў